3 траўня 2024, Пятніца, 23:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч - Лукашэнку: А тыя, хто атрымлівае па 250 рублёў - да якога гатунку належаць

62
Генадзь Фядыніч - Лукашэнку: А тыя, хто атрымлівае па 250 рублёў - да якога гатунку належаць
ФОТА: РАМАН ПРАТАСЕВІЧ

Лідар прафзвязу РЭП адказаў на фразу дыктатара пра «людзей другога гатунку».

Лідар незалежнага прафзвязу РЭП пракаментаваў выказванне Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што студэнты, якія з'язджаюць за мяжу, усё адно застаюцца «людзьмі другога гатунку», піша praca-by.info.

Генадзь Фядыніч спаслаўся на статыстыку, згодна з якой блізу 24 тысяч маладзёнаў з Беларусі цяпер вучацца за мяжой:

- Давайце казаць шчыра: сёння ўзровень ведаў, якія даюць беларускія ВНУ, мякка кажучы, значна горшы, чым быў яшчэ гадоў 10-15 таму. Гэта залежыць і ад падрыхтоўкі выкладчыкаў, і ад іх матывацыі - гэта значыць, ад заробку. А ў маладых спецыялістаў, якія прыступаюць да працы, таксама павінна быць матывацыя: дакладнае ўяўленне пра свае крокі па кар'ернай лесвіцы. Не далей, як сёння ў прафзвяз РЭП прыйшоў маладзён, толькі пасля БДЭУ: працуе бухгалтарам першай катэгорыі, і ў яго аклад - 153 рублі. Да акладу - 50% прэміі, калі атрымае, і 10% - надбаўка за стаж. Пра якую матывацыю можна казаць?

Кіраўнік прафзвязу РЭП мяркуе, што сітуацыя ўжо не выправіцца натуральным чынам і патрабуе адмысловай праграмы:

- Па-разумнаму, трэба было б збіраць групы вельмі таленавітых студэнтаў, адпраўляць іх за кошт дзяржавы ў найлепшыя ВНУ свету - з умовай іх вяртання ў Беларусь, і ўжо ў Беларусі паціху рабіць эканамічныя пераўтварэнні і ставіць краіну на нармальныя рэйкі. Краіна павінна быць прывабнай: каб народ не ад'язджаў, а наадварот, сюды прыязджалі людзі. На жаль, мы наўрад ці ўбачым такую сітуацыю пры гэтай уладзе, але іншага шляху няма.

- Я ведаю людзей з Беларусі, якія скончылі Гарвард, але іх веды на радзіме не запатрабаваныя. І гэта таксама бяда ўлады: атрымаўшы выдатныя веды, чалавек не можа іх выкарыстоўваць для патрэб Беларусі. Магчыма, трэба распрацоўваць асобную нацыянальную праграму, каб людзі маглі выкарыстоўваць свае навыкі на карысць Беларусі і яе грамадзян. Проста запалохваннем пра «людзей другога гатунку» сітуацыю не выправіш. Ёсць розныя людзі! І не ва ўсіх, хто з'ехаў, усе складваецца так добра, як хацелася б; але жаданне, як кажа моладзь, «зваліць», на жаль, з кожным годам з’яўляецца ўсё ў большай ступені. Моладзь значна больш хоча з'ехаць з Беларусі, чым заставацца працаваць тут. І пустымі абяцаннямі тут нічога не зробіш.

Генадзь Фядыніч не думае, што эканамічных эмігрантаў, якія пакінулі Беларусь у пошуках лепшага жыцця, варта асуджаць:

- За што іх асуджаць? Людзі жывуць адзін раз. Калі б можна было адно жыццё пражыць у Беларусі, а другое - паехаць за мяжу і параўнаць... Гэта ж моладзь! - яны хочуць усё і адразу. Калі ёсць перспектыва - што іх спыніць? Я ведаю дзясяткі і сотні людзей, якія з'ехалі ў тую ж Польшчу, там навучылася і працуюць. Не хочуць яны вяртацца! Узровень заробку не той, стаўленне ўлады да людзей - не тое! Так, усюды трэба працаваць, грошы проста так не даюцца. Але калі ты зарабляеш добра - ты матываваны, ты ведаеш, што гэты даход будзе ў цябе ўвесь час - гэта усяляе ў чалавека ўпэўненасць у заўтрашнім дні. А вось наша моладзь страціла такую веру.

Генадзь Фядыніч адмоўна ўспрыняў саму ідэю дзялення людзей на якія-небудзь «гатункі»:

- Нельга людзей дзяліць такім чынам. А тыя, хто цяпер у рэгіёнах атрымлівае па 250 рублёў - да якога гатунку належаць паводле гэтай класіфікацыі? Гэта ж не віна - гэта бяда людзей: у тым, што яны не могуць зарабіць годныя грошы. Вось пра што трэба сёння гаварыць!

Напісаць каментар 62

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках