5 траўня 2024, Нядзеля, 21:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Скандальная вакцына «Эўпента» вярнулася ў беларускія паліклінікі

27
Скандальная вакцына «Эўпента» вярнулася ў беларускія паліклінікі

Прэпаратам, вакол якога ў жніўні разгарэўся скандал, зноў бясплатна прышчапляюць беларускіх дзяцей.

Паўднёвакарэйская пяцівалентная вакцына «Эўпента», вакол якой у жніўні разгарэўся скандал са смерцю дзіцяці, вярнулася ў беларускія паліклінікі. Як паведамляе «Еўрарадыё», аб'яву пра гэта заўважылі ў віцебскай дзіцячай паліклініцы №2.

Але выявілася, што гэта не свавольства віцебскіх лекараў. Вакцынай, выкарыстанне якой было часткова перапыненае, прышчапляюць дзяцей і ў менскіх паліклініках, да якіх датэлефанаваліся журналісты.

Напрыклад, у менскай паліклініцы №10 праводзяць бясплатную вакцынацыю «Эўпентай». Праўда, ёсць выбар: калі хтосьці з бацькоў уважае прэпарат за небяспечны, за 75 рублёў можна вакцынаваць дзіця бельгійскай прышчэпкай «Інфанрыксгекса» ці «Інфанрыкс».

Інфармацыю пра вакцынацыю «Эўпентай» пацвердзілі і ў Бараўлянскай паліклініцы, якая знаходзіцца ў Менскім раёне.

13 жніўня ў Ганцавіцкай лякарні пасля планавых прышчэпак памёр двухмесячны хлопчык. Яму ўвялі два прэпараты: «Эўпента» і «Імавакс поліа». Пасля ўколу хлопчыку стала дрэнна, медыкі не змаглі яго выратаваць.

Як потым стала вядома, хлопчык памёр ад анафілактычнага шоку. Міністэрства аховы здароўя тады заявіла, што да правядзення ўсіх неабходных праверак перапыняе выкарыстанне дзвюх серый «Эўпенты».

На брыфінгу 29 жніўня, неўзабаве пасля інцыдэнту з гібеллю дзіцяці ў Ганцавіцкім раёне, намеснік дырэктара Цэнтра экспэртыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Сяргей Марчанка сказаў: «Вакцына «Эўпента» праходзіць працэдуру рэгістрацыі, але яе можна выкарыстоўваць».

У рэестры лекавых сродкаў Беларусі «Эўпента» дагэтуль не з'явілася. Аб аднаўленні вакцынацыі паўднёвакарэйскім прэпаратам Міністэрства аховы здароўя не паведамляла.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках