29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паступіў першы «званочак» ад новага дэкрэта аб «дармаедах»

99
Паступіў першы «званочак» ад новага дэкрэта аб «дармаедах»

Калі адным пакетам ідзе «заходняя камуналка», то другім павінен ісці «заходні заробак».

Нядаўна міністарка працы Ірына Касцевіч заявіла, што ў Беларусі тэстуецца «дармаедская база». Першыя вынікі тэстаў паабяцалі ўжо ў лістападзе.

Як высветлілася, улады ўжо ва ўсю выпрабоўваюць новы дэкрэт у «палявых умовах». Прававы інспектар працы незалежнага прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Гомельскай вобласці Леанід Судаленка распавёў сайту Сharter97.org пра «першыя ластаўкі» новага дэкрэта:

- Гісторыя вельмі жыццёвая. У прафзвяз РЭП звярнуўся праграміст-фрылансер, які нідзе афіцыйна не працуе. Асноўны ягоны артыкул даходаў - праца ў замежных кампаніях. На жыццё ён не скардзіцца.

Але нечакана яго праз тэлефон запрашаюць у адміністрацыю Цэнтральнага раёна Гомеля ў «дармаедскую камісію».

На пытанне «што вы мне будзеце прапаноўваць» яны адказалі: «будзем вас выхоўваць працай». Ён думаў, што яму прапануюць працу адпаведна спецыяльнасці, але гэта не так. Камісія можа прапанаваць яму, чалавеку з вышэйшай адукацыяй, нават працу дворніка.

Чалавек, які звярнуўся да мяне, сказаў, што не пойдзе на размову, але рэч у тым, што ён з'яўляецца ўласнікам жылля і яго цікавіць 100%-ая аплата камунальных паслуг, якую рыхтуюць улады з 1 студзеня.

Што гэта будзе - мне самому цікава. Дзяржава нас увесь час палохае гэтай лічбай, а ніхто не ведае, што гэта за сума.

Мы з ім разважылі, што не варта туды хадзіць. Яны проста не ў стане прапанаваць яму цікавую вакансію. Гэта нават смешна абмяркоўваць.

А па-другое, ён паабяцаў, што як толькі яму прыйдзе «дармаедскі рахунак», то ён з радасцю падзеліцца сваёй квітанцыяй з нашым прафзвязам.

Хачу адзначыць, што гэта першы рэальны кейс з такой праблемай. Іншых выпадкаў не было. Гэта свайго кшталту першы «званочак» ад новага дэкрэта аб «дармаедах».

Успомнім і пра тое, што нашы чыноўнікі гаварылі не толькі пра «камуналку», але і медыцыну, праезд у грамадскім транспарце.

Я не ведаю, як яны збіраюцца ажыццяўляць сваю задуму, бо медыцына ў нас згодна з Канстытуцыяй бясплатная. З праездам - таксама не ведаю, калі толькі чыноўнікі вынайдуць «праязны дармаеда». Вось гэтыя пытанні і павісаюць у паветры.

- Урад заявіў аб тым, што ставіць сваёй мэтай перавесці ўсё насельніцтва Беларусі на 100%-ю аплату паслуг ЖКГ. Атрымліваецца, што праз некаторы час не толькі «дармаеды» будуць аплачваць камунальныя паслугі поўным коштам. Як вы думаеце, можа ўлады наважылі выпрабаваць рэакцыю насельніцтва на новыя рахункі менавіта на «дармаедах»?

- Мне цяжка шукаць здаровы сэнс там, дзе яго няма. Безумоўна, калі дзяржава ўводзіць такія рахункі , то яна павінна падумаць і аб годнай аплаце працы. Нашы чыноўнікі дэкларуюць сярэднія заробкі на ўзроўні 500 даляраў, а напраўду - у рэгіёнах 250 даляраў уважаецца за добры заробак і людзі ў чэргах стаяць па такія вакансіямі.

- Сапраўды, улады бесперапынна нас палохаюць краінамі Захаду, дзе насельніцтва аплачвае «камуналку» на 100%, але ніхто не кажа пра заробкі, якія там атрымліваюць.

- Безумоўна, у той жа Польшчы дэкларуецца сярэдні заробак да $1270, а вы кажаце народу, што будзеце браць 100% за «камуналку» пры такім жабрацкім заробку. Добра, без пытанняў. Але тады дайце нам такі сярэдні заробак, каб мы маглі аплачваць такія паслугі ЖКГ.

Урад палохае нас, мы дваццаць гадоў чуем «вы што, хочаце як на Захадзе?», дык можа надышоў час, і беларусы хочуць «як на Захадзе».

Але тады звяртаюся да нашых чыноўнікаў, хай прапануюць поўны пакет. Раз адным пакетам ідзе «заходняя камуналка», то другім павінен ісці «заходні заробак».

- Чаму, на ваш погляд, мы не бачым у СМІ і грамадскай прасторы рэзанансу і інфармацыі аб працы «дармаедскіх камісій»?

- Мне складана сказаць, можа хтосьці маўчыць і з усім згаджаецца. Але факт застаецца фактам. Ужо сёння людзей выклікаюць у «дармаедскія камісіі». Абноўлены дэкрэт пачаў працаваць, а камісіі не толькі збіраць інфармацыю, але і выклікаюць беларусаў на дыван.

Ведаеце, я свята верыў, што да канца года яны не адважацца чапаць людзей. Не, высветлілася, што яны ўжо знайшлі праз базу чалавека і надумалі за яго ўзяцца.

- Улады заяўлялі аб тым, што злосных парушальнікаў будуць адпраўляць у ЛПП. Як вы думаеце, ці можа праграміст, які звярнуўся да вас, калі ён адмовіцца плаціць, апынуцца ў такой установе?

- Я думаю, што гэта перабольшванне. На шчасце, у нас ёсць норма, згодна з якой чыноўнікі сваёй пастановай не могуць абмежаваць свабоду чалавека. Усё ж павінна быць судовае разбіральніцтва.

Думаю, што камісіі будуць хадайнічаць перад судамі аб адпраўцы «дармаедаў» у ЛПП, а пастановы будзе прымаць суд.

- Калі чакаць грамадскай рэакцыі на новы закон?

- Дэкрэт уваходзіць у дзеянне з 1 студзеня 2019 года. Новыя рахункі прыйдуць беларусам 15 лютага. Менавіта тады часова незанятыя ў эканоміцы ўласнікі жылых памяшканняў павінны будуць плаціць за паслугі ЖКГ цалкам. Тады людзі пачнуць эмацыйна рэагаваць і выказваць сваю незадаволенасць. Але я б не адкладваў развязанне праблем у доўгую скрыню. Праблемы трэба развязваць ужо цяпер.

Напісаць каментар 99

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках