26 красавiка 2024, Пятніца, 10:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ізраіль і ХАМАС другі дзень абменьваюцца ракетнымі ўдарамі

Ізраіль і ХАМАС другі дзень абменьваюцца ракетнымі ўдарамі
РАКЕТНЫ ЎДАР ПА ГАЗЕ
ФОТА: REUTERS/AHMED ZAKOT

Гэта самае сур'ёзнае супрацьстаянне за чатыры гады.

Палесцінскі рух ХАМАС у адказ на забойства аднаго са сваіх камандзіраў выпусціў па Ізраілю сотні ракет, некаторыя з якіх патрапілі ў грамадзянскія аб'екты. Войска Ізраіля ў адказ нанесла ўдары па 70 аб'ектах на палесцінскай тэрыторыі. Абвастрэнне канфлікту называюць самым сур'ёзным з 2014 года, паведамляе тэлеканал «Дождь».

«Аперацыя не ўдалася»

Новы ўсплёск гвалту пачаўся пасля таго, як 11 лістапада Ізраіль правёў спецаперацыю ў Газе. Яе мэтай быў адзін з лідараў баявога крыла ХАМАС, 37-гадовы Нурэддзін Салям Барак. Падчас аперацыі, апроч яго, загінулі яшчэ шасцёра палесцінцаў і адзін ізраільскі вайсковец.

Такая аперацыя спецслужбаў Ізраіля - рэдкасць, распавёў ВВС былы ізраільскі генерал. «Інцыдэнт, імаверна, быў аперацыяй у зборы выведзвестак, якая пайшла не па плане», - піша выданне.

Пра тое, што аперацыя «пайшла не па плану», піша і New York Times: байцы ХАМАС заўважылі супрацоўнікаў ізраільскіх спецслужбаў, паміж імі пачалася перастрэлка, і ізраільскія вайскоўцы аддалі загад пачаць ракетныя ўдары, каб прыкрыць адыход спецназаўцаў. Такія місіі, як правіла, патрэбныя для ўстаноўкі абсталявання для сачэння і не ўважаюцца за рызыкоўныя з пункту гледжання выкрыцця, піша газета са спасылкай на былога ізраільскага камандзіра. Аднак такія аперацыі настолькі важныя, што зацвярджае іх асабіста прэм'ер-міністр.

Прэс-сакратар ХАМАС Фаўзі Бархум назваў аперацыю «баязлівым ізраільскім нападам». Пры гэтым у твітэры ўзброеных сіл Ізраіля гаворыцца, што яна «была накіраваная не на забойства або выкраданне тэрарыстаў, а на ўмацаванне бяспекі Ізраіля».

Адказ ХАМАС

12 лістапада з тэрыторыі сектара Газа па Ізраілю былі выпушчаныя блізу трохсот ракет. Яны запускаліся цягам некалькіх гадзін з хуткасцю «больш за адну ракету за хвіліну». У прымежных з Газай раёнах уключылі сігналы паветранай трывогі і закрылі ўсе школы. Мясцовых жыхароў прасілі трымацца бліжэй да ўкрыццяў, але пазней гэта папярэджанне скасавалі.

Ізраіль у адказ нанёс ракетныя ўдары прыкладна па 70 цэлях у Газе, у тым ліку складах са зброяй і тэлеканалу «Аль-Акса», што належыць ХАМАС. Супрацоўнікі рэдакцыі паспелі эвакуявацца. Ізраільскія вайскоўцы заявілі, што нанеслі ўдар па тэлеканале, бо ён «наўпрост заклікае да тэрарыстычнай дзейнасці супраць Ізраіля і дае рэкамендацыі». Авіяўдары таксама разбурылі офіс радыёстанцыі «Аль-Акса» і гатэль «Аль-Амал», дзе размяшчалася штаб-кватэра ХАМАС.

Ракетныя і мінамётныя абстрэлы тэрыторыі Ізраіля, піша The Times of Israel, прадаўжаліся і ў аўторак раніцай.

Паводле звестак палесцінскай арганізацыі «Чырвоны паўмесяц», у сектары Газа ў выніку ракетных удараў былі забітыя тры чалавекі, яшчэ некалькі атрымалі раненні. «Аль-Джазіра» са спасылкай на неназваныя крыніцы паведамляе, што загінулых як мінімум пяцёра. На тэрыторыі Ізраіля, як піша ВВС, загінуў адзін чалавек; паводле непацверджаных звестак мясцовых СМІ, гэта палесцінец з Заходняга берага ракі Ярдан. Амаль 70 чалавек, паводле звестак уладаў Ізраіля, атрымалі раненні.

Рух ХАМАС («Ісламскі рух супраціву») перамог на выбарах у Палесціне ў 2006 годзе. Ён не прызнае права на існаванне дзяржавы Ізраіль і выступае за гвалт супраць яго. Ізраіль захоўвае блакаду Газы, каб, на заявы ўладаў, спыніць напады баевікоў.

Ракетныя абстрэлы з Газы і Ізраіля адбываюцца рэгулярна, але, як адзначае ВВС, цяперашняе абвастрэнне адбылося пасля відавочнага прагрэсу ва ўрэгуляванні канфлікту.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках