16 красавiка 2024, aўторак, 12:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бунт афіцэраў у Менску: да выканкаму выйшлі 200 чалавек

110
Бунт афіцэраў у Менску: да выканкаму выйшлі 200 чалавек

Улады збіраюцца руйнаваць прыватызаваныя гаражы.

Гаражны кааператыў «Вішнёвы» ў паселішчы Азярышча, за сталічным мікрараёнам Уручча, з'явіўся ў 90-е, месца ў ім выдавалі вайскоўцам. «Сваімі рукамі будавалі, прыватызавалі, перадавалі дзецям. А ўлады паведамляюць: мы вас руйнуем», - хітае галавой вайсковы палкоўнік у адстаўцы Уладзімір. Чыноўнікі ж кажуць, што Менск паступова пазбаўляецца ад боксавых гаражоў, але кампенсацыі іх уладальнікі атрымаюць адэкватныя, піша tut.by.

У «Вішнёвым» гаражы атрымалі афганцы, ветэраны ВАВ, вайскоўцы 120-й гвардзейскай стралковай дывізіі, якія пражывалі побач у вайсковым гарадку. Кабінетных работнікаў сярод іх не было — звычайныя служакі, якім давялося ў свой час пацягацца па свеце.

- Усе гэтыя людзі будавалі гаражы сваімі рукамі, прыходзілі ў выходныя, пасля службы. Стараліся не цапу-лапу зрабіць, а каб на дзясяткі гадоў стаяла: ім, дзецям, унукам і праўнукам, - уводзіць нас у курс справы старшыня кааператыва Ілля Гец.

У 1996 годзе гаражны кааператыў на 553 гаражы быў уведзены ў эксплуатацыю. Роўныя шэрагі ладных цагляных электрыфікаваных хатак, заасфальтаваныя праезды паміж імі, кантэйнеры са смеццем, вулічнае асвятленне. Нягледзячы на тое, што большасць уладальнікаў гаражоў ужо пенсіянеры, яны і цяпер па-гаспадарску даглядаюць за сваю нерухомасць — усюды чысціня і парадак.

Сярэдні ўзрост сябраў кааператыву - 65-70 гадоў. Гэта людзі, якія жылі за савецкай уладай, звыклі падпарадкоўвацца вайсковым загадам.

Пра тое, што «з гаражамі нешта збіраюцца рабіць», першым даведаўся старшыня кааператыва: 11 верасня гэтага года ён прачытаў на сайце адміністрацыі Першамайскага раёна, пра тое, што праз сем дзён адбудзецца грамадскае абмеркаванне з нагоды ўнясення змяненняў у план забудовы пасёлка Азярышча.

- Выканкам, акрамя як у сябе на сайце, інфармацыю да людзей больш ніяк не даносіў. Я тэлефаную ў адміністрацыю, а яны нічога ўцямнага не паведамляюць, нешта кшталту: прыходзьце на сход і слухайце, усё дзеля вас. Я пачаў дзейнічаць: пабег да аднавяскоўцаў, распавёў пра ўсё, развесіў аб'явы. Людзі былі ў шоку ад гэтай навіны!

— Калі пачулі, што збіраюцца руйнаваць гаражы, спачатку разгубіліся, не ведаючы як рэагаваць на гэта. Некаторыя не верылі гэтай навіне, казалі: «Не можа быць, гэта памылка! Гаражы прыватызаваныя, гэта ж прыватная ўласнасць!».

Пасля паднятай Іллём хвалі на грамадскае абмеркаванне ў выканкам прыйшлі блізу 200 чалавек - жыхары паселішча, вайсковага гарадка, многія з якіх — уладальнікі гаражоў.

- Нашы 80-гадовыя дзядулі, вайскоўцы ў адстаўцы, надзелі сваю форму з медалямі і ордэнамі прыйшлі ў выканкам. Спадзяваліся, чыноўнікі ўбачаць, што перад імі людзі заслужаныя і не стануць іх крыўдзіць і прыгнятаць.

На сходзе прысутным паведамілі, што паселішча Азярышча чакае ўшчыльненне шматкватэрным жыллём, а таксама рэканструкцыя і частковае руйнаванне сядзібнай забудовы. У раёне вуліц заснавальнікаў і праектаванай №3 замест боксавых гаражоў Г «Вішнёвы» хочуць пабудаваць шматфункцыянальны грамадскі комплекс з аб'ектамі абслугоўвання і паркінгам на 550 месцаў.

- Першымі руйнаваць сабраліся каменныя дамы ў паселішчы, але чамусьці назвалі іх «баракамі», а гаражы нашы зруйнуюць у другую чаргу, у 2023 годзе, — тут будзе забаўляльны цэнтр з падземным паркінгам. Але які падземны паркінг? Праектанты хоць глебу вывучалі? У нас жа там пясок з плывуном! Людзі, чые гаражы знаходзяцца ў нізіне, ваду з ямы вясной вычэрпваюць.

Чальцам кааператыва сказалі, што за зруйнаваныя гаражы людзям будзе выплачана нейкая матэрыяльная кампенсацыя. Як яна будзе разлічвацца — невядома.

- Мы баімся, што кінуць нам мізэрную кампенсацыю, на якую горку ламанай цэглы і купіш. Але ж рынкавыя кошты нашых гаражоў пачынаюцца ад шасці тысяч даляраў, а за самыя добрыя — даходзяць да дзесяці.

Пярэчанні і заўвагі чальцоў гаражнага кааператыва ў выканкаме прынялі, аднак ніякіх правак у праект унесена не было.

— Муж служыў прапаршчыкам у войску, і калі яму выдзелілі тут гараж, мы вельмі радаваліся. Бо ў нас жа кватэры зусім маленькая была - на пяць чалавек 50 метраў усяго. А гараж - гэта як працяг кватэры. Заробкі маленькія былі, даводзілася будаваць усё сваімі рукамі, нікога наняць не маглі — - распавялі муж і жонка Вера Васільеўна і Віктар Пятровіч.

Патрэбны гараж не толькі для аўто. Тут у сям'і захоўваюцца кансэрвы, ураджай з лецішча, шмат начыння, якое проста не месціцца дома.

- Трэба неяк збірацца і адваёўваць нашу маёмасць, нельга проста так здавацца, - смела кажуць муж і жонка. - Людзі абжываюцца, снуюць нейкія планы. Навошта ж спачатку даваць ім дазвол на гэта, а потым усё крышыць і руйнаваць? Стаўленне да нас свінскае! Няўжо тут так патрэбны гэты забаўляльны цэнтр?

Людзі разгубленыя і не ведаюць, куды ж пасля руйнавання гаражоў яны будуць ставіць свой аўтамабіль.

- Гэта ж атрымліваецца больш за 500 аўто выкінуць у вайсковы гарадок! Дык там і цяпер пасля працы прыпаркавацца можна з цяжкасцю, усе двары і вуліцы загачаныя!

Палкоўнік у адстаўцы Уладзімір і ягоная жонка Галіна прыехалі ў Беларусь ужо пасля таго, як шмат гадоў пагойсалі па гарнізонах Забайкалля, Калінінградскай вобласці.

- Далі нам кватэру ў вайсковым гарадку, а потым яшчэ прапанавалі гараж. Будавалі яго разам з жонкай, у асноўным, вечарамі, пад зоркамі: рабілі раствор, укладвалі цэглу, бетанавалі, абліцоўвалі, электрыку рабілі і ўсё астатняе, — кажа вайсковы пенсіянер.

Гараж Уладзіміра ў кааператыве - узорна-паказальны: у ім светла і чыста, больш ён нават падобны на офіс, чым на памяшканне для аўто.

— У нас там і ў склеп вялікі, — хваліцца гаспадар. - Для сябе ж рабілі, на будучыню. Нават тастамент на дачку ўжо склалі. А тут такая навіна - руйнуюць!

— Прыкра. Атрымліваецца, жыццё я сваю аддаў радзіме, служыў 31 год, а цяпер нікому не патрэбны. Я быў камандзірам часткі і вучыў сваіх жаўнераў, каб памяталі і пра «гонар», «годнасць», «слова». А ў адказ нам што? Спачатку далі і сказалі «гэта тваё», а праз некаторы час забіраюць і кажуць, «не, мы перадумалі».

Уладальнікі гаража мяркуюць, што ніякая матэрыяльная кампенсацыя не кампенсуе ім укладзеныя матэрыяльныя і маральныя выдаткі на будаўніцтва.

Што будзе з гаражамі праз некалькі гадоў, чальцы кааператыва не ведаюць. Але гатовыя «пазмагацца» у мірных мэтах — за тое, каб нерухомасць, якая ім належыць, пры іх і засталася.

- Пішам ліст-пратэст, каб наш кааператыў не руйнавалі. Спадзяемся, што ўлады ўсё ж пойдуць на сустрэчу, інакш як тады дзяржаве давяраць, жыць далей і чаму вучыць дзяцей?

Выканкам: «Менск пазбаўляецца ад боксавых гаражоў»

У адміністрацыі Першамайскага раёна сталіцы патлумачылі, што паводле скарэктаванага ў 2016 годзе генеральнага плана развіцця Менска паселішча Азярышча — гэта тэрыторыя жылой сядзібнай забудовы. Таму на ёй не могуць размяшчацца аб'екты вытворчага прызначэння, якія неспрыяльна уздзейнічаюць на навакольнае асяроддзе і маюць санітарна-ахоўныя зоны.

- Быў распрацаваны горадабудаўнічы праект дэталёвага планавання, якім, у ліку іншых, прадугледжаны змены ў Азярышчы. Адтуль будуць вынесеныя ўсе вытворчыя прадпрыемствы і гаражы кааператыва «Вішнёвы», - распавёў Васіль Касавец, намеснік кіраўніка адміністрацыі. - Там могуць знаходзіцца аб'екты сацыяльнага прызначэння, камунальнага абслугоўвання, да 30 адсоткаў — жылыя шматкватэрныя дамы.

Мяркуецца, што пад руйнаванне ў Азярышчы, акрамя гаражоў і прадпрыемстваў, пойдуць некаторыя прыватныя дамы. На гэтым месцы будзе размешчаная жылая шматкватэрная забудова і дзіцячы садок, а на тэрыторыі гаражнага кааператыва пабудуюць шматфункцыянальны комплекс з крамамі, забаўляльнымі ўстановамі і паркінгам.

- Рэалізацыя гэтага праекта будзе праходзіць у два этапы: 1-ы - да 2023 года, 2-і - з 2023 да 2030 года. Руйнаванне гаражоў спланаванае на другую чаргу. Але казаць цяпер аб тым, што, кааператыў абавязкова будзе зруйнаваны — заўчасна.

Васіль Касавец адзначыў, што рэалізацыя праекта залежыць ад многіх чыннікаў, галоўны з якіх — ці будзе цікавасць да гэтай тэрыторыі ў інвестараў.

- Калі жылую забудову мы можам рэалізоўваць у прыватным парадку і сіламі дзяржпрадпрыемстваў (а такія пляцоўкі ў Менску запатрабаваныя) , то шматфункцыянальны аб'ектам павінен заняцца прыватны інвестар. Ці знойдзецца ён і калі — невядома. Бо інвестар атрымае аб'ект з абцяжараннем — ён павінен будзе выплаціць уладальнікам усіх гаражоў матэрыяльную кампенсацыю.

Колькі грошай заплацяць уладальнікам гаражоў, у выканкаме пакуль сказаць не могуць - для гэтага трэба рабіць ацэнку будынкаў. Але прыступаць да яе цяпер не будуць - рана: праект толькі прайшоў грамадскае абмеркаванне і яшчэ не зацверджаны. Наперадзе яго чакае яшчэ шэраг экспэртыз і разгляд у Менгарвыканкаме. Толькі пасля зацвярджэння можна будзе прыступаць да яго рэалізацыі. Але на ўсе планаваныя да будаўніцтва аб'екты інвестараў пакуль няма.

- Хачу супакоіць уладальнікаў гаражоў: ацэнка будынкаў заўсёды робіцца паводле аднаго механізму - рынкавым коштам, з улікам матэрыялаў, з якіх яны пабудаваныя, месцазнаходжання. Але адназначна, сумы там атрымліваюцца нядрэнныя. Як правіла, за кампенсацыю людзі змогуць пабудаваць новы гараж або купіць гатовы.

Васіль Касавец мяркуе, што пасля руйнавання гаражоў праблем, каб знайсці месца для паркоўкі свайго аўтамабіля, у іх уладальнікаў не будзе.

- На ноч людзі могуць ставіць свае аўто на новым шматузроўневым паркінгу - такая паслуга ўсюды даецца ўладальнікамі стаянак. Яшчэ варыянт: пабудаваць шматузроўневы паркінг для свайго кааператыва. Месца для такіх паркінгаў мы шукаем зыходзячы з патрэбы, на заяўкі ахвотных.

Намеснік кіраўніка распавёў, што кааператыўныя шматузроўневыя паркінгі ў Менску ёсць і людзі працягваюць іх будаваць. Напрыклад, нядаўна, двухпавярховы паркінг быў пабудаваны ў мікрараёне Усходні М5.

- Праекты паркінгаў рознай ёмістасці, ад 100 да 300 аўто-месцаў, ужо ёсць гатовыя. Будуйцеся, а месца для гэтага мы знойдзем.

Напісаць каментар 110

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках