4 траўня 2024, Субота, 4:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яцэк Чапутовіч: Польшча застаецца адвакатам Украіны на міжнароднай арэне

Яцэк Чапутовіч: Польшча застаецца адвакатам Украіны на міжнароднай арэне
ЯЦЭК ЧАПУТОВІЧ

Кіраўнік МЗС Польшчы сустрэўся з украінскім калегам.

Кіраўнік польскага МЗС Яцэк Чапутовіч падчас сустрэчы з украінскім калегам Паўлам Клімкіным у Варшаве запэўніў у падтрымцы Украіны ў канфлікце з Расеяй, паведамляе «Радыё Польшча».

Польскія ўлады ўвесь час падтрымліваюць Украіну ў яе канфлікце з Расеяй. Пра гэта заявіў кіраўнік польскага МЗС Яцэк Чапутовіч падчас сустрэчы са сваім украінскім калегам Паўлам Клімкіным у Варшаве. Кіеў, аднак, асцерагаецца, што Расея будзе імкнуцца паглыбіць дэстабілізацыю на ўсходзе Украіны.

Міністр Яцэк Чапутовіч падкрэсліў, што Польшча будзе працягваць абараняць інтарэсы Украіну на міжнароднай арэне.

«Мы працягнем уздымаць пытанне незаконнай анэксіі Крыма і ўзброенай агрэсіі Расеі на ўсходзе Украіны на форуме міжнародных арганізацый, чальцамі якіх з'яўляецца Польшча, перш за ўсё, Рада бяспекі ААН, АБСЕ, ЕЗ і NАТО», - сказаў кіраўнік польскай дыпламатыі.

Міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін падзякаваў за напамін пра расейскую агрэсію на форуме Рады Бяспекі ААН, выказаўшы адначасова асцярогі, што Расея зробіць усё магчымае, каб дэстабілізаваць Украіну падчас парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў у наступным годзе.

Абодва міністры высока ацанілі развіццё двухбаковых стасункаў як у галіне эканомікі, так і ў грамадскіх дачыненнях. «Мы хочам, каб украінцы адчувалі сябе добра ў нашай краіне», - заявіў Яцэк Чапутовіч, дадаўшы, што ў Польшчы пражываюць больш за паўтара мільёна ўкраінцаў.

Кіраўніка дыпламатыі Польшчы і Украіны таксама дамовіліся аб неабходнасці паляпшэння сітуацыі на памежных пераходах. Украіна разлічвае пашырыць функцыянаванне супольнага мытнага кантролю з чатырох да васьмі пунктаў.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках