ДАІ будзе масава эвакуяваць прыпаркаваныя з парушэннем ПДР аўто
8- 14.11.2018, 21:53
- 15,443
З 15 лістапада ДАІ пачне працу ў эвакуацыі аўто, якія перашкаджаюць уборцы вуліц.
У мэтах садзейнічання камунальным службам ва ўборцы вулічна-дарожнай сеткі няправільна прыпаркаваныя аўтамабілі будуць эвакуяваныя на штрафстаянку. Пра гэта паведамілі ў ДАІ ГУУС Менгарвыканкама.
- У сувязі са змяненнем умоў надвор'я, а таксама для прафілактыкі і спынення парушэнняў правілаў прыпынку і стаянкі з 15 лістапада групы эвакуатараў будуць ажыццяўляць прымусовую адбуксіроўку аўтамабіляў, якія прыпаркаваныя з парушэннем ПДР, - распавялі ў ДАІ.
Эвакуяваныя аўтамабілі будуць дастаўленыя на ахоўную стаянку.
Нагадаем, штраф за няправільную паркоўку складае 1 базавую велічыню (24,5 рубля). Калі парушэнне ўчыненае паўторна на працягу года, то давядзецца выкласці ўжо 2 базавыя (49 рублёў). Парушэнне правілаў паркоўкі на грузавым аўтамабілі абыдзецца яшчэ даражэй - на першы раз 5, а на другі 10 базавых велічынь (122,5 рубля і 245 рублёў адпаведна).