19 красавiка 2024, Пятніца, 23:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Літве «мінімалка» вырасце да 555 еўраў

3
У Літве «мінімалка» вырасце да 555 еўраў

З 2019 года ў Літве адбудзецца мноства падатковых змен.

Пасля таго, як у Літве аб'яднаюць падаткі работніка і працадаўцы, зменяцца тарыфы падаткаў - абавязковага падатку на ахову здароўя (АПАЗ), дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Акрамя таго, плануюць павысіць і мінімальны заробак, піша delfi.lt. Гэта таксама звязанае з АПЗ і дапамогай у беспрацоўі.

Згодна з планамі, з 1 студзеня мінімальны заробак павялічаць да 430 еўраў (цяпер 400 еўраў). Але з Новага года ў дзеянне ўвойдзе новая падатковая сістэма. Усе заробкі на паперы будуць кансалідаваныя (аб'яднаюць падаткі работніка і працадаўцы, адпаведна заробак павялічыцца ў 1,289 раза). Таму мінімум «на паперы» з 1 студзеня будзе 555 еўраў.

Сацыяльнае міністэрства Літвы інфармуе, што ў выніку кансалідацыі сацыяльныя (сацстрах і АПЗ) унёскі паменшацца на 0,55%, а падаходны падатак на 1%. Агулам гэтыя падаткі складуць 19,5% (АПЗ - 6,98%). За частку жыхароў АПЗ плацяць працадаўцы, за іншых - дзяржава, але людзі, якія працуюць на сябе, плацяць АПЗ ў суме 9% ад мінімальнага заробку. Значыць, калі сёлета ўнёсак складае 36 еўраў, то ў наступным ён будзе 38,74 еўра на месяц, або 465 еўраў на год.

«За сябе АПЗ плацяць людзі, якія працуюць індывідуальна і ўсе тыя, хто не працуе, не вучыцца і не стаіць на біржы працы (у Службе занятасці). У Літве індывідуальна працуюць 200 000 жыхароў», - указала Сацыяльнае міністэрства.

Акрамя таго, мінімальны АПЗ плацяць і за работнікаў, якія атрымліваюць менш за мінімум. З мінімальным заробкам звязаная і сума дапамогі ў беспрацоўі. Гэта дапамога складаецца з фіксаванай і пераменнай часткі. Пераменная частка залежыць ад даходаў, а фіксаваная складае 30% дзейнага мінімуму.

Пасля падатковай рэформы фіксаваная частка дапамогі складзе 23,27% ад мінімальнага заробку. Пераменную будуць лічыць так: 1) 1-3 месяцы - 38,79% сярэдніх даходаў; 2) 4-6 месяц - 31,03% даходаў; 3) 7-9 месяц - 23,27% даходаў. Цяпер фіксаваная частка складае 120 еўраў, а ў наступным з улікам перамен будзе 129 еўраў. Праўда, ужо прызначаныя дапамогі пасля новага года пералічваць не будуць. Сацыяльнае міністэрства хоча змяніць гэты парадак. «На падставе дзейных законаў прызначаныя да 31 снежня 2018 года дапамогі пералічваць не будуць і будуць выплачваць меншыя сумы, чым былі б паводле новага парадку.

Але Сацыяльнае міністэрства прадставіла на абмеркаванне праект паправак, мэта якіх - пералік дапамог, назначаных да 31 снежня 2018 года з улікам новай фіксаванай часткі», - інфармуе прэс-сакратарка кіраўніка Сацыяльнага міністэрства Эгле Самашкайтэ.

Варта адзначыць, што пасля падвышэння мінімальнага заробку некаторыя сем'і не будуць атрымліваць сацыяльную дапамогу ад дзяржавы, напрыклад, бясплатнае харчаванне або грошы на куплю школьных прыладаў. «Падвышэнне даходаў сем'яў (у сувязі з падвышэннем мінімуму або падвышэннем заробку на ініцыятыву працадаўцы) можа прывесці да таго, што адпадзе неабходнасць у такой дапамозе», - прызнае Сацыяльнае міністэрства. Аднак падкрэслівае, што ў выпадку складанай фінансавай сітуацыі мэрыя ў парадку выключэння можа надаваць такую дапамогу, нават калі даходы сям'і павялічыліся. Акрамя таго, пры падліку даходаў не ўлічваюць «дзіцячыя» грошы і 15-35% працоўных даходаў (залежыць ад складу сям'і), калі ацэньваюць, ці мае патрэбу сям'я ў сацыяльнай дапамозе. Такая дапамога, як кампенсацыі за ацяпленне, сацыяльныя дапамогі, сродкі на куплю школьных прыладаў і бясплатнае харчаванне, а таксама дапамога на куплю або арэнду жылля залежыць ад зацверджанай дзяржавай сумы даходаў, звязанай з мінімальнымі спажывецкімі патрэбамі (МСП).

«З 2019 года асноўныя паказчыкі ўліку сацыяльных выплат будуць звязаныя з МСП. Гэта значыць, што МСП будуць зноўку пералічваць кожны год з улікам інфляцыі, коштаў прадуктаў і паслуг, значыць, больш людзей зможа атрымліваць дапамогі», - сказала Самашкайтэ. Паводле падлікаў, на падвышэнне мінімуму з бюджэту спатрэбіцца дадаткова 13 млн еўраў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках