19 красавiка 2024, Пятніца, 7:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Галоўная бухгалтарка прайграла ў казіно $14 тысяч, выкрадзеныя ў фірме

3
Галоўная бухгалтарка прайграла ў казіно $14 тысяч, выкрадзеныя ў фірме

Выпадак адбыўся ў Гомелі.

У Гомелі скончылася слуханне крымінальнай справы паводле абвінавачвання мясцовай жыхаркі ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Паводле версіі следства, 31-гадовая гараджанка выкарыстала грошы фірмы, у якой працавала галоўнай бухгалтаркай, для гульні ў інтэрнэт-казіно, паведамляе gomel.today.

Дзяржабвінавачанне ў працэсе падтрымлівала пракуратура горада. Як распавяла памочніца пракурора Ганна Зубарава, маладую жанчыну выкрылі ў крадзяжы сродкаў пасля таго, як яна аднойчы не выйшла на працу і перастала адказваць на тэлефонныя званкі дырэктара фірмы. Са слоў кіраўніка, дапытанага ў судзе, у гэты час як раз наступіў тэрмін выплаты падаткаў, а бухгалтарка знікла. Таму пералічэнні давялося рабіць самому. Тады і выявілася, што на рахунку фірмы адсутнічае больш за 28 тысяч рублёў.

Да высвятлення фінансавага непаразумення падключыліся праваахоўныя органы, а далей следства. У выніку высветлілася, што абвінавачаная пералічвала сродкі арганізацыі на свой разліковы рахунак. У асноўным выдаткоўвала іх на гульню ў інтэрнэт-казіно. У судзе фігурантка справы распавяла пра тое, што гульня ў яе жыцці з'явілася ў 2013 годзе, калі яна ўпершыню паспрабавала выпрабаваць поспех:

- Выйгрыш часам даходзіў да 30 тысяч даляраў, - прызналася жанчына.

Аднак, мяркуючы з усяго, пройгрышы былі куды часцейшымі і большымі. Менавіта таму ў 2014 і ў 2017 гадах у абвінавачванай з'явіліся першыя праблемы з законам. Тады яна працавала бухгалтаркай у іншых арганізацыях і таксама «пазычала» ў іх патрэбныя для гульні сумы. Праўда, у ранейшых выпадках гэта былі невялікія грошы - у межах 500-600 рублёў, якія яна вярнула прадпрыемствам, дзякуючы чаму яе вызвалілі ад крымінальнай адказнасці. Аднак цяпер рэальнага тэрміну пакарання пазбегнуць не ўдалося. Ганна Зубарава распавяла пра тое, чым скончылася судовае разбіральніцтва:

- Абвінавачаная цалкам вярнула фірме выкрадзенае. Аднак напярэдадні суду яна знікла. Праз некалькі месяцаў яе затрымалі ў Расеі і даставілі ў Гомель.

Гэты факт у тым ліку паўплываў на пазіцыю дзяржабвінавачання і пастанову суда. Абвінавачаная прысуджаная да пяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з адміністрацыйна-гаспадарчымі функцыямі. Прысуд не ўвайшоў у законнае дзеянне, ён можа быць абскарджаны альбо апратэставаны.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках