28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Латвія: 100-годдзе незалежнасьці - нататкі для Беларусі

23
Латвія: 100-годдзе незалежнасьці - нататкі для Беларусі
Аляксандар Міхайлаў

У лістападзе ў Латвіі адбудзецца кульмінацыя ўрачыстых мерапрыемстваў з нагоды 100-годьдзя незалежнасьці краіны.

18 лістапада 1918 года быў падпісаны Акт аб Незалежнасьці Латвійскай Рэспублікі. Праграма святкаваньня складаецца з мноства мерапрыемстваў і праэктаў у сфэры культуры, адукацыі, спорту, будаўніцтва, турызму. Некаторыя зь іх пачаліся ў 2017 годзе, частка будзе пряцягвацца ажно да 2021 года. Краіна жыве са знакам "Латвія 100 год" цягам бягучага з 18 лістапада 2017 году штодзённа.

Праграма ўрачыстасьцяў стваралася на дзяржаўным узроўні, яна падкрэсьлівае сваёй працягласьцю доўгі шлях Латвіі да незалежнасьці, а таксама барацьбу за незалежнасьць, якая працягвалася падчас савецкай акупацыі (менавіта так афіцыйна завецца перыяд знаходжаньня Латвіі ў складзе СССР). Тым не менш, праграма святкаваньняў складалася не вертыкальна, а менавіта разрасталася і ахоплівае ўсю краіну. Дзяржава не абмяжоўвае праграму святкаваньня, заганяючы тых, хто жадае адзначыць 100-годьдзе незалежнасьці ў адзін парк праз мэталадэтэктары, а наадварот - агітуе латвійцаў прапаноўваць ідэі святкаваньня 100-годдьзя дзяржаўнасьці і ўвасабляць гэтыя ідэі разам.

З моманту стварэньня ў 1987-1988 гадох Народнага Фронту Латвіі "Атмада" і падзеяў, зьвязаных з канчатковым выхадам з СССР, якія адбываліся пасьля гэтага, жыцьцё ў Латвіі памянялася нашмат. Памяць аб падзеях 1980-х - пачатку 1990-х у Латвіі і ў Рызе ашчадна захоўваецца. Гэтая пара таксама мае паэтычную назву "Рэвалюцыя Песень". Вандруючы па цэнтры Рыгі вы зможаце рэінсталяваць акалічнасьці студзеньскіх падзеяў 1991 года ў парку недалёка ад Помніка Свабоды паміж Бастыённай Горкай і будынкам былога МУС Латвійскай ССР, тут усталяваныя пастамэнты ў памяць аб усіх тых, хто загінуў падчас супрацьстаяньня паміж дэманстрантамі і рыжскім АМАПам.

Сярод тых, хто аддаў сваё жыцьцё за незалежнасьць Латвіі - міліцыянт зь Беларусі Ўладзімер Гамановіч, які загінуў 20 студзеня 1991 года. Захаваньню памяці гэтых студзеньскіх падзеяў, якія прынята называць "час барыкад", надаецца асаблівая ўвага з боку дзяржавы. Нягледзячы на тое, што з 1991 года ў Латвіі праходзяць ужо дзявятыя па ліку парлямэнцкія выбары і падчас выбараў кожны раз зьмяняецца палітычная канфігурацыя ўлады, стаўленьне да падзеяў застаецца нязьменным. Памяць аб ахвярах і пашана змагарам за незалежнасьць - дэманстрацыя павагі да тых, для каго Незалежнасьць краіны стала ў розныя гады марай і сэнсам жыцьця і барацьбы.

Больш за 30000 удзельнікаў барыкадаў узнагароджаныя памятнымі мэдалямі, дзяржава адзначыла заслугі не толькі латвійцаў, але і жыхароў суседніх рэспублік былога СССР. Калі прайсьці крыху далей па цэнтры Рыгі, можна ўбачыць былыя будынкі МУС і КДБ Латвійскай ССР, але яны ўжо подаўна "па прызначэньні" не выкарыстоўваюцца. У Латвіі погляд на рэпрэсыўныя структуры былога Савецкага Саюза нельга назваць пазытыўным. У былым будынку КДБ разьмешчаны музэй склепаў "НК". Адным з важкіх момантаў канчатковага разьвітаньня з мінулым, несумненна, стане публікацыя архіваў КДБ ЛССР, якая зацьверджана Соймам Латвійскай Рэспублікі ў верасьні 2018 года.

Паступова ўваходзіць у масавую сьвядомасць назва народу Латвіі. "Латвійцы" - так цяпер прынята называць ўсіх жыхароў краіны. У сувязі з тым, што раней ўзнікала ці мала неадназначных сытуацый пры выкарыстаньні словаў "латыш" і "латышскі", краіна мае патрэбу ў тым, каб назва дзяржавы - "Латвійская Рэспубліка" - правільна адлюстроўвала і яе жыхароў. Тое, што адносіцца да Латвіі, называецца "латвійскім", а тое, што адносіцца выключна да этнасу - "латышскім". Калі ў некаторых гасьцёў краіны гэтая лінгвістычная спрэчка выклікае ўсьмішку, дык самі латвійцы ставяцца да гэтага з разуменьнем і сур'ёзна.

З сярэдзіны XIX стагоддзя, калі ўзнік першы нацыянальны рух у Латвіі супраць асыміляцыі карэннага народа зь немцамі, латышы марылі аб незалежнасьці, змагаліся за яе і жылі зь ёй у душы і ў думках. C гэтага часу хваля нацыянальнага абуджэньня для ўсяго народа толькі набірала моц, а сьцяг Латвіі, які ўпершыню згадваецца ў 1272 годзе як сьцяг латгальскага ратніцтва пры абароне замка Вэндэн (цяперашні Цэсіс), таксама як і гэрб - гонар ўсёй Латвіі. Кармінавы колер сьцяга ў пачатку 20-х гадоў мінулага стагодьдзя быў зафіксаваны як эталонны.

У пачатку 90-х гадоў за незалежнасьць Латвіі пад нацыянальным сьцягам выступалі прадстаўнікі ўсіх нацыянальнасьцяў, якія пражывалі ў Латвіі. Турысты, якія прыязджаюць у Рыгу не раз казалі мне пра тое, што па колькасьці нацыянальных сьцягаў і іншых прадметаў геральдыкі на вуліцах Латвія несумненна апярэджвае нават ЗША. Па законе, кожны домаўладальнік абавязаны вывесіць нацыянальны сцяг у дні дзяржаўных святаў ці нацыянальнай жалобы. Тым не менш у звычайныя дні шмат хто сьцягі не здымае. Падкрэслім, сьцяг і герб - прадмет нацыянальнага гонару Латвіі.

Прыканцы 80-х гадоў мінулага стагодьдзя латышская мова (як і беларуская) стала на небяспечную мяжу прыпыненьня разьвіцьця, у прыватнасьці - СССР абмяжоўваў выданьні тэхнічных прац і даследаваньняў на латышскай мове, латышскую мову выймалі з ужытку шэрагу дзяржаўных устаноў. На жаль, трэба прыгадаць і тое, што дзе-нідзе пляліся такія "навуковыя" пастулаты, што латышская мова маўляў недастаткова багатая для выкарыстаньня ў навуцы, гаварылася, што гэта - "сялянская" мова і г.д. Вяртаньне латышскай мовы як адзінай дзяржаўнай, якое прыйшло з незалежнасьцю, ўдыхнула ў мову і яе дыялекты (напрыклад - латгальскі) новае жыццё, і калі ў 1990-1991 годзе суадносіны латвійцаў, якія валодалі і не валодалі латышскай мовай складалі 50% -50%, то сёньня можна сьмела сказаць, што колькасьць сталых жыхароў Латвіі, якая не валодае латышскай мовай, - мінімальная.

Гэткае стаўленьне да дзяржаўных сымбаляў, мовы, сымбаляў мінулага (нагадаем, савецкая сымволіка ў краіне забароненая амаль скрозь) выводзіць Латвію ў сталыя хэдлайны навінаў з Расеі аб прыгнётах мясцовых расейскамоўных жыхароў і іх масавым жаданьні з'ехаць з Латвіі на СМЖ да Расеі. Апусцім вядомую і ўжо зашмальцаваную на розных узроўнях тэму «неграмадзянаў». Зьвернем увагу толькі на тое, заканадаўча працэс натуралізацыі і атрыманьня грамадзянства Латвіі аформлены і за дзесяць год, што мінулі - да прыкладу - колькасьць неграмадзянаў Латвіі зьменьшылася ў два разы і складае на бягучы момант менш за 10% ад насельніцтва краіны.

Падымем значна больш важкую і крытычную тэму – іміграцыю з краіны як ёсьць. У 1918 і 2018 гадох насельніцтва Латвіі складала каля 1.900.000 чалавек, а ў 1980-м - каля 2.500.000 чалавек. Дык лагічна спытаць, а дзе пражывае яшчэ 600.000? Па афіцыйных дадзеных, вялікая частка з гэтай, прыкладна, траціны насельніцтва пражывае ў Вялікай Брытаніі ды іншых краінах ЭЗ, а вось у Расею, якая чакае на імігрантаў з Латвіі ў распасьцёртыя абдымкі - з'ехала не больш за 2% жыхароў.

Відавочна, калі ацэньваць праблему іміграцыі і падзеньня ўзроўню прамысловай вытворчасьці, якое мінула, лічбы статыстыкі (уявіце сабе - у Латвіі афіцыйная статыстыка не адрозьніваецца ад неафіцыйнай, аніводная дзяржаўная ўстанова не стане публікаваць заведама несумленныя звесткі) не ўражваюць. Як і іншыя малыя краіны ЭЗ, Латвію чакаюць у перспектыве сур'ёзныя дэмаграфічныя праблемы, комплекснае стаўленьне да якіх яшчэ трэба будзе канчаткова аформіць, і якія будуць адным з выклікаў для новага складу Сойма, які абралі напярэдадні - 6 кастрычніка 2018 года.

Тым не менш, гэтыя праблемы, як і праблемы эканомікі, выкарыстаньня дзяржаўнай мовы, і многія іншыя не замоўчваюцца, а з'яўляюцца штодня тэмай жорсткай палемікі ва ўсіх сродках масавай інфармацыі.

Гэтыя праблемы у Беларусі проста перавернутыя з ног на галаву, і беларусы ўжо проста не разумеюць, якімі слязьмі плакаць, калі чуюць ад Лукашэнкі шэраговыя "папіццот", альбо закіды пра тое, што барацьба з карупцыяй выйшла на завяршальны этап за 25 год намаганьняў кіраўніка. Дарэчы - пра кіраўніка дзяржавы. Прэзыдэнт Латвіі мае значна больш абмежаваныя паўнамоцтвы, чым яго беларускі "калега", абіраецца парлямэнтам. Аб прэзыдэнтах краіны пагаворым ніжэй. На момант адсутнасьці Прэзыдэнта Латвійскай Рэспублікі на працоўным месцы (скажам, падчас адпачынку), яго абавязкі афіцыйна выконвае старшыня Сойма, пра гэта вядома публічна, а ўявіць сабе сытуацыю, пры якой Прэзыдэнт дазволіць сабе з'ехаць у адпачынак за бюджэтны кошт, проста немагчыма.

Латвія пачала заахвочваць на вяртаньне на радзіму імігрантаў з ліку першых, якія з'ехалі ў Эўразьвяз з моманту ўступлення краіны ў ЭЗ у 2004 годзе. Разам з тым, што магчымасьці дзяржавы па перакрыжаваным субсідаваньні эканомікі не проста абмежаныя, а зьведзены да нуля, банкаўскі і лізінгавы сэктар выдае крэдытныя рэсурсы па эўрапейскіх адсоткавых стаўках, што робіць інвестыцыі прывабнымі, прамысловая вытворчасьць пачала расьці і што характэрна - яна падрастае высокімі тэмпамі менавіта ў тых месцах, якія ў свой час больш за ўсіх пацярпелі ад закрыцьця савецкіх гігантаў - Рызе, Лепаі і Дзьвінску.

Асноўным раздражняльным фактарам ў зьнешніх адносінах Латвіі з'яўляецца Расея. Жывучы ў стане непрымірымага "сяброўства" з усходняй суседкай, Латвія атрымлівае не толькі - прама скажам - эканамічныя “выгады” ад гэтых узаемаадносін (яны наадварот – зьніжаюцца), але і ўнутраны эмацыйны запал, каб даказаць сабе правільнасьць абранага шляху. Удзельная вага таваразвароту з Расеяй з моманту ўвядзеньня санкцый ЭЗ зьнізіўся да 3% ад агульнага аб'ёму таваразвароту з усімі краінамі.

З моманту аднаўленьня назалежнасьці ў 1991 Латвійскай дзяржаве нязьменна прадказвалі поўную або частковую дэградацыю ад ўразаньня той ці іншай чарговай порцыі ўзаемаадносін з Расеяй. Тым не менш, насуперак гэтаму, кожны раз пасьля чарговага ўразаньня эканоміка краіны дэманстравала рост. З апошніх прыкладаў: у 2015-2018 годзе была абвешчаная непрымірымая вайна з фінансавымі патокамі сумнеўнага паходжаньня, якія прамавалі праз латвійскія банкі з Расеі і краінаў СНД, ад гэтага пацярпелі найбуйнейшыя прыватныя банкі з мясцовым і расейскім капіталам, тым не менш ўрад пайшоў да канца ў гэтай барацьбе, нават нягледзячы на тое, што гэтая жорсткая пазыцыя можа ў пэрспэктыве каштаваць пасады нонешняму прэм'ер-міністру Марысу Кучыньскісу.

Нягледзячы на самыя пэсымістычныя - аж да дэфолту – чаканьні, эканоміка не проста вытрымала, але і вырасла, фінансавы сэктар стаў працаваць нашмат больш якасна, а сярэдні заробак у краіне – ўвага – без планаў "папіццот" - падышоў да 1000 эўра нават без асобных дырэктыўных загадаў прэзыдэнта нацыянальнай эканоміцы.

Можа каштаваць шэраг дзеяньняў пасады міністра замежных спраў і цяперашняму кіраўніку МЗС Эдгарсу Рынкевічсу, прыкладам, не выключана, што новая кааліцыя паставіць пытаньне пра яго незаўсёды бягучае ў рэчышчы сучаснай эўрапейскай палітыкі і правоў чалавека празьмернае захапленьне дыялёгам з рэжымам Лукашэнкі.

Асобная тэма ў Латвіі - пасада прэзыдэнта. Не скажу, што ёсьць нейкая наўпроставая сувязь з нацыянальнай памяцьцю, тым не менш трэба адзначыць, што самы вядомы прэзыдэнт Латвіі - Карліс Улманіс - прыйшоў да ўлады недэмакратычным шляхам і стаў аўтарытарным кіраўніком з 1934 года аж да акупацыі Латвіі Савецкім Саюзам у 1940-м, пасьля чаго быў сасланы бальшавікамі ў Сібір. Да дасягненьняў Латвіі гэтай эпохі прэзідэнцтва (канец 1930-х гадоў мінулага стагодьдзя), відавочна, можа быць аднесена тое, што краіна на працягу некалькіх гадоў ўтрымлівала першае месца ў Эўропе па жывёлагадоўчай вытворчасьці на душу насельніцтва, на высокім узроўні была і прамысловая вытворчасьць. На жаль, Латвіі, як і Эстоніі ў 1940 годзе, не пашчасьціла пайсьці сьледам за Фінляндыяй, якая змагла адстаяць сваю незалежнасьць.

Латвія - парлямэнцкая рэспубліка, з 1991 года яна пабачыла ўжо ажно пяць прэзыдэнтаў. Прэзыдэнта абірае парлямэнт, і ён можа адначасова знаходзіцца ва ўладзе не больш за два тэрміны запар. З 1991 года у ліку прэзыдэнтаў была Вайра Віке-Фрэйберга - палітык з досьведам і амэрыканскімі каранямі, быў нашчадак Карліса Улманіса, а цяперашні прэзідэнт - Раймандс Вэяніс - нарадзіўся ў латышскай сям'і ў Пскоўскай вобласці Расеі.

Латвія даўно ўжо ўступіла ў Эўразьвяз і ўзнікненьне фактару "спрадвечнага прэзыдэнта" у гэтай краіне папросту немагчымае. Перад тым як абраць новага прэзыдэнта ў наступным - 2019 годзе - ці пераабраць Р. Вэяніса на наступны тэрмін, дэпутаты Сойма несумненна правядуць адкрытую грамадскую дыскусію на гэтую тэму, дастанецца цяперашняму прэзыдэнту ад усіх без выключэньня партыяў і СМІ. Пры гэтым цяперашні прэзыдэнт, як і яго папярэднікі ставяцца да крытыкі як да нармальнага і канструктыўнага механізму адносін і дыялёгу ўлады з выбаршчыкамі і наадварот.

У Латвіі – адрозненьне ад Беларусі – зімовыя віды спорту, і асабліва, хакей і бабслей са скелетонам – сапраўдныя нацыянальныя віды спорту, сімволіка ХК "Рыжскае Дынама" прадаецца паўсюдна і карыстаецца папулярнасьцю. Тут наогул любая нацыянальная сімволіка прадаецца скрозь і з'яўляецца прадметам гонару. Продаж сымволікі - прыдатны бізнэс. Вядомыя гісторыі, калі мінакі на вуліцах зараблялі па 200-300 эўра на дзень, проста прадаючы нацыянальныя сьцяжкі на ажыўленых скрыжаваньнях ў Рызе, але яшчэ раз паўтаруся - па багацьці нацыянальнага кармінава-бела-кармінавага колеру і ўмеласьці прэзэнтаваць сабе як патрыёта альбо заўзятара Латвіі мясцовыя фаны несумненна пераўзыходзяць ўсіх без выключэньня сваіх суседзяў.

Разам са сьпевамі і сьвяточнай атмасфэрай ў дні нацыянальных урачысьтасцяў, якімі, напрыклад, з'яўляюцца сьвяты Ліга, Уселатвійскае сьвята Песні і іншыя, латвійцы ўяўляюць падчас сьвятаў сабой вельмі вясёлую і бесклапотную нацыю з адмысловымі вакальнымі здольнасьцямі. Кожны народ ліча сябе вялікім сьпеваком, але ж патлумачым па якой прычыне Вы ніколі ў жыцьці не пераканаеце латвійцаў у тым, што яны не экстраэксклюзіўныя. Уселатвійскае сьвята песні’2018 было па ўсіх назіраньнях самае яркае і масавае у краіне за ўсю гісторыю, для таго, каб залішне не распавядаць, зазірніце ў справаздачы ў інтэрнэце.

Вяртаючыся да спорту, хакей у Латвіі не атрымлівае асаблівай дзяржаўнай падтрымкі, існуе пераважна за кошт спонсараў і казаць аб павальным будаўніцтве лядовых арэн, аб дзяржаўнай падтрымцы хакейных клубаў і г.д. не прыходзіцца. У Латвіі ёсць выразнае і сталае разуменьне таго, што хакей – гэта нятанны від спорту, пад хакей і любоў фанаў да нацыянальнай каманды і "Дынама" існуе індустрыя, якая зыходзіць з наяўных рэсурсаў. Нягледзячы на тое, што насельніцтва Латвіі ў пяць разоў меньшае за насельніцтва Беларусі, узровень хакея ў Латвіі на працягу першых 20-ці гадоў незалежнасьці ішоў роўна зь беларускім, а цягам мінулых некалькіх гадоў падрос (вядома, такіх “неспадзяванак” як вылет з вышэйшага дывізіёна чэмпіянату свету , рэгулярныя “палёты” міма Алімпійскіх Гульняў і г.д. тут ніхто не чакае, і шчыра кажучы - гледзячы на ўпэўненыя выступы латвійскіх хакеістаў - у гэта верыцца з цяжкасьцю). Адметна тое, што дзяржава не ўмешваецца ў хакей, публіка заўзее за хакеістаў масава і аддана, а нацыянальная зборная ў любой гульні выступае за краіну і для сваіх заўзятараў. І ўжо дакладна весьці гаворку аб тым, каб вылучаць на патрэбы хакея каля 30% спартовага бюджэту краіны тут гаворкі не можа быць увогуле.

Грамадскі кантроль за бюджэтнымі сродкамі і выдаткамі у Латвіі на высокім узроўні, краіна імкнецца да таго, каб кожнае эўра, якое вылучаеца з дзяржаўнай касы, трацілася публічна.

У Латвіі любы нават самы просты прадмет можа стаць нацыянальным гонарам. Вядома, ёсьць шэраг нацыянальных брэндаў, якія вядомыя па-за межамі Латвіі: рыжскі бальзам, парфумерыя Dzintars, шпроты. Але разам з тым, латвійцы ўмеюць рабіць і ганарацца тым, што ў Латвіі - фэнаменальныя прадукты штодзённага попыту: самы смачны ў сьвеце цёмны аржаны хлеб, хатнія квас і піва, мясныя і рыбныя вяндліны, глазураваныя сыркі, цукеркі "Кароўка" і цудоўнае аўсянае печыва. Гэтыя і іншыя прадукты - прадмет нацыянальнага гонару і візытоўка Латвіі.

Увогуле, па назіраньнях экспэртаў, самым папулярным нацыянальным брэндам Латвіі за мінулае стагодьдзе з'яўляўся лат. Так – нацыянальная валюта ёсьць і была прадметам гонару, яна застаецца ў многіх прадметам настальгіі. Уявіце, з 1993 па 2013 год, калі лат быў спачатку уведзены замест савецкага рубля, а потым быў заменены на эўра, нацыянальная валюта практычна не змяніла свой курс да даляра ЗША. Аніводнай дэвальвацыі!

Латвійскі народ вельмі працавіты і вынаходлівы, праз Рыгу праз коркі, якія пачынаюцца ўжо а 7 раніцы, калі ўсе масава едуць на працу, немагчыма шпарка праехаць. Пры тым, што кошты на паліва, шчыра кажучы, кусаюцца, мясцовыя ўлады прыкладваюць велічэзныя высілкі дзеля таго, каб "прывабіць" грамадскасьць у грамадскі транспарт, масава прапагандуецца ровар як сродак руху. Аўтамабіль - гэта дабро цывілізацыі, наяўнасьць іх вялікай колькасьці па вялікім рахунку сьведчыць пра рост дабрабыту, відавочна ў бліжэйшыя гады сур'ёзна абмежаваць выкарыстанне асабістага аўтатранспарту не атрымаецца. Хоць пры гэтым трэба адзначыць, што бізнэс на роварах, скутэрах і іншых сродках руху несумненна імкліва ўзрастае. Усе мінулыя гады незалежнасьці Латвія імкнулася да таго, каб яе атаясамлялі з шпаркасьцю. Пры гэтым у вячэрнія гадзіны цэнтр Рыгі і іншых гарадоў ажывае, калі пастаяць каля прэзыдэнцкага Палаца або Рыжскай Думы, можна папросту ўбачыць дзяржаўных чыноўнікаў вышэйшага ўзроўню, якія, напрыклад, едуць дадому на ровары або ідуць пешшу.

Подых Эўропы ў сучаснай Латвіі выразна відаць практычна ва ўсім. У Латвіі - самы хуткі ў ЭЗ шырокапалосны інтэрнэт. Дзяржава ідзе па шляху лічбавай эканомікі і лічбавага ўрада. Папяровая валакіта адсутнічае практычна ў любой дзяржаўнай установе. У Латвіі, як уласна і ў любой іншай краіне ЭЗ - выразная сыстэма стрымак і проціваг галін улады, незалежныя суды, прафесійныя паліцыя і войска.

На працягу ўсёй сваёй гісторыі Латвія і яе народ дэманстравалі адэкватнае стаўленьне да народаў, якія жылі побач, пры гэтым заўсёды ставілі свае інтарэсы ў ранг адмысловых, зь якімі яны настойліва патрабавалі іншых лічыцца. Адной з відавочных пераваг Латвіі з'яўляецца талерантнае і памяркоўнае стаўленне да рэлігійных меньшасьцяў, якія пражываюць на яе тэрыторыі, з 1940 па 1991 год Бог ўратаваў Латвію ад масавага зьнішчэньня рэлігійных помнікаў. Сярод помнікаў сусьветнай архітэктуры ў Рызе можна прыгадаць і Домскі Сабор, і Сабор Сьвятога Пятра, і Касьцёл Сьвятога Яна, і Дрэўлеправаслаўны Храм Успеньня Сьвятой Багародзіцы, і праваслаўны Сабор Раства Хрыстова.

Вяртаемся да простай і зразумелай для ўсіх эканомікі. Нельга не адзначыць, што без залішняга дзяржаўнага рэгуляваньня, без дырэктыўных мэтадаў кіраваньня эканомікай, Латвія сустракае 100-годьдзе дзяржаўнасьці на 48-ым месцы ў сьвеце па ВУП на адзінку насельніцтва, ВУП Латвіі перавышае аналагічны паказчык суседняй Беларусі ажно ў тры разы. Пры гэтым аніводны з прагнозаў не сурочыць Латвіі сур'ёзных падзеньняў ў бліжэйшыя гады. Развіцьцё Латвіі не параўнаць з польскім, тым не менш, статыстычныя лічбы паказваюць рэальны рост эканомікі, а не рост на паперы. Дзяржаўныя рэгулятары навучыліся рабіць правільныя высновы з папярэдніх крызісных пэрыядаў і эканоміка не дрыжыць ад новых патэнцыйных пагроз.

Як кажуць – LATVIJA VAR (ЛАТВІЯ МОЖА)!

Аляксандар Міхайлаў, адмыслова для Charter97.org

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках