20 красавiка 2024, Субота, 3:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Дармаеды ўсіх краін, яднайцеся!

81
Зміцер Бандарэнка: Дармаеды ўсіх краін, яднайцеся!
ФОТА: INTERNATIONAL EXPERIENCE CLUB

Каб засцерагчы свае сем'і, трэба катэгарычна адмаўляцца даваць звесткі аб месцы працы за мяжой.

Базу звестак «не занятых у эканоміцы» створаць да 1 снежня, а з 1 студзеня «дармаедам» пачнуць налічваць 100%-ю аплату за «камуналку».

Пры гэтым беларусы, якія працуюць або вучацца за мяжой, у спісы дармаедаў трапляюць аўтаматычна.

Чым выклікана такая пільная ўвага ўладаў да гэтай катэгорыі насельніцтва? І што напраўду стаіць за прыняццем дэкрэта №1 і стварэннем базы «дармаедаў»?

На пытанні Charter97.org адказвае каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка:

- Прычына дзеянняў уладаў зразумелая: у краіне проста няма грошай. Адно толькі абслугоўванне валавай запазычанасці краіны - гэта блізу 15% ВУП.

У рэжыму не стае грошай на выплату пенсій, у многіх месцах адбываюцца затрымкі з заробкамі. Таму ўлады ўсяляк круцяцца, каб гэтыя сродкі неяк адшукаць.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі павінна быць 5 мільёнаў 700 тысяч працоўных грамадзян. Напраўду працоўных, якія плацяць падаткі, на сёння налічваецца 4 мільёны 300 тысяч. Гэта значыць, блізу 1,4 мільёна грамадзян не плацяць падаткі ў Рэспубліцы Беларусь.

Большая частка гэтых людзей працуе, а можа быць, жыве і працуе за мяжой. Працоўныя мігранты ўтрымліваюць свае сем'і, займаючыся часта рызыкоўнымі працамі, асабліва ў Расеі. І, як мінімум, 1,5 мільярда даляраў - а можа, і больш - гэтыя людзі прывозяць у Беларусь. Але дурная ўлада гэтага не разумее і хоча дадаткова «злупіць» з гэтых людзей.

Нарэшце, у Беларусі існуе некалькі сотняў тысяч беспрацоўных, якія нейкім чынам выжываюць, знаходзячыся ў «шэрай эканоміцы», якая, як і ў кожнай краіне, складае пэўны адсотак ВУП. Ёсць катэгорыі людзей, якія займаюцца перыядычнымі заробкамі, а таксама тыя, хто выжывае за кошт пенсій сваіх бацькоў, лецішчаў, памежнага гандлю, які ўсё больш і больш абмяжоўваюць. Так выглядае сітуацыя на фоне якой уводзяць у дзеянне дэкрэт №1.

- Паводле задумы ўладаў, беларусы, якія працуюць або вучацца за мяжой, павінны да 21 студзеня перадаць у камісіі натарыяльна завераныя пераклады сваіх працоўных кантрактаў або іншых дакументаў, якія пацвярджаюць наяўнасць даходаў. Гэтага не было ў папярэдняй рэдакцыі дэкрэта аб «дармаедах». Навошта ўлады пайшлі на такі крок?

- Гэта пытанне дваякае.

Першая мэта ўладаў - гэта кантраляваць усіх беларусаў. І праз тых, хто працуе за мяжой, мець магчымасць ціснуць на тых, хто жыве і працуе ўнутры краіны. Адначасова - праз «закладнікаў», якія засталіся ў Беларусі, можна ціснуць на людзей, якія працуюць за мяжой.

Я асабіста ніколі не паверу, што Лукашэнка і беларускія ўлады раптам устурбаваліся маральным абліччам беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой. Маўляў, беларус абавязаны працаваць у кожнай краіне, і дзяржава адказвае за яго, каб ён не быў «дармаедам» у Амерыцы, Польшчы, Расеі, Францыі, Швэцыі, Нарвэгіі. Маўляў, ён павінен пацвердзіць сваёй дзяржаве, што і там працуе, а не лынды б’е.

Напраўду, за гэтым стаіць супольная распрацоўка беларускіх і расейскіх спецслужбаў для стварэння базы звестак людзей з пазначэннем іх дакладнага месца працы за мяжой. Базы, якая павінна яшчэ і рэгулярна, раз на квартал, абнаўляцца. Тут няма такога, каб адзін раз атрымаць даведку - і ўсё.

На падставе гэтай базы звестак спецслужбы Беларусі - а КДБ працуе супольна з ФСБ Расеі - будуць мець магчымасць фармаваць агентурную сетку за мяжой. Таму што, калі людзі будуць даваць звесткі з месца працы, іх сваякоў у Беларусі могуць пасадзіць у турму і сказаць: ты павінен папрасіць, каб той цябе выкупіў, заплаціў пэўную суму. А на людзей за мяжой змогуць выходзіць прадстаўнікі спецслужбаў Расеі і Беларусі, кажучы: ты працуеш тут, а твой сваяк знаходзіцца там, і калі ты не падпішаш паперу аб супрацоўніцтве і не будзеш на нас працаваць, то ў тваіх сваякоў унутры краіны будуць праблемы.

І тут трэба насцярожыцца, і не толькі з прычыны найгрубейшага парушэння правоў чалавека, краінам, у якіх працуюць беларусы. Бо гэта будзе наўпрост пагражаць нацыянальнай бяспецы тых краін, у якіх знаходзяцца грамадзяне Беларусі. А многія з іх маюць пры гэтым падвойнае грамадзянства.

Другая мэта ўладаў – канфіскаваць класнасць і жыллё беларусаў, якія працуюць за мяжой. Калі гэтыя базы звестак будуць створаны, будзе зразумела, што, напрыклад, чалавек жыве ў Амерыцы, а ў Беларусі ў яго ёсць кватэра, якую ён здае і нават, магчыма, плаціць з гэтага падаткі. Значыць, гэтую ўласнасць трэба адабраць.

Ужо стала вядома пра тое, як у беларусаў будуць адбіраць пустыя дамы ў сельскай мясцовасці. Той жа план будзе дзейнічаць і ў гарадах.

- Што цяпер рабіць тым, хто працуе альбо вучыцца за мяжой? Які алгарытм вы параіце землякам, якія апынуліся ў такой сітуацыі?

- Думаю, трэба катэгарычна адмаўляцца падаваць гэтыя звесткі, бо гэта будзе мець дырэктыўную пагрозу як для людзей, якія жывуць за мяжой, так і для іх сваякоў унутры краіны.

На першым этапе хочуць стварыць базу звестак людзей, якія жывуць за мяжой, і якія маюць кватэры і дамы ўнутры краіны. Наступным крокам стане пашырэнне базы за кошт грамадзян, якія маюць рэгістрацыю ў Беларусі.

Многія людзі, якія жывуць за мяжой, маюць падвойнае грамадзянства. І першае, што адбудзецца - яны пачнуць адмаўляцца ад беларускага грамадзянства. Колькасць людзей, звязаных з Беларуссю, скароціцца ў разы. Што ж, улады самі ўсё для гэтага робяць, і трэба ісці нават на такі варыянт, каб не плаціць ні капейкі рэжыму.

Другое: я б прапанаваў беларусам, якія жывуць за мяжой, асабліва ў цывілізаваных краінах, усё ж такі бараніць свае інтарэсы. Магчыма, трэба ствараць фонд для барацьбы з рэжымам Лукашэнкі, які падтрымліваў бы незалежныя медыі, дэмакратычныя арганізацыі і грамадзянскую супольнасць у Беларусі. Толькі такім шляхам можна бараніць свае правы і нарэшце вярнуцца ў сваю свабодную і нармальную краіну.

Трэці шлях - гэта юрыдычная абарона. Таму што тое, што робіцца, з'яўляецца парушэннем усіх міжнародных абавязанняў Беларусі. Таму што Канстытуцыя дзейнічае як для грамадзян унутры краіны, так і за мяжой, а ў нас паводле Канстытуцыі праца не з'яўляецца абавязкам. Сам дэкрэт аб «дармаедах» - гэта ўжо злачынства.

Беларусам, якія жывуць за мяжой, трэба распавядаць аб сітуацыі, якая склалася ў мясцовых медыях – амерыканскіх, нямецкіх, польскіх... Неабходна ўплываць на ўлады сваіх краін, каб яны падымалі гэтую праблему, і патрабаваць увядзення санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, які ўводзіць ужо 100%-ы таталітарызм у дачыненні да сваіх грамадзянам. Такім чынам беларусы будуць абараняць як сябе, так і сваіх сваякоў унутры краіны.

- Дзеянне Дэкрэта №3 у 2017 годзе ўдалося прыпыніць. Ці атрымаецца зрабіць такое цяпер? Што для гэтага трэба рабіць?

- Пратэсты 2017 года паказалі, што нам усім разам тады ўдалося адбіць гэты наступ. Улады скасавалі дэкрэт і цяпер спрабуюць зайсці з іншага боку. Але гэтыя дэкрэты Лукашэнкі не маюць пад сабой ніякай прававой базы.

Думаю, што адначасовы ціск на грамадзян унутры краіны – а разам са сваякамі працоўных за мяжой 1,5 мільёнаў чалавек дэкрэт закранае палову насельніцтва Беларусі – проста так уладам з рук не сыдзе. Але павінны быць актыўныя дзеянні, беларуская салідарнасць. Нам трэба абараняцца ўсім разам.

У 2017 годзе беларусы паказалі: мы народ, мы можам супраціўляцца. Людзі ўбачылі: паміж імі няма нейкага «падзелу», у жыхароў Віцебска такія ж праблемы, як і ў жыхароў Берасця, у жыхароў Пінска такія ж праблемы, як і ў жыхароў Воршы або Ваўкавыска.

Шчыра дзякую тым палітыкам, якія тады ўзялі на сябе мужнасць прыязджаць у гарады падчас пратэстаў, падтрымліваць людзей, браць удзел у акцыях. Хочацца адзначыць і ролю тых неабыякавых людзей, якія фактычна сталі новымі рэгіянальнымі лідарамі, вялі стрымы і жывыя блогі з акцый пратэсту.

Голас некаторых уладам удалося прыглушыць, але ёсць людзі, якія працягваюць традыцыю гэтых пратэстаў.

У сувязі з новай рэдакцыяй Дэкрэта аб «дармаедах» узнікае пачуццё, што нейкія сілы дэстабілізуюць сітуацыю ўнутры краіны. Сотні тысяч чалавек разарвуць свае сувязі з Беларуссю, дзясяткі тысяч беларускіх сем'яў наважаць з'ехаць на пастаяннае месца жыхарства, будуць прасіць грамадзянства або прытулку ў іншых краінах. І я думаю, што ў такой сітуацыі, калі людзі зазнаюць фінансавы пераслед, парушэнне асабістых правоў (а стварэнне базы звестак такім з'яўляецца), людзі маюць поўнае права атрымліваць прытулак за мяжой.

Бо цяпер беларусы будуць з'язджаць не проста для пошуку лепшага жыцця – яны будуць уцякаць ад рэпрэсій, пад якія падстаўляе іх таталітарная дзяржава.

А частка людзей будзе супраціўляцца. І я думаю, што гэты дэкрэт, хоць і не адразу, будзе скасаваны ў выніку індывідуальных і калектыўных дзеянняў пратэсту. Дармаеды ўсіх краін, яднайцеся!

Напісаць каментар 81

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках