5 траўня 2024, Нядзеля, 18:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Гародні судзяць экс-галоўнага лекара абласной лякарні

8
У Гародні судзяць экс-галоўнага лекара абласной лякарні
СВЯТАСЛАЎ САВІЦКІ
ФОТА: GRODNO24.COM

Ён утаіў выбух у оперблоку, дзе загінулі двое рабочых.

У судзе Ленінскага раёна Гародні пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да былога галоўнага лекара Гарадзенскай абласной клінічнай лякарні, піша tut.by.

Яго вінавацяць у тым, што ўлетку 2013 года ўтаіў выбух газа-паветранай сумесі, у выніку якога загінулі двое рабочых. Следства таксама мяркуе, што кіраўнік незаконна выпісваў прэміі (больш чым на 400 мільёнаў недэнамінаваных рублёў) загадчыкам аддзяленняў, а таксама супрацоўнікам адміністрацыі. З фінансавымі прэтэнзіямі Святаслаў Савіцкі катэгарычна не згодны, а вось ва ўтойванні выбуху віну сваю прызнае цалкам.

Святаславу Савіцкаму 56 гадоў. Галоўным лекарам Гарадзенскай абласной клінічнай лякарні быў прызначаны ў 2002 годзе. Да гэтага працаваў у раённых шпіталях. З 2014 года з'яўляецца дацэнтам адной з кафедраў Гарадзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Аўтар 52 навуковых прац, дзвюх манаграфій і аднаго вынаходніцтва. Мае 20-гадовы досвед медычнай практыкі. На момант распачынання крымінальных спраў кіраўнік лякарні быў «дэпутатам» абласнога «савета».

Перад пачаткам судовага пасяджэння Савіцкі доўга абураўся, што ў зале прысутнічаюць журналісты.

- Разумееце, я страціў пяць гадоў жыцця (столькі ішло расследаванне крымінальнай справы. - Заўвага.) і сваё здароўе, - ківае Святаслаў Савіцкі на кій, з дапамогай якога цяпер ходзіць.

Каментаваць штосьці па сутнасці справы ён адмовіўся і прасіў яго не фатаграфаваць.

У зале суда сёння не было ні сведкаў - яны выкліканы «на іншыя даты», ні прадстаўнікоў пацярпелых, хоць яны былі выкліканыя на сёння, 23 кастрычніка.

Фінансавыя прэтэнзіі да галоўнага лекара з'явіліся яшчэ ў 2012 годзе. Згодна з матэрыяламі справы, пачынаючы з лістапада 2012-га Святаслаў Савіцкі «аднаасобна прымаў пастановы аб матэрыяльным стымуляванні работнікаў». Пры гэтым прэміі выпісваліся адным і тым жа супрацоўнікам. Свае загады аб прызначэнні прэмій некаторым лекарам кіраўнік не ўзгадняў ні з вышэйшымі арганізацыямі, ні з прафзвязам. У выніку да сярэдзіны 2013 гады такім чынам было выдадзена прэмій на 423 мільёны недэнамінаваных рублёў.

Галоўны лекар абласной лякарні падазраваўся таксама ў завалодванні маёмасцю медустановы, аднак разгляд гэтай крымінальнай справы быў спынены.

Справа па факце надзвычайнага здарэння ў гарадзенскай лякарні была распачатая ў студзені 2014 года, сам выбух адбыўся летам 2013-га. Экс-галоўны лекар тады пад варту ўзяты не быў: ён знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах.

15 ліпеня 2013 года 47-гадовы і 55-гадовы рабочыя рабілі рамонт у адным з аперацыйных блокаў. Выкарыстоўвалі светлавую гармату і газавы балон. У выніку парушэння тэхнікі бяспекі ў памяшканні ўтварылася газапаветраная сумесь, якая ў выніку і выбухнула. Рабочыя атрымалі сур'ёзныя траўмы, абодва памерлі. Следства выявіла, што адзін з загінулых быў п'яны.

Святаслаў Савіцкі, які тады быў галоўным лекарам, ні ў міліцыю, ні ў МНС, ні ў Міністэрства аховы здароўя, ні ў прафзвяз (хоць па інструкцыі павінен быў) не паведаміў. Мала таго, загадаў прыбраць з памяшкання светлавую гармату, балон, а наступствы выбуху замаскіраваць. Следства мяркуе, што пастанова аб утойванні НЗ у шпіталі была прынятая аднаасобна абвінавачаным.

Што адбылося з пацярпелымі пры выбуху, яшчэ будуць разглядаць у працэсе.

Праз тры дні пасля выбуху Савіцкі выдаў загад аб зняцці прэміі з адказнага за правядзенне рамонтных прац. У дакуменце было пазначана, што віна аб не паведамленні аб выбуху ляжыць менавіта на гэтым чалавеку. У студзені 2014 года, калі была распачатая крымінальная справа, гэты загад быў прызнаны несапраўдным і незаконным.

Пакуль у гэтай трагічнай гісторыі ёсць незразумеласці, якія павінен растлумачыць суд.

Святаслаў Савіцкі пагадзіўся даваць свае паказанні толькі пасля таго, як будуць заслуханыя сведкі і вывучаныя пісьмовыя довады. Плануецца, што суд будзе доўжыцца да канца лістапада. Цяпер у судовых пасяджэннях абвешчаны перапынак.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках