29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вечная шайба ў сваю браму

19
Вечная шайба ў сваю браму
ФОТА: REUTERS

Жыццё патроху наладжваецца.

Яшчэ ўчора яно здавалася шмат каму амаль невыносным. Вынік вертыкальнага сачэння за гарызонтам збянтэжыў краіну. Высветлілася, што вораг фактычна ўжо стаіць каля брамы. А калі ўдумацца, і яшчэ горш: «кругом - ураги». Стала страшна жыць.

І вось тады з’явіўся нейкі Бабіч. Пасол і асабліва давераны таварыш крамлёўскага правадыра. І адразу ж суцешыў усіх спалоханых: «Напад на Беларусь, усялякі, будзе расцэньвацца як напад на Расею з усімі адсюль наступствамі».

Цытуючы гэта недвухсэнсоўнае выказванне, многія інфармацыйныя агенцтвы чамусьці дазваляюць сабе грубую рэдактарскую праўку - выключаюць слова «ўсялякі», сарамліва падмяняючы яго двухсэнсоўным шматкроп'ем. А шкада! Менавіта ў гэтым слове і хаваецца сутнасць раптоўнага крамлёўскага парыву - абараніць няшчасных і запалоханых. Зразумелая рэч, што мацакі такіх паводзін у дачыненні да Беларусі не пацерпяць.

Новы расейскі амбасадар не з красамоўных дыпламатаў. Ён - дэсантнік і гэбіст. Звык пазіцыянаваць сябе ў гарачых мясцінах. З тым і накіраваны ў Беларусь. І няма чаго тут выпраўляць яго асаблівы стыль, нават калі камусьці здаецца, што ад яго за вярсту патыхае казармай. «Усялякі напад» - гэтым усё сказана. Няма такіх варыянтаў, пры якіх Расея ўстрымалася б ад нясцерпнага жадання дапамагчы суседу. Адсутнасць выразнага прызыву аб дапамозе сітуацыю не змяняе.

А Беларусь сёння - у вялікай небяспецы. І прэзідэнт Трамп з яго гучнымі выказваннямі аб магчымым выхадзе з дамовы пра ракеты сярэдняй і меншай далёкасці далёка не першы ў спісе патэнцыйных пагроз. «Кругом ураги» - гэта не чыясьці дакучлівая ідэя, як сцвярджаюць шмат якія нядобразычліўцы мясцовай улады, а аб'ектыўная ацэнка рэальнай сітуацыі.

Амбасадар мае рацыю: сучасны свет небяспечны і непрадказальны. Кожная непрыязная ўсмешка ў дачыненні да беларускай улады пагражае знікненнем далікатнага спакою. І столькі небяспек - рэальных і неадольных. Дапусцім нават, што ніхто з заходніх суседзяў і не падумвае пра нейкія падкопы ў дачыненні да афіцыйнага Менска. А ці ёсць гарантыі, што ўзброеныя сілы таго ж Гандураса не надумаюцца раптам запусціць на нашу тэрыторыю пад выглядам эканамічных мігрантаў мабільны атрад баевікоў? Раптоўнае з'яўленне ўзброеных дзідамі і лукамі папуасаў перад мірнай хацінай Міклухі-Маклая ўжо нікога і нідзе не трывожыць? А ці ўсё нам вядома пра сапраўдныя намеры марсіянскай ваеншчыны?

Таму вялікадушны Крэмль устурбаваўся нашым лёсам не выпадкова. І ўжо ад слоў перайшоў да канкрэтных справах. У мінулую пятніцу, 26 кастрычніка, грамадзяне рэспублікі пачулі шакавальную навіну. Нейкія дэпутаты нейкага парламенцкага сходу саюза Беларусі і Расеі разгледзелі ход узгаднення вайсковай дактрыны саюзнай дзяржавы. І гэта цалкам зразумела. Няма сёння для беларусаў больш важнай праблемы, чым гэты «ход узгаднення». Усё робіцца похапкам, што ўжо 13 снежня праект будзе прадстаўлены на зацвярджэнне. Пытанне аб тым, чаму і каму так тэрмінова спатрэбілася гэтая дактрына, некарэктнае.

Імперскія пазлы, яшчэ нядаўна быццам бы бязладныя, ужо збіраюцца ў дакладную выяву. Яна простая і нават прымітыўная. Расея ў сваім безаглядным канфлікце з Захадам спрабуе даць свой маштабны «адказ Чэмбэрлену». Праз галаву суверэннай Беларусі атрымліваецца не надта - эфект не той. А таму і спатрэбілася неадкладна гэтая няхітрая аперацыя з нястрымным братаннем і цалкам магчымым у выніку ўварваннем.

Замест ранейшай дактрыны, якую кіраўніцтва Расеі ўважала за даўно састарэлую, яны спрабуюць праціснуць новы дакумент, у якім былі б дакладна прапісаны выгадныя для іх фармулёўкі аб рэгіянальным групаванні войскаў Беларусі і Расеі. А акрамя таго - пра расейскую вайсковую базу на нашай тэрыторыі, пастанова аб якой была прынятая Пуціным яшчэ ў 2015 годзе. Нездарма ж 24 кастрычніка сюды паспяшаўся прыехаць нават вайсковы міністр Сяргей Шайгу - усё з той жа маркотнай песняй пра супольнае супрацьстаянне пагрозам Захаду. Калі б ім атрымалася ўсё гэта зацвердзіць у міжурадавых дамовах, краіна ператварылася б у тую амаль забытую Беларускую вайсковую акругу. І ненавіснае ім слова «суверэнітэт» выпарылася б у адно імгненне.

Вось толькі сітуацыя ўжо зусім не тая, на якую разлічваў крамлёўскі кіраўнік. Няма сродкаў на подкуп прыўладнай хеўры. Няма часу на гульню ў хованкі. Застаўся толькі варыянт грубай сілы. Расейская прэса ўжо адкрыта піша пра намер крамлёўскіх партнёраў перапыніць надмерна працяглую кар'еру дакучлівага ім вылучэнца, які захацеў да таго ж задумаць уласную гульню.

Яны ўпэўненыя, што час прыйшоў. Уся рэч толькі ў дробных падкопах і упартасці хаўрусніка. Засталося злёгку паднаціснуць. І цалкам спелы плод упадзе ім у далоні. Толькі дарэмна яны спадзяюцца, што гэтая штука з ціхім занурэннем у прастору чужой краіны ў іх пройдзе без перашкод. Як і ўсе аматары вокамгненных прарываў, яны нават у разлік не прымаюць народ. Яго гісторыю ведаюць яшчэ горш за вядомага ўсім гісторыка. А таму як бы не выйшаў з гэтай грандыёзнай задумы вялікі і да крайнасці непрыемны канфуз. Непапраўны, да таго ж. На стагоддзі.

І вось цяпер, калі абвешчаныя тэрміны і названы канкрэтныя мэты паўзучага аншлюсу, ужо не засталося ніякай таямніцы і ў тым, чаму правадыр гэтай восенню так зачасціў у Сочы. І чаму з перамоў з Пуціным заўсёды вяртаўся такім раздражнёным. Ганьбу тых капітулянцкіх пасядушак памагатыя спрабавалі схаваць пад сарамлівай фразай: «У закрытым рэжыме абмеркаваны блок вайскова-палітычных пытанняў». Дробныя дыктатарскія хітрыкі - нічога асаблівага, узгаднялі спрэчныя аспекты рэчавага забеспячэння і размяшчэння тумбачак у казармах АДКБ.

Гэта ён тут усё яшчэ паказвае сябе гэткім усёмагутным дыктатарам. А пра пастановы, якія прымаюць у расейскіх штабах, у тым ліку і пра падкантрольнай яму тэрыторыі, дазнаёмся апошнімі. Ужо даўно цынічныя хаўруснікі не дэманстравалі так адкрыта свае імперскія прэтэнзіі. А што ў адказ? Толькі пакорлівасць і бясконцая ліслівасць. І нават на яго персанальным сайце ані ценю трывогі ці хаця б спробы неяк насцярожыць краіну. Мір. Спакой. Стабільнасць.

І вядома ж, хакей. Вялікі. Прыдворны. У вольны ад сяброўскіх абдымкаў час палкаводзец і спартовец смела выходзіць на лёд. Нешта грузнае, чырвона-зялёнае няўмольна рухаецца на ашаломленага спаборніка. Стогнуць трыбуны. Аддана раве БРСМ. Шайбы, адна за адной, без пудла ляцяць у браму.

І ўжо не разабраць - у сваю ці чужую.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках