23 красавiка 2024, aўторак, 22:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На мінулым тыдні беларускі рубель працягнуў падзенне

На мінулым тыдні беларускі рубель працягнуў падзенне
ФОТА: TUT.BY

Рубель патаннеў да ўсіх трох асноўных валют.

На пачатку кастрычніка курсы ўсіх трох асноўных валют, што прадаюцца на Беларускай валютна-фондавай біржы, працягнулі рост. У найбольшай ступені падаражэў даляр ЗША, у найменшай ступені - расейскі рубель, які зноў апынуўся пад ціскам праз новыя палітычныя скандалы, паведамляе select.by.

Амэрыканская валюта на рынку Форэкс атрымала падтрымку адразу ад некалькіх чыннікаў. Па-першае, 30 верасня ЗША і Канада дасягнулі пагаднення аб захаванні пагаднення NAFTA.

Па-другое, старшыня ФРС ЗША Джэром Паўэл 2 кастрычніка заявіў, што ён разлічвае пільнавацца бягучага курсу на паступовае павышэнне ставак. А прэзідэнт Федэральнага рэзэрвовага банка Чыкага Чарльз Эванс сказаў на тэлеканале Bloomberg, што яго задавальняе варыянт павышэння таксы ФРС да 3% ці 3,25%, што будзе адпавядаць моцнаму росту эканомікі ЗША і тэмпам яе інфляцыі.

Па-трэцяе, індэкс бізнэс-чыннасці ў сфэры паслуг ЗША ў верасні вырас да 61,6 пункта з 58,5 пункта ў жніўні, што стала максімальным узроўнем за апошні 21 год. Пры гэтым колькасць занятых у прыватным сэктары эканомікі ЗША павялічылася на 230 тысяч чалавек, што сталася самым вялікім прыростам з лютага гэтага года. І, нарэшце, кампанія Amazon Inc. абвясціла аб планах павысіць з 1 лістапада мінімальны заробак сваіх супрацоўнікаў у ЗША да 15 даляраў за гадзіну.

У выніку прыбытковасць скарбовых дзесяцігадовых аблігацый ЗША 4 кастрычніка дасягала ўзроўню 3,23% гадавых - максімальнага за 7 гадоў. Гэта павялічыла прывабнасць укладанняў у гэтыя каштоўныя паперы і зрабіла дадатковы ціск на курсы ўсіх валют супраць даляра.

Негатыўны ўплыў на курс еўра зрабілі таксама праблемы ў Італіі, урад якой пацвердзіў пастанову павялічыць дэфіцыт бюджэту краіны у 2019 годзе да 2,4%. Еўрапейская валюта на рынку Форэкс упала ніжэй за ўзровень 1,15 даляра за еўра.

Курс расейскага рубля таксама апынуўся пад ціскам супраць даляра, як і валюты іншых развіваных краін. Акрамя таго, з'явілася пагроза ўвядзення новых санкцый з боку еўрапейскіх краін, бо ўлады Нідэрландаў, ЗША і Брытаніі абвінавацілі Расею ў кібэратацы, сярод іншага, на Арганізацыю забароны хімічнай зброі (АЗХЗ). Нідэрланды паведамілі пра высылку з краіны чатырох расейскіх дыпламатаў.

Усё гэта і прычынілася да назіранай дынамікі курсаў даляра, еўра і расейскага рубля на БВФБ. Сярэднеўзважаны курс даляра павялічыўся за гэты перыяд на 2,1% і дасягнуў 5 кастрычніка 2,1556 рублёў за даляр. Сярэднеўзважаны курс еўра ўзняўся нашмат менш: на 1% - да 2,4791 рубля за еўра, а аналагічны курс расейскага рубля вырас на 0,6% і склаў 5 кастрычніка 3,2386 беларускага рубля за 100 расейскіх.

Вартасць кошыка валют з даляра ЗША, еўра і расейскага рубля вырасла за першы тыдзень кастрычніка на 1,1%. Пры гэтым сярэднядзённая сума таргоў замежнымі валютамі на БВФБ знізілася да 58,2 млн рублёў з 75,7 млн рублёў тыднем раней.

На гэтым тыдні паслабленне беларускага рубля ў дачыненні да ўсіх валют на БВФБ можа працягнуцца, але не такімі значнымі тэмпамі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках