5 траўня 2024, Нядзеля, 14:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

10 маляўнічых замкаў і палацаў, якія варта наведаць ва Украіне

1
10 маляўнічых замкаў і палацаў, якія варта наведаць ва Украіне

Некалькі выдатных мясцін для падарожжа.

Ва Украіне можна знайсці багата замкаў і палацаў. Якія з іх варта наведаць найперш? «Новое время» з журналістам Багданам Амосавым прапануе спіс з 10 такіх месцаў.

Алескі замак (Львоўская вобласць)

Алескі замак добра відаць з трасы Кіеў-Чоп. Ён стаіць на ўзгорку, які зліваецца з лясной паласой. Здаецца, быццам яго пабудавалі проста на верхавінах дрэў. Калі вы ўжо прыехалі ў Львоў цягніком, то сюды можна даехаць з аўтастанцыі №2. Кожныя паўгадзіны ў Алеск ездзяць мікрааўтобусы.

Гісторыя замка пачалася ў XIII стагоддзі. Менавіта таму экскурсаводы называюць яго ці не найстаражытным помнікам архітэктуры ў Заходняй Украіне. Кажуць, менавіта ў Алескім замку нарадзіўся Багдан Хмяльніцкі. І менавіта яго ён захапіў, калі стаў гетманам.

Палац графаў Шонбарнаў (Закарпацкая вобласць)

Карпаты - гэта не толькі горы, але і маленькае паселішча ў Закарпацці. Яно вабіць натоўпы турыстаў сваім замкам Бэрэгвар або замкам Шонбарнаў. Шляхецкая аўстрыйска-нямецкая сям'я калісьці валодала землямі ў Закарпацці. І вось граф неяк падумаў: а чаго гэтым месцам проста так стаяць? Пабудую-бо я сабе тут замак. Ён, мяркуючы з усяго, любіў сімвалізм. У доме 12 уваходаў (паводле колькасці месяцаў), 52 пакоі (паводле колькасці тыдняў) і 365 вокнаў (паводле колькасці дзён у годзе) і яшчэ адно замураванае - на той выпадак, калі год высакосны. Возера каля замка паўтарае абрысы меж Аўстра-Вугорскай імперыі.

Палац ідэальна захаваўся. Каменныя муры і чырвоныя дахі са спічакамі неаднаразова станавіліся дэкарацыямі для мастацкіх фільмаў - да прыкладу, для "Снежнай каралевы" і "17 імгненняў вясны". Не менш цікава і ўнутры будынка.

Чэрвонагародскі замак (Тэрнопальская вобласць)

Неяк у Facebook наткнуўся на фота двух сярэднявечных вежаў: дзве круглыя вежы з байніцамі і зубцамі. Як у фільмах пра Робіна Гуда, або як туры на шахматнай дошцы. А вакол - горы з густымі-густымі лясамі. Будынак стаіць як бы на выспе, а вакол - бледная туманная смуга. Я думаў, гэта нейкая чарговая фартэцыя дзесьці ў Баварыі. Але выявілася, гэта Тэрнопальская вобласць - сяло Чэрвонагорад і яго старажытная цытадэль. Напраўду, яна не зусім і сярэднявечная. Будынак перабудавалі ў палац у 18-м стагоддзі. І вежы не такія, як на фота – фартэцыя зазнала значныя разбурэнні падчас Першай сусветнай вайны.

Замак Папова (Запарожская вобласць)

Кажуць, калі хочаш убачыць украінскія замкі, варта канечне адпраўляцца ў Заходнюю Украіну. Аднак фартэцый і палацаў багата і ў іншых рэгіёнах. Проста трэба ведаць, дзе іх шукаць.

Напрыклад, жыхары Запарожжа раскажуць, што за нейкія паўсотні кіламэтраў ад іхняга места стаіць сапраўдны замак. Замак Папова калісьці быў найбуйнейшым ва Усходняй Еўропе. Землі, дзе цяпер размешчанае мястэчка Васільеўка, у свой час падарыла генералу Васілію Папову Кацярына ІІ. Папоў тут меў цагельні. Таму менавіта з цэглы ён і наважыў пабудаваць свой замак-сядзібу.

Качанаўка (Чарнігаўская вобласць)

Палац Качанаўка размясціўся за 200 км ад Кіева. Тутэйшыя жыхары сцвярджаюць, што гэта адзіны ва Украіне маёнтак, які цалкам захаваўся, нягледзячы на войны і рэвалюцыі. Палац пабудаваны на схіле. З абодвух бакоў яго абмываюць маляўнічыя сажалкі. Менавіта тут Міхаіл Глінка напісаў оперу "Руслан і Людміла", а Мікалай Гогаль упершыню на публіцы прачытаў аповесць "Тарас Бульба". "Альбом" ганаровых гасцей Качанаўкі налічвае 608 "аўтографаў".

Паланак (Закарпацкая вобласць)

Паланак - галоўны турыстычны пункт Мукачава. Ён быў горадаўтваральным. У ім жыла шляхта і арыстакратыя. Вакол жылі ў хатках сяляне, у часы аблогі хаваліся за мурамі ў двары замка. Цяпер Паланак гэтак жа ўзвышаецца над прыватным сэктарам Мукачава. Гэта фактычна тры маленькія замкі ў адным. Фартэцыя падзеленая на тры тэрасы.

Маёнтак Цярэшчанкі (Чырвонае сяло, Жытомірская вобласць)

Назва паселішча - Чырвонае Жытомірскай вобласці, як ні дзіўна, не мае ніякага дачынення да Савецкага Саюзу. Тутэйшыя жыхары апавядаюць пра часы, калі на Украіну нападалі татарскія орды. Пралілося тады шмат слёз і крыві. З таго часу і называюць яго Чырвоным. Вядома яно тым, што тут захаваўся маёнтак Цярэшчанкі.

Паводле тастаменту Адольфа Грахольскага, які памёр у 1863 годзе, Чырвонае мелася дастацца ягонай жонцы Вандзе. Зрэшты неўзабаве пасля смерці мужа яна з'ехала за мяжу, а Чырвонае прадала Фёдару Цярэшчанку. Ён трохі перабудаваў палац, а непадалёк збудаваў цукровы завод. На пачатку ХХ стагоддзя Цярэшчанка пабудаваў непадалёк авіязавод, дзе вырабіў некалькі самалётаў уласнай канструкцыі.

Пасля прыходу ўлады "Саветаў" з маёнтка зрабілі дом для бездаглядных дзяцей. Пазней дзеці разбегліся, а палац падпалілі. У сярэдзіне ХХ стагоддзя тут было ПТВ, а надоечы палац перадалі жаночаму манастыру.

Замак Сэнт-Міклаш (Закарпацкая вобласць)

Замак Сэнт-Міклаш або Чынадыеўскі называюць фартэцыяй кахання. Ён уважаецца за самы рамантычны палац Закарпацця. І рэч нават не ў тым, што будынак сапраўды старажытны і прыгожы. А болей у гісторыі кахання, якая з ім звязаная.

Сэнт-Міклашам цягам доўгага часу валодалі вугорскія магнаты. Аднак сваёй славай цытадэль абавязаная жанчыне - княгіні Ілоне Зрыні, якая фактычна ўзначальвала вугорскі вызваленчы рух у канцы 17 стагоддзя і абараняла Мукачаўскі замак. Гэты палац быў яе любым гняздзечкам.

Замак Гербурт (Львоўская вобласць)

Сярод усіх замкаў Львоўшчыны Дабрамільскі замок, Гербурт, мабыць самы аддалены ад Львова і высокі. Бо мясцовыя замкі зазвычай будавалі на нізінах. А гэты -узвышаецца на ўзгорку сярод букавага лесу. Сярод руін Гербурта захавалася частка муроў, якія разыходзяцца паўколам ад уязной вежы.

Сям'я Гербуртаў, што тут жыла, згадваецца яшчэ ў Галіцка-Валынскім летапісе. Яны былі добра вядомымі навукоўцамі, палітыкамі, пісьменнікамі і мецэнатамі. Адзін з іх, паляк, ажаніўся з украінскай князёўнай з Астрога і назаўжды застаўся ў Дабрамілі. Іх нашчадкі прадалі замак праз пазыкі. Цікава, што разбурэнні замак зведаў не ад войнаў, а ад манахаў - манахам дазволілі разабраць частку ўмацаванняў на будаўнічы матэрыял для ўласнага манастыра.

Падгарэцкі замак (Львоўская вобласць)

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках