4 траўня 2024, Субота, 0:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кудрын: Расеі не дапаможа нават дарагая нафта

13
Кудрын: Расеі не дапаможа нават дарагая нафта
АЛЯКСЕЙ КУДРЫН

Кіраўнік Падліковай палаты РФ выступіў з прагнозам на 2019 год.

Кіраўнік Падліковай палаты Аляксей Кудрын даў у інтэрв'ю Bloomberg змрочны прагноз для расейскай эканомікі. Праз неразвязаныя ўнутраныя праблемы і санкцыі эканамічны рост у Расеі ў 2019 годзе будзе ніжэйшы за 1%. Не дапаможа нават значнае павышэнне коштаў нафты, бо энэргетычныя кампаніі ў варунках нявызначанасці аддадуць перавагу ўкласці сродкі ў міжнародныя актывы, паведамляе The Bell.

Паляпшэння становішча найбліжэйшым часам чакаць не варта - змякчэнне санкцый будзе магчымае толькі пры наступных прэзідэнтах Расеі і ЗША.

У 2019 годзе рост расейскага ВУП «складзе істотна менш за 1%», кажа кіраўнік Падліковай палаты, хоць раней Мінэканамразвіцця і Цэнтрабанк ацэньвалі тэмпы эканамічнага росту на 1,3% і ў 1,2-1,7% адпаведна. На думку Кудрына, запаволенню росту ВУП будуць спрыяць санкцыі, дэвальвацыя рубля і падвышэнне ПДВ з 18 да 20%.

Чаканне санкцый і магчымую дэвальвацыю заніжае існы прагноз аб росце ВУП на ўзроўні 1,8-2% на 0,5 адсотка, а ў выпадку жорсткіх санкцый страты будуць яшчэ вышэйшыя, мяркуе кіраўнік Падліковай палаты. Касавання або змякчэння санкцый Кудрын не чакае - з ягоных слоў, гэта адбудзецца як мінімум праз 5 гадоў «пры наступных прэзідэнтах ЗША і Расеі». Пры гэтым Кудрын адзначае, што больш за ўсё на запаволенне росту расейскай эканомікі ўплываюць не вонкавыя абмежаванні, а «праблемы ўнутраных інстытуцыйных, структурных рэформаў».

Спадзявацца на тое, што эканоміцы дапаможа рост коштаў нафты, не варта, мяркуе Кудрын - «нават калі кошт нафты раптам моцна вырасце, то на рост эканомікі гэта паўплывае мінімальна». Праз дрэнны інвестыцыйны клімат у варунках санкцый кошты нафты ўжо паўтара года не спрыяюць паляпшэнню эканамічнай кан'юнктуры ў Расеі, тлумачыць Кудрын. «Іх уплыў на рост эканомікі практычна вычарпаны», - рэзюмуе ён.

Куды ж тады пойдуць дадатковыя даходы пры росце коштаў нафты? Кудрын мяркуе, што не на інвестыцыі, а ў міжнародныя актывы, якія дапамогуць прадпрыемствам захаваць ліквідныя сродкі ў варунках нявызначанасці. «Так што нафтавая прыбаўка павялічыць адток капіталу, а не пойдзе на ўнутранае спажыванне», - кажа кіраўнік Падліковай палаты.

На думку Падліковай палаты, пры прагназаваным зніжэнні коштаў нафты і падзенні курсу рубля ў 2020-2024 гадах эканоміка будзе расці не хутчэй, чым на 2% у год (урад разлічвае на рост, большы за 3% на год - гэта неабходная ўмова для выканання травеньскага ўказа Уладзіміра Пуціна).

МВФ ацэньвае будучы рост расейскага ВУП больш аптымістычна. Аналітыкі фонду мяркуюць, што ў 2019 годзе тэмпы эканамічнага росту ў Расеі складуць 1,8%. На іх думку, падтрымку эканоміцы, дарэчы, нададуць высокія кошты нафты і рост унутранага попыту.

Пра «абмежаваную карысць» росту коштаў нафты для расейскай эканомікі пісалі летам 2018 года і аналітыкі агенцтва Fitch. Яшчэ меншы ўплыў кошты нафты робяць на курс рубля, казалі нядаўна апытаныя The Bell экспэрты.

У тым, што на паскарэнне росту ВУП паўплывае спажывецкі попыт, прымушаюць сумнявацца звесткі Расстата. З іх вынікае, што ў верасні індэкс спажывецкай ўпэўненасці расейцаў зафіксаваў самае значнае зніжэнне паказчыка з 2015 года - перыяду вельмі слабага рубля.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках