4 траўня 2024, Субота, 5:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Томас Янелюнас: Беларусь наўрад ці зможа застацца ў баку ад ваенных канфліктаў РФ

3
Томас Янелюнас: Беларусь наўрад ці зможа застацца ў баку ад ваенных канфліктаў РФ
ТОМАС ЯНЕЛЮНАС
ФОТА: DELFI

Вайсковая інтэграцыя паміж рэжымамі ў дзвюх краінах дасягнула занадта высокага ўзроўню.

У каментары пастановы ЗША аб выхадзе з дамовы з Расеяй аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці дарадца прэзідэнта ЗША Джон Болтан заявіў, што расейскія ракеты ўжо знаходзяцца ў Еўропе і пагражаюць ёй.

На сёння вядома пра размяшчэнне расейскіх ракетных комплексаў «Іскандэр» у Калінінградскай вобласці, дзе, паводле апошніх звестак будуюцца новыя ядзерныя бункеры.

Наколькі ўзрастае іх пагроза ў сувязі з тым, што цяпер фактычна перастае дзейнічаць дамова аб стратэгічным ядзерным стрымліванні з ЗША? На пытанні Charter97.org адказвае прафесар Інстытута міжнародных дачыненняў і палітычных навук у Вільні Томас Янелюнас:

- Думаю, што амерыканцы выходзяць або збіраюцца выходзіць з дамовы пра ракеты сярэдняй і меншай далёкасці (ДРСМД) у сувязі з тым, што ў ЗША сапраўды ёсць довады, што Расея яе парушае. У выніку адзіная звышдзяржава, якая можа яе стрымаць, павінна ў аднабаковым парадку абмяжоўваць гэтыя ўзбраенні. Што, як мінімум, нелагічна.

На сёння ЗША настроеныя аднавіць інвестыцыі ў ядзерныя тэхналогіі. Выхад з дамовы дазволіць ім ажыццявіць больш маштабную праграму мадэрнізацыі ядзерных узбраенняў для больш эфектыўнага стрымлівання Расеі.

- Наколькі сур'ёзнымі ў гэтай сувязі могуць быць дзеянні РФ? Ці ўзрасце расейская пагроза для балтыйскага рэгіёну?

- Балтыйскія краіны ўжо з'яўляюцца той геаграфічнай зонай, дзе пагроза РФ, нават без выхаду з ДРСМД, з'яўляецца даволі сур'ёзнай. Расейскі бок можа дасягнуць балтыйскіх мэтаў, нават з тактычнымі ракетамі, з далёкасцю палёту да 500 кіламетраў.

Расейская пагроза цяпер можа ўзрасці ў іншых кірунках. Я маю на ўвазе Усходнюю Еўропу і патэнцыйныя канфлікты, якія маглі б уцягнуць амерыканцаў у сітуацыю павышэння глабальнай нестабільнасці.

Вядома, новая сітуацыя можа падзейнічаць на агульны ўзровень бяспекі ў краінах Балтыі, але, строга кажучы, мы не трапляем у тую стратэгічную зону, праз якую цяпер узнікае новы віток напружання паміж Расеяй і ЗША.

- Сёння міністр абароны РФ Сяргей Шайгу заявіў у Менску аб тым, што ў сувязі з магчымым размяшчэннем у Польшчы дывізіі войска ЗША будуць ужытыя захады ў адказ. Што гэта можа азначаць на практыцы? Ці можа Расея размясціць у Беларусі кантынгент наземных войскаў на сталай аснове?

- Так, думаю гэта можа стаць падставай для назапашвання наземных дывізій ці іншых вайсковых фармаванняў РФ у Беларусі.

Можа наступіць новы этап павышэння канцэнтрацыі войскаў Расеі на мяжы з NATO.

Але думаю, што гэта, хутчэй, звязанае з уласнымі стратэгічнымі мэтамі Расеі. Шмат што залежыць ад таго, як яна будзе разглядаць Беларусь у якасці патэнцыйнага плацдарму для сутыкнення з краінамі NATO.

Калі такія сцэнары ўваходзяць у доўгатэрміновую стратэгію Расеі, калі РФ настроеная на павышэнне ўзроўню пагрозы і рыхтуе свае ўзброеныя сілы да непазбежнасці канфлікту з NATO - то канцэнтрацыя расейскіх узброеных сіл на тэрыторыі Беларусі будзе адбывацца.

- Наколькі інтэнсіўна, на вашу думку, Расея ўжо выкарыстоўвае Беларусь як вайсковы плацдарм для пагрозы на заходнім кірунку?

- Гэтая ступень пагрозы даволі высокая. І вайсковая інтэграцыя паміж Расеяй і Беларуссю дасягнула ўжо такога ўзроўню, калі без беларускага садзейнічання РФ не можа правесці вялікіх мерапрыемстваў на заходнім кірунку.

На сёння ўжо задзейнічаны комплекс прававых і тэхнічных інструментаў для цеснага супрацоўніцтва паміж Расеяй і Беларуссю ў вайсковай сферы. І гэта азначае, што вайсковая інтэграцыя дзвюх краін дасягнула такога ўзроўню, што Беларусь наўрад ці зможа застацца ў баку ад узброеных канфліктаў РФ.

Думаю, што Беларусь непазбежна будзе часткай такой стратэгіі Расеі, якая прадугледжвае садзейнічанне Крамлю ў ваенных дзеяннях.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках