3 траўня 2024, Пятніца, 22:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінец заявіў, што яго завербавалі беларускія памежнікі

3
Украінец заявіў, што яго завербавалі беларускія памежнікі

Ад мужчыны патрабавалі звесткі аб кантрабандзе бурштыну.

Жыхар Украіны заявіў, што яго завербаваў беларускі памежнік дзеля інфармацыі аб кантрабандзе бурштыну, перамяшчэнні агнястрэльнай зброі, а таксама аб супрацоўніках украінскай памежнай службы. Пра гэта стала вядома з пастановы Роўненскага гарадскога суда Украіны, якая ўвайшла ў дзеянне 18 кастрычніка, піша tut.by.

З хадайніцтвам у суд звярнуўся пракурор: ён прасіў вызваліць украінца ад крымінальнай адказнасці за падрыхтоўку да дзяржаўнай здрады. Гэта магчыма, калі чалавек прызнаўся сам і яшчэ не ўчыніў злачынства (такі ж прынцып працуе ў Беларусі).

Украінец заявіў у СБУ, што нібыта яшчэ ў кастрычніку 2017-га ў беларускім пункце пропуску «Невель» яго завербаваў падпалкоўнік з аператыўна-вышуковага аддзела Пінскага памежнага атрада ДПК Беларусі. Для канспірацыі той назваў псеўданім Артур.

Са слоў замежніка, у той дзень ён атрымаў заданне: знайсці інфармацыю аб датычных да незаконнай здабычы і кантрабанды бурштыну з Зарэчненскага раёна Украіны ў Беларусь, а таксама:

«Падабраць сярод грамадзян Украіны кандыдатаў на вярбоўку для правакацыі супрацоўнікаў [беларускага] пункта пропуску «Невель» на атрыманне неправамернай выгады», - гаворыцца ў пастанове суда.

Трэцяя сустрэча прайшла ўжо ў студзені 2018 года ў Пінскім раёне, «падпалкоўнік» прасіў сабраць звесткі пра сваіх калег з украінскага аператыўна-вышуковага аддзела ДПК і іх працы ў Зарэчненскім раёне, а таксама аб Луцкім памежным атрадзе Украіны.

«У выпадку атрымання такой інфармацыі [«падпалкоўнік»] абяцаў развязаць усе пытанні ў перасячэнні дзяржмяжы РБ і перамяшчэння тавараў з Украіны», - пазначана ў дакуменце.

Суд улічыў, што хоць украінец пагадзіўся супрацоўнічаць з «карыслівых матываў», але ў ліпені 2018 года сам звярнуўся ў СБУ і прызнаўся ў сувязях з прадстаўніком суседняй дзяржавы. Мужчыну вызвалілі ад крымінальнай адказнасці, паводле якой яму пагражала да 15 гадоў пазбаўлення волі, а справу закрылі.

Нагадаем, у снежні 2017-га такую справу разглядаў суд у Чарнігаўскай вобласці Украіны. Са слоў украінца, у беларускім пункце пропуску «Новая Гута» супрацоўнікі КДБ пад «пагрозай дэпартацыі і забароны ўезду ў Беларусь» яго завербавалі. Ад мужчыны нібыта чакалі інфармацыю аб працы праваахоўнікаў і памежнікаў у суседняй краіне, а таксама пра мясцовых жыхароў - удзельнікаў АТА. Фігурант заявіў пра гэта ў СБУ, і суд вызваліў яго ад крымінальнай адказнасці, улічваючы, што заданне ён не выканаў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках