29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На маёмасць Рыгора Кастусёва наклалі абмежаванні

На маёмасць Рыгора Кастусёва наклалі абмежаванні
РЫГОР КАСТУСЁЎ

Палітык назваў гэта «дробнай помстай улад».

Аддзел прымусовага выканання Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці 19 кастрычніка наклаў абмежаванні на маёмасць старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва для забеспячэння аплаты штрафу за ўдзел у акцыі пратэсту супраць дзейнасці рэстараннага комплексу «Поедем поедим» ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам. Між тым палітык сцвярджае, што ўсе штрафы ён раней аплаціў, паведамляе tut.by.

19 кастрычніка Кастусёў атрымаў поштай пакет дакументаў, звязаных з адміністрацыйнымі штрафамі, якімі ён быў пакараны падчас пратэстаў у Курапатах. У тым ліку Кастусёву даслалі позву і пастанову аб накладанні абмежаванняў на маёмасць у выглядзе забароны ажыццяўлення рэгістрацыйных дзеянняў у дачыненні да належных яму аўтамабіля і гаража.

«Я быў здзіўлены, атрымаўшы з суда Шклоўскага раёна паведамленне аб пачатку выканаўчай справы ў штрафах за курапацкую варту, - цытуе палітыка прэс-служба партыі. – Рэч у тым, што ўсе штрафы паводле адміністрацыйных спагнанняў у мяне аплачаныя. Нягледзячы на гэта, судовыя выканаўцы вынеслі ў мой адрас пастанову аб накладанні арышту на аўтамабіль і гараж. Мне давялося ў дзень трыццацігоддзя БНФ займацца камунікацыяй паміж судамі ў Менску, якія выносілі пастановы пра штрафы, і судовымі выканаўцамі ў Шклове, якія наклалі абмежаванні на маю маёмасць».

Кастусёў разглядае гэтыя дзеянні судовай улады «як дробную помсту за пададзеную ў Камітэт правоў чалавека ААН скаргу на выкарыстанне адміністрацыйнага пераследу як сродку абмежаванні свабоды сходаў у Беларусі».

Як падкрэсліў старшыня Партыі БНФ, аплата штрафу была здзейсненая ім пасля праходжання працэдуры судовага абскарджання адміністрацыйнага спагнання ў Менскім гарадскім судзе. Абскарджанне ў судзе другой інстанцыі - патрэбны крок для звароту ў міжнародныя інстанцыі.

Нагадаем, 4 ліпеня суд Партызанскага раёна Менска аштрафаваў Кастусёва на 30 базавых адзінак (735 рублёў) за ўдзел у акцыі абароны Курапатаў каля ўваходу ў рэстаран «Поедем поедим».

Палітык быў затрыманы напярэдадні суду раніцай па дарозе на Менск з боку Магілёва. Ён накіроўваўся праз сталіцу ў аэрапорт, каб вылецець у Варшаву для ўдзелу ў пасяджэнні міжнароднай камісіі польскага сэйма.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках