4 траўня 2024, Субота, 4:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Воршы прадалі дом, дзе жыў Уладзімір Караткевіч

4
У Воршы прадалі дом, дзе жыў Уладзімір Караткевіч

Дом набыў бізнэсовец, каб перадаць музею.

Выстаўлены на продаж дом у Воршы, у якім пасля вайны жыла сям'я Уладзіміра Караткевіча, знайшоў новага гаспадара.

«Наколькі мне вядома, дом прададзены. Я пра гэта пачула тыдні два таму, - распавядае «Еўрарадыё» Юлія Камарова, дырэктар «Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны», да якога належыць музей Уладзіміра Караткевіча. - Хто выкупіў, я не ведаю, але ведаю, што руйнаваць дом сапраўды ніхто не збіраецца. Мы хадзілі глядзець, пакуль там усё як было. Цяпер дом у дрэнным стане, працякае дах, яго трэба рамантаваць. Былая ўладальніца перадала некалькі рэчаў, якімі карыстаўся Караткевіч, і з'ехала ва Украіну».

Дом Караткевічаў размешчаны насупраць радзільні на вуліцы, якая носіць імя пісьменніка. Жывучы тут, Уладзімір Сямёнавіч напісаў адзін з самых вядомых сваіх твораў - «Дзікае паляванне караля Стаха». Сюды прыязджалі яго сябры, у тым ліку, Генадзь Бураўкін і Рыгор Барадулін.

Да 2015 года ў доме жыў Юрый Барабаш, муж Раісы Валер'еўны, пляменніцы Уладзіміра Караткевіча. Шмат гадоў Юрый сачыў за домам. Пасля яго смерці ўладальніцай стала яго дачка - Ірына, якая жыве ў Адэсе і рэдка бывае ў Воршы.

У канцы ліпеня 2018 года Ірына выставіла дом на продаж. Існавала небяспека, што новы ўласнік вырашыць пазбавіцца ад старога будынка і пабудаваць на яго месцы што-небудзь больш сучаснае.

За будынак прасілі 15 тысяч даляраў. Каб выратаваць ад разбурэння, яго збіраліся выкупіць аршанскія грамадскія актывісты. Але, наколькі вядома Еўрарадыё, зрабіць гэта не ўдалося.

Са слоў дырэктара, былая ўладальніца запэўніла работнікаў музея, што новы гаспадар не будзе разбураць дом Караткевіча. Паводле нашай інфармацыі, дом пісьменніка набыў буйны беларускі бізнэсовец, ураджэнец Воршы. Ён мае намер перадаць яго музею Уладзіміра Караткевіча.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках