29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пісьменьніку і драматургу Максіму Клімковічу - 60 гадоў

Пісьменьніку і драматургу Максіму Клімковічу - 60 гадоў
Фота: svaboda.org

Выдадзена больш за 80 ягоных трылераў і сцэнароў для фільмаў і сэрыялаў.

21 кастрычніка адзначае 60-гадовы юбілей беларускі празаік, драматург, сцэнарыст Максім Клімковіч.

Ён нарадзіўся ў гэты дзень 1958 году ў вядомай творчай сям’і. Ягоны дзед Міхась Клімковіч быў старшынём Саюзу пісьменьнікаў БССР, аўтарам словаў Дзяржаўнага гімну Беларусі. Бацька Алесь Махнач — драматург, празаік, публіцыст, заслужаны работнік культуры БССР, перадае «Радыё Свабода».

Максім Клімковіч скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, працаваў геадэзістам, начальнікам участку будаўніцтва аўтамабільных дарог. Супрацоўнічаў зь дзіцячым часопісам «Бярозка», творчым аб’яднаньнем «Тэлефільм» Белтэлерадыёкампаніі.

«Мы сябруем ад 1987 году, таму магу з усёй адказнасьцю сказаць: Максім, пэўна, самы крэатыўны празаік і драматург з усіх, каго я ведаю, працаваць зь ім проста кайф, — віншуе блізкага сябра пісьменьнік Уладзіслаў Ахроменка. — Разам мы напісалі тры мастацкія кнігі, тры п’есы, прычым „Дзьве душы“ па Максіму Гарэцкаму ўжо трэці год ідуць у Купалаўскім тэатры. І яшчэ процьму ўсяго іншага, практычна па Чэхаву — „усё, акрамя вершаў і даносаў“. Агульныя праекты ўвесь час у вытворчасьці. А яшчэ Максім — мой кум, хросны маёй дачкі Лізы. Разумны, далікатны і неверагодна працаздольны».

Максім Клімковіч аўтар п’есаў «Віта Брэвіс, ці Нагавіцы Сьвятога Георгія», «Вольная сцэна», «Чорны квадрат» у суаўтарстве зь Міраславам Адамчыкам, «Дзьве душы» у суаўтарстве з Уладзіславам Ахроменкам, дэтэктыўных аповесьцяў і раманаў «Сцэнар сьмерці», «Карона Вітаўта Вялікага», «Люстраная фіранка», «Мяжа па даляглядзе», «Цень анёла» і «Тэоляг» у суаўтарстве з Уладзімерам Сьцяпанам, «Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша» у суаўтарстве з Уладзіславам Ахроменкам, кінараману-фарсу «Янкі, альбо Астатні наезд на Літве», шэрагу апавяданьняў.

Акрамя таго, у Расеі выдадзена больш за 80 ягоных трылераў і сцэнароў для фільмаў і сэрыялаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках