«Яго скідвалі з ложка, білі паміж ног»
28- 22.10.2018, 19:56
- 26,962
У Горадні пачаўся чарговы суд за дзедаўшчыну.
Дваіх салдат з Гарадзенскай памежнай групы судзяць за здзекі з таварыша па службе. Пацярпелага прымушалі нецэнзурна зычыць «спакойнай ночы», хадзіць з падушкай на галаве, скідалі з ложка. 22 кастрычніка прайшло пасяджэнне ў судзе Кастрычніцкага раёна Горадні, піша «Радыё Свабода».
Пацярпелы не трапіў на суд, бо цяпер у лякарні
На лаве падсудных — двое хлопцаў, якія служылі ў Гарадзенскай памежнай групе, вайсковай часткі 2141. Пад варту іх не бралі. У залі суду яны сядзяць на першай лаве, а не ў клетцы. Абодвух абвінавачваюць у парушэнні статутных правілаў узаемаадносін паміж ваеннаслужачымі.
Першаму з іх, Уладзіславу Шкулькову, 22 гады. Ён з вёскі Асіповічы Вілейскага раёну Менскай вобласці. Скончыў службу сёлета ў траўні, працу пакуль не знайшоў.
«Можна папрасіць, каб не было фота і прозвішчам, каб не афішаваць?» — звяртаецца да журналіста маці абвінавачанага Шкулькова перад паседжаннем і пачынае плакаць.
Яна перадае насоўку сыну, той адмаўляецца.
«Ну пакладзі ў кішэньку. Мала што будзе», — лагодна кажа яна.
Другі абвінавачаны, Андрэй Пятровіч, — з Менску. Яму 20 гадоў. Ён яшчэ служыць у памежных войсках.
Абодвум фігурантам пагражае да пяці гадоў зняволення.
Пацярпелы — шараговец Ярашэнка, які служыць у той жа частцы. На судзе яго няма, бо цяпер ён у шпіталі ў Берасці. Невядома, ці звязаная ягоная шпіталізацыя з пабоямі ў войску.
Справу разглядае суддзя Дзяніс Раманішка, пракурор — Генадзь Мазайла.
Прымушалі блазнаваць, скідалі з ложка, білі праміж ног
Спосабы паздзекавацца з таварыша па службе паўтараліся.
Паводле дзяржаўнага абвінавачвання, самым распаўсюджаным быў здзек пасля адбою. Шкулькоў выклікаў шарагоўца Ярашэнку ў іншую спальню для старэйшых вайскоўцаў і загадваў яму зычыць «дабранач», ужываючы лаянку. Пасля гэтага салдат мусіў накласці сабе на галаву падушку, зрабіць тры страявыя крокі да Шкулькова і нецэнзурна папрасіць у яго дазволу выключыць святло. Атрымаўшы дазвол, гэтаксама страявым крокам ішоў да выключальніка, прыкладаў да яго падушку і ўдарам галавы націскаў яго. Роля Пятровіча заключалася ў тым, каб прывесці Ярашэнку, а потым пільнаваць, каб па калідоры не ішлі афіцэры.
Другі спосаб — Шкулькоў падымаў ложак Ярашэнкі за ножкі, той біўся галавой аб сцяну і падаў з ложка.
Да таго ж Шкулькоў, са слоў пракурора, прымушаў Ярашэнку адціскацца не меней за 65 разоў, расказваць прымаўкі памежнікаў у нецэнзурнай форме.
Пятровіч жа аднойчы пасля заўвагі да яго з боку Ярашэнкі схапіў таго за грудкі, зняў і скамячыў ягоную шапку, а потым ударыў са спіны нагой яму паміж ног і трапіў па машонцы, што выклікала лёгкае парушэнне здароўя.
Як зачытаў пракурор, гэта рабілася «з жадання самасцвердзіцца ў вайсковым калектыве, каб усталяваць і далей падтрымліваць нестатутныя традыцыі, паказаць сваю значнасць, фізічную сілу і ўяўную перавагу над іншымі ваеннаслужачымі, запалохаць і зняважыць іх, падпарадкаваць іх сваёй волі, падвысіць свой нефармальны аўтарытэт».
Гэта, паводле абвінавачвання, падрывала аснову вайсковых адносін — вайсковае таварыства, аслабляла вайсковую дысцыпліну, наносіла істотную шкоду правам і законным інтарэсам пацярпелага, дзяржаўным і грамадскім інтарэсам.
Уладзіслаў Шкулькоў сваёй віны не прызнаў.
«Я гэтага не ўчыняў», — коратка патлумачыў ён.
Андрэй Пятровіч прызнаў віну часткова.
«Вы толькі кажыце праўду», — праз слёзы спрабавала падтрымаць абвінавачаных маці Шкулькова пасля паседжання.
На наступных паседжаннях суд дапытае сведак, абвінавачаных і пацярпелага.