Байкот Давоса ўдарыць па расейскіх бізнэсоўцах
3- 14.11.2018, 11:28
- 10,366
Расейскі бізнэс пазбавіцца міжнароднай падтрымкі.
Са спісу партнёраў форуму ў Давосе пачалі знікаць расейскія кампаніі, піша ВВС са спасылкай на выданне The Bell.
Афіцыйныя расейскія ўлады могуць адмовіцца ад удзелу ў Сусветным эканамічным форуме, нагадвае выданне: прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў паабяцаў абвясціць байкот самому форуму праз адмову ў запрашэнні расейскім мільярдэрам, якія трапілі пад санкцыі.
Калі Віктару Вексельбэргу, Алегу Дзерыпаску і Андрэя Косціну будзе адмоўлена ў запрашэнні на СЭФ, расейскія чыноўнікі і кампаніі з дзяржаўным удзелам адмовяцца ад удзелу ў Давосе, заявіў Мядзведзеў. Калі байкот застанецца ў дзеянні, форум 2019 года стане першым у гісторыі Давоса без Расеі.
ВТБ, "Рэнова" і "Лабараторыя Касперскага" зніклі са спісу партнёраў форуму, праўда пакуль да канца незразумела, з чыёй ініцыятывы гэта адбылося. Форум можа пазбавіцца іх спонсарскіх грошай. Як распавялі The Bell два чалавекі, якія стала ўдзельнічаюць у СЭФ, ВТБ быў стратэгічным партнёрам Давоса.
Партнёрства магло каштаваць банку мінімум 1 млн швайцарскіх франкаў (990 тысяч даляраў). Ці застаўся ВТБ у ліку партнёраў СЭФ, высветліць не ўдалося, але нашы крыніцы мяркуюць, што адмова ва ўдзеле кіраўніку банка Андрэю Косціну магла паўплываць на партнёрскія стасункі.
У спісах партнёраў няма і "Рэновы" Віктара Вексельбэрга, а таксама "Лабараторыі Касперскага", якую называлі ў ліку магчымых мішэняў для новых амерыканскіх санкцый. У мінулым годзе абедзве структуры згадваліся ў ліку партнёраў форуму, а цяпер іх у гэтым спісе ўжо няма.
Са слоў крыніцы, блізкай да кампаніі, "Лабараторыя" ужо адчула на сабе змяненне стаўлення да расейцаў: прадстаўнікоў кампаніі, да прыкладу, не запрасілі ў якасці ўдзельнікаў ні на адну з сесій, і не паклікалі ў склад чальцоў новай арганізацыі ў кібербяспецы, якая задумвалася пры непасрэдным удзеле кампаніі. Аднак, сярод партнёраў форуму яшчэ застаюцца расейскія кампаніі.
У Крамлі ўпэўненыя, што адпрэчваючы расейскіх бізнэсоўцаў "форум сячэ свой падмурак". Зрэшты, і для расейцаў страты будуць істотныя, раней казаў заснавальнік кампаніі "Вім-Біль-Дан" Давід Якабашвілі. На ягоную думку, форум даваў выдатную магчымасць, каб нефармальна абмяркоўваць справы і дамаўляцца нават наконт санкцый. Цяпер жа магчымасці пагутарыць з людзьмі, якія будуць вызначаць лёс расейскіх бізнэсоўцаў, у апошніх не будзе.