29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітвязень Міхаіл Жамчужны не пакідае сцен штрафнога ізалятара

Палітвязень Міхаіл Жамчужны не пакідае сцен штрафнога ізалятара
МІХАІЛ ЖАМЧУЖНЫ
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Гэта моцна ўплывае на ягонае здароўе.

Палітвязень Міхаіл Жамчужны пасля выхаду з памяшкання камернага тыпу (ПКТ), куды яго змясцілі на месяц за «шматлікія парушэнні рэжыму», прадаўжае атрымліваць спагнанні ад адміністрацыі папраўчай калоніі №9, што ў Горках, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

У дзень выхаду з ПКТ 20 кастрычніка за адмову ісці ў атрад ён атрымаў 9 дзён штрафнога ізалятара, пасля выхаду з ШІЗА зноў атрымаў 9 дзён, затым адразу 8 дзён. Зноў жа за адмову ісці ў атрад. Такім чынам, палітвязень практычна не пакідае сцены штрафнога ізалятара, што моцна ўплывае на ягонае здароўе.

Нагадаем, праблемы ў Міхаіла Жамчужнага пачаліся пасля ягонага пераводу ў Горацкую калонію, дзе з дазволу адміністрацыі для яго былі створаныя невыносныя па сваёй жорсткасці і зневажальным характары ўмовы для адбыцця пакарання, арганізаваная кампанія яго цкавання, звязаная з устанаўленнем у асяроддзі зняволеных нефармальных дачыненняў.

Акрамя гэтага, яшчэ ў ПКТ ён быў пазбаўлены кароткатэрміновага спаткання за адмову ад прыборкі камеры.

Як стала вядома праваабаронцам, з прыходам новага начальніка калоніі, у жыцці Міхаіла Жамчужнага нічога істотна не змянілася: спагнанні выносяцца, як і раней, аднак менш праблем стала з напісаннем тлумачэнняў аб вынесеных спагнаннях, з ім праводзяцца асабістыя гутаркі, даюць распісвацца ў дакументах.

На падлікі Жамчужнага, за каляндарны год, з 1 кастрычніка 2017 года да кастрычніка 2018- га, ён адбыў у ШІЗА 270 дзён. Як бачна, гэтая практыка прадаўжаецца і цяпер, пасля выхаду палітвязня з памяшкання камернага тыпу.

Заснавальнік «Платформы Інавэйшн» Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом да 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія ў крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне - шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных арт.376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт.16, арт.375 (частка 1) і арт.431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалашэння звестак, якія ўяўляюць службовую тайну; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку - паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна. Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках