У Берасці затрымалі пратэстоўцаў супраць акумулятарнага завода
4- 21.10.2018, 17:42
- 12,173
У панядзелак іх будуць судзіць.
Міліцыянты затрымалі берасцейскіх актывістаў супраць акумулятарнага завода Валерыя Фамінскага і Аляксандра Воблака, паведамляе «Радыё Свабода».
Яны былі выкліканыя ў аддзяленне позвай акурат на час сённяшняй акцыі, якая праходзіла на галоўнай плошчы Берасця. Як распавёў праваабаронца Уладзімір Вялічкін, на Фамінскага і Воблаку склалі пратаколы за ўдзел у масавай акцыі і пакінулі ў ізалятары. У панядзелак іх будуць судзіць.
Нагадаем, акцыі праціўнікаў акумулятарнага завода праходзяць у Берасці кожную нядзелю ўжо некалькі месяцаў.
Апошнія два тыдні пачаліся затрыманні найбольш актыўных пратэстоўцаў і блогераў, якія іх падтрымліваюць.
На акцыі 14 кастрычніка было затрымана паўтара дзясятка чалавек, у тым ліку адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч. Ён быў асуджаны на 5 дзён арышту.
Такі ж тэрмін прысудзілі і блогерам Аляксандру Кабанаву і Сяргею Пятрухіну, якія прыйшлі на плошчу з плакатам супраць завода. Падчас акцыі 21 кастрычніка блогеры знаходзіліся пад арыштам.
Апроч іх, 20 кастрычніка быў затрыманы адзін з лідараў пратэсту Дзям'ян Лепясевіч. Міліцыянты забралі яго з двара ўначы, стала вядома, што да панядзелка ён будзе ў аддзяленні, а потым яго будуць судзіць.
Таксама, цягам тыдня некаторыя актывісты атрымалі позвы з патрабаваннем з'явіцца ў міліцыю ў нядзелю, акурат, калі на плошчы праходзіць акцыя.