4 траўня 2024, Субота, 7:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гамяльчук пра аўрал праз Лукашэнку: Прыгожа – гэту лякарню адрамантаваць, а гэта - дурасць

35
Гамяльчук пра аўрал  праз Лукашэнку: Прыгожа – гэту лякарню адрамантаваць, а гэта - дурасць
ФОТА: TUT.BY

Гомельскія працоўныя не хаваюць эмоцый.

Напярэдадні I Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які запланаваны на 25-26 кастрычніка, у Гомелі сапраўдны аўрал. Мяняюць плітку, перасцілаюць асфальт, фарбуюць дахі і фасады дамоў. У аперацыі задзейнічаныя дзясяткі адзінак тэхнікі і сотні людзей, піша tut.by.

Лукашэнка і Парашэнка прыбудуць у Гомель у пятніцу. Маршрут руху кіраўнікоў дзяржаў не называецца, але вылічыць яго нескладана: дзе ў горадзе самыя роўныя дарогі і самы прыгожы ходнік - там і праедуць прэзідэнцкія картэжы.

Асаблівую ўвагу надалі трасе з аэрапорта - тут паклалі новы асфальт. Адрамантавалі дарожнае палатно і на вуліцы Федзюнінскага.

Ад плошчы Леніна да плошчы Паўстання паабапал Савецкай рабочыя ўжо які тыдзень перакладаюць плітку. Кажуць, замянілі 13 тысяч квадратных метраў. Новыя ходнікі - з беларускім арнаментам. Дарэчы, улады раней абяцалі, што старая плітка пасля дэмантажу знойдзе ўжыванне на іншых аб'ектах. Што ж, пажывём - пабачым.

На Савецкай уздоўж праезнай часткі на ходніках усталявалі бетонныя вазоны з туямі. Не каштаны, але таксама прыгожа, заўважаем мы.

- Прыгожа - гэта калі б мы новы дзіцячы садок пабудавалі або лякарню на Камісарава адрамантавалі, каб калі чалавека прывезлі, ён не ляжаў у калідоры. Вось гэта было б прыгожа, а гэта - дурасць, - не хавае эмоцый адзін з рабочых.

Мужчына кажа, што за тры тыдні аўральнай працы ягонай брыгадзе давялося выслухаць дзясяткі, калі не сотні, прэтэнзій ад гараджан.

- Чамусьці ўсе думаюць, што гэта наша ініцыятыва: добрую плітку мяняць на іншую добрую, і кожны ідзе і свой негатыў лье на нас.

- А што кажуць?

- Да сябе ў двары запрашаюць, паглядзець, дзе сапраўды трэба нешта рабіць, - усміхаецца рабочы.

На многіх вуліцах, якія прымыкаюць да Савецкай, зняты стары і аператыўна выкладзены новы асфальт. Будынкі, якія, відавочна, могуць трапляць у поле зроку высокіх гасцей, таксама надумалі асвяжыць. Так, на Пралетарскай пафарбавалі дахі некаторых дамоў. А на Пушкіна з усіх бакоў «упрыгожаны» малярамі і тынкоўшчыкамі корпус каледжа мастацтваў імя Н.Ф. Сакалоўскага.

Тут работнікі адразу двух арганізацый - ААТ «Гомельрамбуд» і ААТ «Сантэхэлектрамантаж». Працуюць ад заходу да світання: на ўсё пра ўсё, кажуць, далі чатыры дні. Аўторак - апошні.

- Знялі з дома на Сельмашы і сюды адправілі. Сказалі зачысціць, падтынкаваць, дзе трэба і пафарбаваць. Ужо скончылі амаль, паглядзіце, ну як? - відавочна задаволены вынікам рабочы.

- Прыгожа, але навошта, калі ў наступным годзе тут павінен быць капрамонт? - здзіўляецца неабыякавы мінак - відавочна мясцовы жыхар.

Паміж першым і чацвёртым корпусам універсітэта ім. Ф. Скарыны працоўныя трэста №14 фарбуюць парапеты ў тэракотавы колер. Праз дарогу ад іх у скверы ля паліклінікі з дзясятак жанчын энэргічна грабуць апалае лісце. З-пад паліто выглядаюць белыя халаты.

У панядзелак насупраць стадыёна «Лакаматыў» узадралі да непазнавальнасці пляцоўку ля пастамента гетману Багдану Хмяльніцкаму. Тут працуюць супрацоўнікі ААТ «Кірмаш» і Савецкага КРЖУПа: здымаюць старую і кладуць новую плітку. Фронт работ невялікі - прыкладна 250 квадратных метраў. Але і часу вобмаль - трэба скончыць да вечара серады.

Але самы вялікі ажыятаж у гэтыя дні ў скверы імя Тараса Шаўчэнкі на вуліцы Барыкіна: прэзідэнт Украіны плануе ўскласці да меднага бюсту ўкраінскага паэта вянок. Падыходы да помніка народнага песняра ў гэтыя дні таксама наспех выкладваюць новай пліткай.

Дэдлайн - раніца чацвярга. Са з'яўленнем у горадзе картэжаў будаўнікі камунальнікі і медработнікі з граблямі павінны знікнуць з гарадскіх вуліц.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках