25 красавiка 2024, Чацвер, 5:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Кітайцаў выгналі, а яны забралі кампутарны мозг»

32
«Кітайцаў выгналі, а яны забралі кампутарны мозг»
АРХІЎНЫЯ ФОТА «РАДЫЁ СВАБОДА»

Спыніўся завод беленай цэлюлозы ў Светлагорску.

Запуск новага завода беленай цэлюлозы ў Светлагорску прадказвалі на 2015 год, затым на 2017-ы. Цяпер канец 2018 га - і на заводзе спынены вытворчы працэс, паведамляе «Салідарнасць» са спасылкай на naviny.by.

Будавала завод кітайская карпарацыя САМСЕ.

- Кітайцаў з заводу выгналі, а яны забралі кампутарны «мозг», які фактычна кіраваў тэхналагічным працэсам. А потым нашы выгналі ўсіх кітайцаў. Што будзе далей - незразумела, - распавяла крыніца, знаёмая з сітуацыяй на заводзе.

Як паведаміла прэс-сакратарка канцэрна «Беллеспаперапрам» Ружэна Навіцкая, «цяпер вытворчасць на прадпрыемстве прыпыненая. Неабходныя тэхнічныя дапрацоўкі».

Ініцыятыўная група ў маніторынгу сітуацыі вакол завода беленай цэлюлозы ў Светлагорску ў кастрычніку атрымала адказ на калектыўны зварот у Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, піша tut.by.

З адказу вынікае, што «смуродныя пахі», ад якіх пакутуюць жыхары райцэнтра і навакольных вёсак, не прадугледжаныя праектам завода. Праектная дакументацыя, якая прайшла дзяржаўную экалагічную экспэртызу, вызначала, што ўсе такія пахі (метылмеркаптан і іншыя) павінны абясшкоджвацца і не трапляць у атмасфернае паветра. Праектам не былі ўстаноўленыя аб'ёмы выкідаў метылмеркаптанаў, а таксама не планаваўся кантроль гэтых выкідаў.

Пасля пробнага пуску завода ў лістападзе 2017 года вёску Якімава Слабада і горад Светлагорск «накрыла» смуродам. Разам з тым, кіраўніцтва завода сцвярджала, што нарматывы не парушаныя, газы нізкай канцэнтрацыі не шкодныя для здароўя. Толькі пасля ціску грамадскасці кіраўніцтва прызнала, што ў атмасфернае паветра трапляюць метылмеркаптаны.

У сваім адказе Мінпрыроды паказвае, што праектная дакументацыя, якую адкарэктавалі з улікам выкідаў метылмеркаптанаў, пройдзе новую экалагічную экспэртызу. Ступень уздзеяння завода на навакольнае асяроддзе з улікам выкідаў будзе ацэненая паўторна. Мінпрыроды і Светлагорскі ЦКК закупляюць адпаведнае абсталяванне і распрацоўваюць методыкі вымярэння выкідаў шкодных рэчываў.

Яшчэ да пачатку будаўніцтва завода былі сабраныя больш за 10 тысяч подпісаў супраць новай вытворчасці. Але будаўніцтва з прыцягненнем звязанага кітайскага крэдыту было распачатае. Запусціць завод планавалася ў 2015 годзе, затым пуск быў перанесены на 2017 год.

У жніўні Светлагорскі ЦКК прыступіў да адгрузкі сульфатнай беленай цэлюлозы на экспарт. Першая партыя новай прадукцыі (220 тон) была адгружаная 23 жніўня ў адрас сусветнага трэйдэра - кампаніі «Экман». Цэлюлоза загружаная ў 10 марскіх кантэйнераў, якія аўтатранспартам дастаўленыя ў порт Клайпеды і далей адпраўленыя ў Кітай. З выхадам на праектныя магутнасці завод будзе вырабляць 400 тысяч тон цэлюлозы на год, з іх 300 тысяч тон плануецца экспартаваць.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках