20 красавiка 2024, Субота, 10:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Магілёўскі журналіст: Тое, што я раблю нязручныя для ўладаў матэрыялы - праблема саміх уладаў

1
Магілёўскі журналіст: Тое, што я раблю нязручныя для ўладаў матэрыялы - праблема саміх уладаў
АЛЯКСАНДР БУРАКОЎ
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

На Аляксандра Буракова хочуць завесці крымінальную справу праз сувязі з праваабарончым цэнтрам «Вясна».

Оперупаўнаважаны аддзела ў барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Кастрычніцкага РАУС, старшы лейтэнант Павел Кот 8 лістапада паведаміў журналісту і праваабаронцу Аляксандру Буракову, што ў дачыненні да яго вядзецца праверка па факце дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі, піша магілёўская «Весна».

- Мы з ім сустрэліся ў цэнтры горада, бо я не хацеў ехаць у РАУС. Кот распавёў, што ён правярае мяне, ці з'яўляюся я актывістам праваабарончага цэнтру «Вясна». Ён ведае, што я пішу матэрыялы для сайта аб правах чалавека mspring.online і ведае, што сайт звязаны з «Вясной». Ад мяне ён папрасіў даць пісьмовыя тлумачэнні. Я ветліва адмовіўся, скарыстаўшыся арт.27 Канстытуцыі Беларусі, - кажа Буракоў.

Са слоў журналіста, гэта ўжо другая праверка ў дачыненні да яго. У верасні ўсё той жа старэйшы лейтэнант Павел Кот разглядаў заяву кіраўніцтва заводу «Омск Карбон», якія прасілі прыцягнуць да крымінальнай адказнасці аўтараў mspring.online за матэрыялы аб іх фабрыцы.

- Кот сказаў, што тую праверку ён скончыў і крымінальная справа не ўзбуджалася. Цяпер вось другая. Прычым калі наконт «Омск Карбона» праверку пачалі на заяву кіраўнікоў завода, то цяпер праверку пачаў ужо сам оперупаўнаважаны Кот, - сказаў Буракоў.

Як распавёў журналіст, праверка пачалася яшчэ 8 кастрычніка - гэтую дату ён бачыў у рапарце, які яму паказаў супрацоўнік міліцыі.

- За гэты месяц, што ідзе праверка, Кот узяў тлумачэнні ў трох чалавек, якія былі звязаныя з матэрыяламі на mspring.online. Па-першае, гэта старшыня «Моладзевага парламента» Яраслаў Грыгор'еў, з якім я рабіў інтэрв'ю як з самым маладым кандыдатам у «дэпутаты» на мінулых «выбарах». Гэта Ігар Сідараў з страйкбольнага клуба, з якім мы таксама размаўлялі. І яшчэ камендант інтэрната, у якім я рабіў рэпартаж пра перасяленне сям'і ў жудасныя ўмовы, - пералічыў Буракоў.

Ён не бачыць сэнсу ўтойваць, што піша матэрыялы для праваабарончага цэнтра «Вясна»:

- Я нічога супрацьзаконнага не раблю. Тое, што я раблю матэрыялы, нязручныя ўладам - гэта праблема саміх уладаў.

Буракоў сказаў, што Павел Кот параіў яму пакінуць журналісцкую і праваабарончую дзейнасць, а таксама намякнуў, што яны яшчэ абавязкова сустрэнуцца.

- Я думаю, што ўся праверка і пагроза крымінальнай справай - гэта ўсяго толькі спроба прыстрашыць. Артыкул, які мне спрабуюць прышыць, не працуе ўжо гадоў дзесяць. Мне нават цікава паглядзець, як міліцыя будзе выблытвацца, - кажа журналіст.

Артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса РБ «Незаконныя арганізацыя дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонду альбо ўдзел у іх дзейнасці» быў уведзены ў нулявыя гады для барацьбы з апазіцыйнымі аб'яднаннямі. У свой час, паводле яго былі прыцягнуты да адказнасці дзясяткі людзей - яны атрымлівалі вялікія тэрміны ў калоніях.

Санкцыя паводле гэтага артыкула - штраф, або арышт, або пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» ўжо выказаў пратэст супраць пераследу свайго журналіста і праваабаронцы.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках