25 красавiка 2024, Чацвер, 11:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дразды ў тумане

43
Дразды ў тумане

Пачаўся зваротны адлік.

На парыжскі форум правадыр не паехаў. На першы погляд, недарэчная пастанова. Запрашэнне прыйшло ад прэзідэнта Францыі. І з'ехаліся туды лідары тых краін, якія ўдзельнічалі ў Першай сусветнай. Здавалася б, як можна не паехаць, нават калі там яго ніхто не любіць. Гэта ж не які-небудзь шараговы сход выпадковых чыноўнікаў. Стагоддзе вайны, якая ўзрушыла і раскалола Беларусь.

А вось жа не паехаў. Не зрабіў ласку. Выпусціў такую магчымасць хоць бы прайсціся побач сярод вядомых усім людзей і атрымаць потым эфектную карцінку - ён там, дзе ўсе. Аднак устрымаўся. І ў выніку меў рацыю. Бо на Дразды, як і на ўсю краіну, нахлынуў раптам нябачаны туман. Дзіўны і вельмі падазроны. І хто б у такіх жа абставінах мог бесклапотна пакінуць дом і прысядзібны надзел без асабістага нагляду?

Гэтая зямля небяспечная. У восеньскія ночы і дні, калі кладзецца раптам густы туман, тут здарыцца можа ўсялякае. І ахова наўрад ці ў чымсьці будзе вінаватая. Проста бачнасць у такія моманты мінімальная. Асаблівая ўвага надаецца параметрам вонкавым. А таму нават пустыннае поле, у якім купка жвавых дзяўчат яшчэ не так даўно прыбірала нечуваны ўраджай высокапастаўленай бульбы, ніякіх трывог у той дзень не выклікала. Аднак непрадказальнае здарылася менавіта там.

Нахлынуў туман, і ў ім абазначыўся раптам быццам бы згустак нейкай невыразнай цемры. Нічога звышнатуральнага. Хутчэй нават нешта да крайнасці паўсядзённае. І ў той жа час паводле нейкіх прыкмет - значнае. Быццам бы як прэзідэнт далёкай постсавецкай краіны папросту зазірнуў пазычыць запасныя матузкі для бясконца ўлюбёных чаравікаў тутэйшай фірмы «Marco», якім, як яго калісьці пераконвалі, няма зносу.

Прымаць надзвычайныя меры было бессэнсоўна. Тым больш, што проста са спачывальні, у шлапаках на босую нагу, да нечаканага госця паспяшаўся аб'ект асаблівай аховы. Але ўжо было зразумела, што госць не той і гэта кантакты зусім іншага кшталту. На імгненне паказаліся ўсяму свету вядомыя вусы. Выразна і жудасна.

Аднак наляцеў вецер, развеяў туман. А разам з ім знікла і невытлумачальнае бачанне. Засталася толькі яшчэ адна таямніца, не зафіксаваная ў службовых паведамленнях. Нічога незвычайнага. Увосень, пры раптоўным збегу абставін і пэўным размяшчэнні планет бывае і не такое.

Восень - пара ілюзій. Часам да крайнасці небяспечных. Вось правезлі надоечы галоўнымі вуліцамі туманнага Менска картэж уплывовых еўрапейскіх палітыкаў - асноўную групу Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы. З помпай, з ветрыкам. Тым жа маршрутам прамчаліся, хто раней, хто пазней, намеснік дзяржсакратара ЗША ў пытаннях Еўропы і Еўразіі Уэс Мітчэл ды іншыя высокія госці з заходніх краін. І гэта толькі пачатак вялікай задумы. Дыктатар, быццам бы апошні ў Еўропе, зноў стаў у модзе. Ёсць у гэтым неспадзяваным павароце нейкая занадта відавочная няёмкасць. А таму ўсе імкнуцца запрыкмеціць хоць бы прыкмету перамен. Зразумела, да лепшага.

Не можа такога быць, каб час ішоў, а нічога тут не змянялася. Трэба проста набрацца трывання. Пачакаць. Усё перамелецца. У часу – свае жорны. І наўрад ці госці раптам забыліся ўсе, што ведалі раней пра тутэйшы рэжым. І еўрапейцы, і амерыканцы з нагоды таго, хто ёсць хто ў гэтай краіне, і якія манеры ў тутэйшага рэжыму, ведаюць даўно.

Аднак супрацьстаянне ў гэтым свеце ўжо дасягнула небяспечнай мяжы. І які-небудзь чарговы крызіс, накшталт даўно забытага кубінскага, можа выклікаць адкрыты канфлікт. А тут яшчэ абвастраецца да крайнасці пытанне аб магчымым размяшчэнні расейскай вайсковай базы ў Беларусі. А ў такой сітуацыі ў партнёры для перамоў пасуе кожны, нават сам Гаўрыла Прынцып.

І правадыр не сумняваецца, што пры такіх умовах мяч застаецца на яго баку. Куражыцца. Выбудоўвае непрымальныя схемы. Не едзе на парыжскі форум, дзе збіраюцца лідары многіх дзяржаў не толькі для таго, каб ушанаваць памяць загінулых на Першай сусветнай, але і паспрабаваць спыніць занадта відавочнае набліжэнне цалкам магчымай катастрофы. І спрабуе справакаваць новую гульню з Захадам.

Дык ці будзе тут база расейскіх войскаў? Ці дацісне яго Пуцін? Ці ўсё ж краіна знойдзе ў сабе сілы супрацьстаяць імперскай экспансіі? Усе чакаюць адказу. І тэлевізія ўжо разносіць яго быццам бы недвухсэнсоўнае выказванне з гэтай нагоды: «На сённяшні дзень я нават не бачу нейкай неабходнасці ў прыцягненні іншай дзяржавы на тэрыторыю Беларусі, у тым ліку Расеі, для выканання нашых функцый. Вось чаму мы катэгарычна супраць размяшчэння». Здавалася б, доўгачаканы адказ атрыманы.

Але ён тут жа стварае мудрагелістую канструкцыю, пасля абвяшчэння якой застаецца толькі пачуццё поўнай безнадзейнасці. Цытату давядзецца пачаць здалёк, з ягонай папярэдняй фразы, бо ўсё ў гэтай сентэнцыі пагружаныя ў той жа драздоўскі туман. «Вось чаму мы катэгарычна супраць размяшчэння, тым больш, базы вайсковых паветраных сіл. Час падлёту кожнага самалёта з тэрыторыі Расеі 3-5 хвілін. Навошта тады тут база?»

Нейкі да крайнасці дзіўны аргумент. Уся справа, высвятляецца ў хуткасці падлёту. А суверэнітэт краіны нават і не згадваецца. Пасля такіх довадаў ці змогуць нашы суседзі спаць спакойна? А калі яшчэ ўспомніць раптоўную пасадку расейскіх вайсковых самалётаў на аэрадроме пад Бабруйскам, бесперапынныя вучэнні пскоўскіх і іншых дэсантнікаў на Берасцейскім палігоне і мноства іншых такіх фактаў, ад новай рэдакцыі заходняга міфа пра тутэйшага міратворцу не застанецца нават і следу.

А новых прыхільнікаў старога дыктатара, якія на ўсялякі выпадак надумалі яшчэ раз выпрабаваць вядомыя ўсім граблі, чакае ўсё той жа канфуз. Спроба ператварэння хаўрусніка Пуціна ў абаронцу еўрапейскіх каштоўнасцяў двухсэнсоўная і бесперспектыўная. Пройдзе зусім няшмат часу, і нават безаглядныя аптымісты зразумеюць, як усім пашанцавала, што ён на парыжскі форум не паехаў. У дыктатараў свае ўрачыстасці і каштоўнасці асаблівыя.

Шкада толькі тых, хто так шчыра быў зачараваны тутэйшым зыбкім туманам і невытлумачальнай цішынёй. Здавалася нават, што ўсё тут ужо даўно замёрла, застыла. Але гэта звычайныя ілюзіі краіны ў тумане. За якім рэжымам тут быў прыкметны хоць бы пробліск надзеі? Тры гады пасля раскідання Саюза вынесем за дужкі. І ў выніку – усё тая ж тупая сіла, усё тыя ж усюдыісныя спецслужбы, цурбаны ва ўніформе, аўтазакі і нават танкі. А непрабіўны мур ранейшага рэжыму абрынуўся ў адно імгненне.

Усё ідзе і цяпер як быццам сваім парадкам. Без крутых паваротаў. Без перамен. Быццам бы з гэтай краінай усё зразумела. І няма чаго чакаць. Але у часу свае законы. Калі безвыходнасць дасягае мяжы, гэта часцей за ўсё азначае, што пік адчаю пройдзены.

І пачаўся зваротны адлік.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках