29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бабруйскі Кулібін распавёў, як сабраў электрычны ровар

20
Бабруйскі Кулібін распавёў, як сабраў электрычны ровар
ФОТА: BOBRUISK.RU

Абслугоўванне электраровараў каштуе прыкладна паўтара рубля штомесяц.

Георгій Бельскі - вынаходнік на пенсіі. Спадару 84 гады, ён мае некалькі патэнтаў на унікальныя вынаходкі, а надоечы сабраў электрычны ровар паводле ўласных рысункаў, піша «Вячэрні Бабруйск».

Свой агрэгат з пярэднім рухачом спадар Георгій сабраў на раме звычайнага ровара. Да гэтага ягамосць бачыў трохколавыя электрычныя ровары і ў інтэрнэце, і жыўцом. Яму захацелася зрабіць нешта самому, прычым так, каб можна было катацца па ўсякіх дарогах.

Матор купіў у інтэрнэт-краме. Да яго ў камплекце ішлі акумулятар, кантролер, сілкавальная прылада, тронкаў гамавальніка і газу, усё каштавала 750 рублёў. Сігнал перадаецца ад кантролера на матор-кола магутнасцю 500 ватаў.

КОЛА ЭЛЕКТРЫЧНАГА РОВАРА - РУХАВІК!
ФОТА: BOBRUISK.RU

Усё працуе, са слоў спадара, вельмі проста: ад акумулятара электраэнэргія перадаецца на пярэдняе кола, на якім стаіць рухавік. Усім працэсам кіруе кантролер.

Ладунку акумулятара стае на 35-40 кіламэтраў. Разагнацца такая тэхніка можа да 45 км/гадзіну. Пенсіянер распавёў, што для яго выгодная хуткасць - прыкладна 25 км/г.

ДЫСПЛЕЙ І РОВАРНЫ КАМПУТАР
ФОТА: BOBRUISK.RU

На адмысловым дысплеі на стырне паказваецца ступень наладавання акумулятара. Асобна спадар замацаваў на стырне роварны кампутар, які паказвае пройдзены шлях і бягучую хуткасць.

КАНСТРУКЦЫІ З РЫСОР, СПРУЖЫН-АМАРТЫЗАТАРАЎ І ДВУХ КОЛАЎ НА ВОСІ ДАЗВАЛЯЕ ЎНІКНУЦЬ ЗАНОСАЎ
ФОТА: BOBRUISK.RU

- Сёлета наездзіў ужо паўтары тысячы кіламэтраў, ездзіў і па снезе, і па лёдзе, ужо дзве зімы так ад’ездзіў, - падзяліўся сп.Георгій.

На гэтым праца над электрычным ровары не скончылася. Для большай зручнасці ён абсталяваў яго канструкцыяй з рысор, спружын-амартызатараў і двух дадатковых 20-цалевых колаў на восі. За кошт такой рухомай канструкцыі ровар не заносіць нават на вельмі дрэнных дарогах.

У ГЭТЫМ РОВАРЫ НЕ МАЕ ПАНАЖОЎ
ФОТА: BOBRUISK.RU

Канструкцыя сабраная на падставе рысункаў, гэта асабістая распрацоўка пенсіянера, але ён гатовы падзяліцца ёю, калі знойдуцца ахвочыя.

- Паводле маіх рысункаў ужо адзін чалавек сабраў электрычны ровар. Мужчына спыніў мяне на вуліцы, стаў распытваць, што і як. У выніку мы пазнаёміліся, я дапамог яму ў зборцы, - распавёў Георгій.

Бельскі ўпэўнены - чым больш электрычнага транспарту будзе ў горадзе, тым чысцейшае будзе паветра і здаравейшыя людзі. Спадар Георгій абураецца:

- Паглядзіце, колькі самаходаў ездзіць. Сярэдняя вага аўто - тона трыста. А ў кожным - толькі адзін чалавек. Я меў самаход, але я ўсё жыццё на працу ездзіў на ровары.

Сп.Георгій мяркуе, што за электрычным транспартам - будучыня, пагатоў у Беларусі неўзабаве ўвядуць у дзеянне першы блок АЭС, і з электраэнэргіяй праблем не будзе.

Для большай зручнасці мужчына цалкам прыбраў з ровара панажы, а замест іх змайстраваў металічныя прыступкі, якія засланіў спецыяльнымі пырскавікамі.

Сядло ровара вынаходнік таксама перарабіў. Сам сабраў больш выгоднае - шырокі драўляны каркас абцягнуў скурай і набіў напаўняльнікам.

БАГАЖНІК ТАКСАМА ПЕРАРАБІЎ
ФОТА: BOBRUISK.RU

Каб зручней было перавозіць рэчы, прыбудаваў замест стандартнага багажніка вялікі кошык. На дне, пад вечкам, Георгій заўсёды возіць патрэбнае начынне.

- Уся канструкцыя, з улікам кошту ровара, каштавала прыкладна 580 даляраў, а трохколавыя электраровары могуць каштаваць і ў два разы даражэй, - падлічыў пенсіянер.

Са слоў спадара Георгія, рэгістраваць у ДАІ такі ровар не трэба, і пасведчанне кіроўцы не спатрэбіцца. Захоўваць яго можна дзе хочаш, ён, да прыкладу, трымае ў сутарэнні дома.

Абслугоўванне электрычных ровараў каштуе прыкладна паўтара рубля штомесяц (на гэтую суму Георгій ацаніў электраэнэргію для сілкавання акумулятара).

Трохі пра вынаходніка

Георгій Бельскі працаваў на Бабруйскім машынабудаўнічым заводзе з 1957 да 2000 года. Быў начальнікам аддзела механізацыі і аўтаматызацыі. Вынаходзіў сур'ёзныя машыны і станкі. Хоць першае ягонае вынаходніцтва ніяк з прамысловасцю не было звязанае: спадар сканструяваў самавызваляны якар для рыбнай лоўлі з лодкі.

Апараты сп.Георгія, паводле ягоных слоў, працуюць на заводзе дагэтуль - гэта станок для электракантактнай апрацоўкі і фармовачная машына. Гэтыя вынаходкі ён таксама запатэнтаваў.

Пенсіянер распавёў - за савецкім часам ён браў тры тысячы рублёў на год за тое, што ягоныя патэнты выкарыстоўваюцца.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках