28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: Некага трэба хутчэй адправіць на заслужаны адпачынак

19
Леанід Заіка: Некага трэба хутчэй адправіць на заслужаны адпачынак
КАРЫКАТУРА: NEWSBY.ORG

Калі б Лукашэнка насіў капялюш, яму б давялося есці яго кожны дзень.

У Беларусі хочуць забараніць прадаваць патрыманыя рэчы праз Інтэрнэт. Такая прапанова ўтрымліваецца ў праекце пастановы Саўміна. Чыноўнікі з МАРГ (былы Мінгандлю) тлумачаць гэта тым, што «Беллегпрам» нібыта папрасіў «забяспечыць людзей якаснымі і бяспечнымі таварамі».

Між тым, даслоўна за дзень да пастановы Саўміна з'явілася навіна аб тым, што Кобрынскі міжраённы суд «раскулачыў» увішную сям'ю з Бярозы, якая прадавала праз Інтэрнэт жаночае адзенне і за некалькі гадоў мела неасцярожнасць зарабіць блізу $80 тысяч. Дык што напраўду стаіць за пастановай аб новай забароне?

На пытанні Charter97.org адказвае кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка:

- Фактычна Інтэрнэт стаў месцам для спалоху Лукашэнкі і ўсяго ўрада. Неразуменне ролі Інтэрнэту і таго, што ў чалавека павінен быць свабодны выбар – гэта вясковая адсталасць, адбітак якой ляжыць даслоўна на ўсім.

Зразумела, што беларускія ўлады хацелі б неяк выратаваць легпрам. Але такім чынам яго не выратуеш, ды і рабіць гэтага не трэба. Калі ў швейнай прамысловасці засталіся людзі з мазгамі, яны павінны самі разумець, што гэта прыбытковая галіна, у якой можна зарабіць мільёны даляраў. У мяне ёсць знаёмыя, якія так і зрабілі. Праўда, потым яны надумалі з'ехаць з Беларусі.

Што ж тычыцца інтэрнэту, то ўлады, напэўна, не разумеюць, што гэта - самы просты і самы надзейны гандлёвы механізм. Я сам для набыткаў на 90% карыстаюся інтэрнэтам. І ніякі «Беллегпрам» і нават генеральны сакратар ААН не здольны супрацьстаяць развіццю інтэрнэт-гандлю.

Тут можна пайсці двума шляхамі. Альбо апярэджваць кітайцаў, сярод іх вядомага стваральніка «Алібаба» Джэка Ма. Альбо вельмі старанна і прадумана стымуляваць развіццё інтэрнэт-гандлю на ўзроўні прэм'ер-міністра. А трэцяга не дадзена, усе гэтыя забароны - ад злога.

А тых чальцоў урада, якія баяцца, што хтосьці купіць у сеціве нешта «няякаснае», трэба як мага хутчэй адправіць на заслужаны адпачынак.

Інтэрнэт сёння - універсальная матрыца, якая дазваляе паспяхова працаваць усім, ад вытворцаў ракет да вытворцаў хатніх тэпцяў. І прадпрымальных людзей, накшталт той сям'і з Беларусі, трэба не судамі караць, а ставіць у прыклад і ўручаць ім урадавыя ўзнагароды - за найбольшыя аб'ёмы прададзеных тавараў.

Ва ўсёй гэтай гісторыі з інтэрнэт-гандлем беларускі ўрад прыпадабняецца да лудзітаў -тых, хто процідзейнічае тэхнічнаму прагрэсу.

- І як далей будзе развівацца сітуацыя?

- Задушыць свабоду гандлю ў сеціве ў іх не атрымаецца. У найгоршым выпадку, інтэрнэт-продажы перамесцяцца на іншыя пляцоўкі. Напрыклад, да Джэка Ма. "Алібаба" адкрые тут філіял, заплаціўшы кожнаму міністру па пяць мільёнаў даляраў. І яны хутка стануць лаяльнымі Джэк Ма, а не сённяшняму «патрону».

Паглядзіце, як развіваецца ў Беларусі «Еўрагандаль». Ён ужо цалкам узяў у абарачэнне ўвесь цэнтр Менска, выйшаў на раёны, дае працу больш чым 40 тысяч чалавек – больш, чым на самых буйных прадпрыемствах Беларусі. Нарэшце ён можа заняцца тым, што пойдзе ў палітыку і лёгка зрыне і прэм'ера, і Лукашэнку, і ўсіх астатніх.

Эканамічны імператыў у выніку заўсёды перамагае. Вядома, для ўладаў гэта новыя і нечаканыя выклікі, але змагацца з імі - глупства.

- У савецкі час фарцоўшчык, які прадае рэчы з Захаду, быў для многіх грамадзян свайго кшталту Харонам, правадніком у свабодны свет. Пасля раскідання СССР многія казалі, што «відэамагнітафон або жаночыя панчохі раскідалі савецкую імперыю». Ці не дамагаецца беларуская ўлада забаронамі свабоды ў інтэрнэце такога ж эфекту?

- Напраўду СССР раскідалі Пол Макартні і Джон Ленан.

Беларускія ўлады як тады спрабавалі гэтаму супраціўляцца, так і цяпер стаяць на шляху прагрэсу. Але ўсе гэтыя «камсамольскія брыгады», якія супрацьпастаўлялі сябе «Бітлз», сышлі ў нябыт.

А што тычыцца добрага адзення, то тут ўраду лепш адразу адысці ў бок. Не паказвайце сваё «ўсенароднае» глупства. Я б, напрыклад, стаўшы прэм'ер-міністрам, адразу ж спрыяў бы адкрыццю сотняў сэканд-хэнд крамаў, якія б закуплялі ў цэнтральнай Англіі адзенне і прадавалі тут па адным даляры. Тады наша лёгкая прамысловасць не толькі «ляжа», але і сама закапаецца на сотні метраў углыб. І не варта яе шкадаваць. Беларусам трэба прышчапляць густ да добрага, якаснага адзення. А нашы прадпрыемствы не ўмеюць гэтага рабіць.

Ведаеце, апошнія гадоў дзесяць я хаджу ў капелюшы - вясной, летам і ўвосень. І хачу сказаць: мне здаецца, што я адзіны, хто ў Менску носіць капялюш. І пасля гэтага ўрад кажа, што клапоціцца пра густы беларускага спажыўца? Хлопцы, для пачатку надзеньце капелюшы. Тады мы з вамі і пагаворым аб тым, што краіна павінна стаць на цывілізаваныя рэйкі.

А ведаеце, чаму Лукашэнка і яго ўрад не носяць капелюшы? Бо існуе такое павер'е: калі ты нешта з абяцанага не зрабіў, то павінен з'есці свой капялюш. І тады нашым кіраўнікам давялося б есці капелюшы кожны дзень.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках