20 красавiка 2024, Субота, 12:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Bloomberg: Да 90% кітайскіх патэнтаў дарэмныя

12
Bloomberg: Да 90% кітайскіх патэнтаў дарэмныя

Як выявілася, лідарства Паднябеснай у вынаходках - прафанацыя.

Расследаванне, праведзенае інфармагенцтвам Bloomberg, паказала, што Кітай, які з 2010 года лідаруе ў свеце ў колькасці выдадзеных патэнтаў, фактычна займаецца масавымі прыпіскамі. У пагоні за колькаснымі паказчыкамі ў КНР патэнтуюць усё запар, і большасць гэтых «вынаходак» не маюць сэнсу, піша «Хайтек».

Восем гадоў таму Кітай, абагнаўшы Японію, выйшаў на першае месца ў свеце ў колькасці зарэгістраваных нацыянальных патэнтаў. З тых часоў КНР утрымлівае першынство. Напрыклад, у 2016 годзе кітайскія вынаходнікі аформілі за 1,2 млн нацыянальных патэнтаў. На другім месцы ў тым годзе былі ЗША з 295,3 тысячамі патэнтаў, далей ішлі Японія (260,2 тысячы) і Паўднёвая Карэя (163,4 тысячы патэнтаў). Прычым лік патэнтаў у Кітаі расце небывалымі тэмпамі. Летась у КНР вынаходнікам выдалі ўжо 1,8 млн пасведчанняў.

Аднак варта ўлічваць, што, у адрозненне ад міжнародных патэнтаў, нацыянальныя афармляюцца значна лягчэй. У Кітаі гэтыя правілы гранічна спрошчаныя, а плата за рэгістрацыю вынаходкі даступная.

Як высветліў Bloomberg, у КНР ёсць тры тыпы патэнтаў. Першы - гэта дакументы на сапраўдныя вынаходкі, якія афармляюцца пасля дбайных праверак і, як правіла, маюць рэальную камерцыйную каштоўнасць. Другі - патэнтаванне так званай карыснай мадэлі. У гэтым выпадку рэальных тэхналагічных навінак ужо значна менш. Нарэшце, трэцяй катэгорыяй з'яўляюцца патэнты на дызайн розных вырабаў.

Патэнты на вынаходніцтвы складаюць 23% ад іх агульнай колькасці, карысныя мадэлі - 53%, дызайн - 24%. У другой і трэцяй катэгорыях кітайскія патэнты абараняюць ноў-хаў цягам 10 гадоў, прычым з другой пяцігодкі плата за падтрыманне патэнта істотна ўзрастае.

Як высветлілася, 91% патэнтаў на дызайн іх уладальнікі не прадаўжаюць пасля першых пяці гадоў.

Гэта значыць, дзевяць з дзесяці кітайскіх патэнтаў на дызайн вырабаў - гэта зусім бескарысныя «вынаходствы», якія рэгіструюцца для статыстыкі. У выпадку з карыснымі мадэлямі пасля першых пяці гадоў ад абароны патэнта адмаўляецца 61% уладальнікаў, плаціць за першую катэгорыю (вынаходкі) перастае толькі 37% уладальнікаў патэнтаў.

Прыкладам кітайскага патэнта на дызайн можа служыць форма бутэлькі з-пад газіроўкі, а на карысную мадэль - слізгальны жэст для разблакавання смартфона.

Як адзначае кіраўнік юрыдычнай фірмы Orrick's China Ван Сян, у большасці выпадкаў кітайскія патэнты ўяўляюць сабой даслоўна скапіяваныя амерыканскія. Фактычна, гэта заганы планавай эканомікі КНР. Пасля таго, як старшыня КНР Сі Цзіньпін абвясціў пра старт рэалізацыі праграмы «Зробленае ў Кітаі 2025», кітайскі бізнэс як па камандзе пачаў даводзіць тэхналагічную перавагу краіны. Перш за ўсё, гэта выяўляецца ў патэнтаванні ўсяго запар.

Акрамя таго, кітайскія кампаніі масава атрымліваюць патэнты ў пагоні па падатковыя льготы і дзяржаўныя субсідыі. Іх падаюць толькі тэхналагічным кампаніям, якія і рэгіструюць псеўдавынаходніцтвы, каб давесці сваю прыналежнасць да свету высокіх тэхналогій. Напрыклад, у правінцыі Хайнань высокатэхналагічным кампаніям належыць рэгіянальная субсідыя сумай 500 000 юаняў ($72 637) на год.

Яшчэ адзін паказчык, паводле якога Кітай абагнаў Захад - гэта колькасць навуковых публікацый. Экспэрты мяркуюць, што з улікам навуковых прац, апублікаваных у самім Кітаі, і тых, што напісаныя кітайскімі навукоўцамі, якія жывуць за мяжой, кітайскім аўтарам належыць ужо траціна ўсіх публікацый у галіне дакладных навук у свеце. Праўда, якасць кітайскіх навуковых публікацый пакуль значна ніжэйшая, чым, напрыклад, прац іх амерыканскіх калегаў.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках