4 траўня 2024, Субота, 16:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы змогуць убачыць самы магутны зарапад за год

Беларусы змогуць убачыць самы магутны зарапад за год

Метэарытныя дажджы Леаніды дасягнуць свайго піку ў ноч з суботы на нядзелю.

Цёмны аксаміт начнога неба, а на ім - россыпы зыркіх знічак. Вось такое захапляльнае відовішча чакае на гэтым тыдні аматараў паназіраць за зорным небасхілам у краінах Паўночнай і Цэнтральнай і Усходняй Еўропы - калі, вядома, надвор'е будзе яснае і неба не заслоняць аблокі. Лістапад - пара метэарытных дажджоў пад назвай Леаніды. Гэта адзін з самых уражлівых заркападаў за год. У тых раёнах Нямеччыны, дзе воблачнасці не было, яго ўбачылі ўжо мінулай ноччу, піша "Нямецкая хваля".

Леаніды на маршы

Праўда, гэтым разам зорны дождж будзе не надта моцным: паводле прагнозаў нямецкіх астраномаў, колькасць знічак складзе не больш за дзесяць-пятнаццаць на гадзіну. Любавацца зорнай плынню лепш за горадам, дзе няма ліхтароў, зіхатлівых вокнаў дамоў і святла ад аўто. Асабліва добра метэарытны дождж бачны за некалькі гадзін да світання пры сходзе месяца. І не забудзьцеся загадаць жаданне!

Сваю назву метэорная плынь Леаніды атрымала таму, што знічкі як быццам ляцяць з сузор'я Льва (па латыні - Leo). Прынамсі, такое ўражанне складваецца ў тых, хто знаходзіцца на Зямлі.

Цудоўнае відовішча ўзнікае перад нашымі вачамі тады, калі Зямля праходзіць праз шлейф касмічнага пылу. Нам здаецца, што з неба амаль бесперапынна падаюць зоркі. У атмасферу Зямлі ўрываюцца, вядома, зусім не зоркі, а мініяцюрныя метэоры, якія цалкам згараюць у палёце, успыхваючы і свецячыся пры гэтым. Асаблівая яркасць і хуткасць адрознівае Леаніды: гэтыя метэоры здольныя разганяцца да 70 кіламетраў на секунду.

Падсілкаваць сябе энергіяй Льва

Леаніды ўтвараюцца з пылу, пакінутага шлейфам каметы Тэмпеля - Тутля, якая была знойдзена ў 1865 годзе. Гэтая камета мае ярка выяўленую перыядычнасць: да Сонца яна набліжаецца кожныя 33 гады. Менавіта ў такія перыяды плынь метэораў дасягае апагею сваёй актыўнасці: можна назіраць не дзясяткі, а сотні, а то і тысячы метэораў на гадзіну!

Самы ўражлівы метэорны дождж назіраўся ў лістападзе 1833 года ў ЗША над штатам Алабама. Відавочцы параўноўвалі яго з завеяй знічак, якія сыпаліся на Зямлю так густа, як сняжынкі падчас моцнага снегападу.

Апошні раз магутны метэорны дождж быў зарэгістраваны ў 1966 годзе. Паводле інтэнсіўнасці ён параўнальны з Леанідамі 1833 года. Падчас гэтага зарападу кожную гадзіну ў небе з'яўлялася да 150 тысяч метэораў! Апошні раз камета Тэмпеля - Тутля падыходзіла да Сонца ў 1998 годзе. Наступны раз прыпадзе на 2031 год.

Між іншым, паколькі Леў лічыцца вельмі адоранай натурай, ёсць сцвярджэнні, што Леаніды, якія праходзяць пад уплывам гэтага задыякальнага знака, даюць назіральнікам магутны зарад творчай энэргіі. Так што не здзіўляйцеся, калі, налюбаваўшыся дзеяй на нябёсах, вы раптам пачняце складаць вершы або адкрыеце ў сабе іншыя здольнасці і таленты.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках