20 красавiка 2024, Субота, 11:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусь вернецца карціна ўраджэнца Гомеля, які стаў знакамітым у Францыі

У Беларусь вернецца карціна ўраджэнца Гомеля, які стаў знакамітым у Францыі

Неўзабаве «Нацюрморт» Міхаіла Кікоіна можна будзе ўбачыць у калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея.

Супрацоўнікі пасольства Беларусі ў Швейцарыі выявілі ў карціннай галерэі ў Форт-Ладэрдэйл (ЗША) працу знакамітага мастака Міхаіла Кікоіна «Нацюрморт». Неўзабаве гэтую карціну можна будзе ўбачыць у калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея, паведамляе сайт амбасады.

Нацюрморт Кікоіна (алей на палатне, 44 × 55см) быў выкуплены пры фінансавай падтрымцы Ганаровага консула Беларусі ў Лазане Андрэя Нажэскіна (раней пры яго падтрымцы на Радзіму вярнуліся тры творы беларуска-французскай мастачкі Надзеі Хадасевіч-Лежэ). Найбліжэйшым часам «Нацюрморт» будзе перададзены ў дар Нацыянальнаму мастацкаму музею, у калекцыі якога пакуль няма ніводнай працы гэтага мастака.

Прадстаўнік «Парыжскай школы» Міхаіл Кікоін нарадзіўся ў 1892 годзе ў Гомелі, дзяцінства правёў у Рэжыцы Віцебскай губерні (цяпер Рэзекнэ, Латвія) і Менску (у інтэрнэце сустракаюцца звесткі, што ён нарадзіўся ў Рэчыцы, але інфармацыю пра Гомель пацвярджаюць яго родныя). Адукацыю атрымаў у будучай беларускай сталіцы, а таксама ў Вільні.

У 1912 году перабраўся да стрыечнага брата Язэпа ў Парыж. Пасяліўся ў інтэрнацыянальным інтэрнаце мастакоў Вулей.

Кікоін удзельнічаў у Першай сусветнай вайне. Неўзабаве пасля яе заканчэння адбылася яго першая персанальная выстава, а ў 1924-м ён стаў французскім грамадзянінам.

Кікоін памёр у 1968 годзе ў Парыжы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках