4 траўня 2024, Субота, 2:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Паліенка: Буду прадаўжаць барацьбу з дыктатурай

10
Зміцер Паліенка: Буду прадаўжаць барацьбу з дыктатурай
ЗМІЦЕР ПАЛІЕНКА
ФОТА: "РАДЫЁ СВАБОДА"

Былы палітвязень заклікаў да смеласці ў абароне сваіх правоў.

Сайт Charter97.org павіншаваў з вызваленнем палітвязня Змітра Паліенку, які сёння выйшаў з Бабруйскай калоніі і задаў яму некалькі пытанняў.

- Якія ў вас ўражанні ад Бабруйскай калоніі? Што запомнілася больш за ўсё? Ці можна казаць пра ціск адміністрацыі на палітвязняў?

- Калі казаць пра ўражанні, то яны не вельмі. З боку адміністрацыі калоніі была падвышаная ўвага. Яны рабілі рознае паскудства, напрыклад, не прапускалі лісты, за два гады ні разу не далі мне схадзіць на доўгае спатканне з бацькам. Увесь час ладзілі правакацыі.

Напрыклад, мяне закрывалі ў штрафным ізалятары (ШІЗА) і кідалі ў адну камеру з неанацыстамі, ведаючы, што я прытрымліваюся антыфашысцкіх поглядаў. Магчыма, думалі, што мы будзем канфліктаваць. Але абышлося.

- Што дапамагло вам вытрымаць двухгадовы тэрмін, нягледзячы на правакацыі адміністрацыі калоніі? Якія формы падтрымкі мелі для вас найбольшае значэнне?

- Дапамагла грамадская салідарнасць. Асабліва хачу адзначыць падтрымку сяброў, паплечнікаў, апазіцыйных сілаў, праваабаронцаў, публікацыі ў незалежных СМІ. Менавіта дзякуючы ўсім гэтым чыннікам за два гады адміністрацыі калоніі не атрымалася мяне «задушыць».

- Калі пра чалавека пішуць незалежныя СМІ, да яго прыходзіць вялікая колькасць лістоў - ці выклікае гэта павагу ў іншых зняволеных? Ці важна гэта для чалавека, які трапіў у турму?

- Ведаеце, для маіх сукамернікаў такая маштабная салідарнасць была вельмі незвычайнай. Адзначу, што многія падзялялі і падтрымлівалі мае погляды. Амаль усе крытыкавалі дзейную ўладу. Дакладна магу сказаць, што не сустрэў за кратамі ніводнаго чалавека, які б сказаў, што «я - за Лукашэнку».

- Ці дапамагло вам афіцыйнае прызнанне вязнем сумлення? Як статус палітвязня адбіваецца на ўмовах знаходжання ў калоніі?

- Я думаю, што вельмі важна - каб чалавека афіцыйна прызнавалі палітвязням. Мне гэта дапамагло. Коратка кажучы, у мяне была пагроза «раскруткі» тэрміну паводле артыкула «непадпарадкаванне», але статус палітвязня не даў адміністрацыі гэтага зрабіць.

- Чым вы збіраецеся займацца на волі?

- Найбліжэйшым часам планую сустрэцца са сваякамі, блізкімі, сябрамі. А далей - буду прадаўжаць барацьбу з дыктатурай і ўсёй гэтай сістэмай. Будзем дамагацца вызвалення іншых палітвязняў.

- Што б хацелі сказаць нашым чытачам, якія сачылі за вашым лёсам і сёння чытаюць пра ваш выхад на свабоду?

- Я хацеў бы ўсім падзякаваць, перадаць вялізнае прывітанне і сказаць: не бойцеся бараніць свае правы!

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках