5 траўня 2024, Нядзеля, 18:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

РЭП папярэдзіў беларусаў пра новую схему махлярства з іхнімі заробкамі

3
РЭП папярэдзіў беларусаў пра новую схему махлярства з іхнімі заробкамі

Юрысты прафзвязу дапамагаюць людзям вярнуць грошы.

Працягваюцца судовыя пасяджэнні паводле пазову прадавачак крамы РСТ з вёскі Цагельні Гомельскага раёна, якія ўступілі ў прафзвяз РЭП. Як распавялі прадаўцы, кіраўніцтва крамы абвінаваціла іх у нястачы і адправіла браць крэдыт у банк; а каб банк напэўна даў крэдыт, начальства надрукавала падробленыя даведкі аб заробку, завысіўшы яго ў некалькі разоў. Банк выдаў крэдыт, на яго жанчыны купілі бытавую тэхніку і аддалі яе РСТ. Цяпер тэхнікі яны не маюць, затое маюць запазычанасць перад банкам, якую трэба будзе выплачваць не адзін месяц, піша praca-by.info.

Прафзвяз РЭП дапамог скласці пазоў, у якім запатрабаваў ад РСТ вярнуць прадаўцам бытавую тэхніку. Інтарэсы жанчын прадстаўляе прававы інспектар РЭП у Гомельскай вобласці Леанід Судаленка.

Андрэй Стрыжак, намеснік старшыні прафкама Гомеля, расказаў, што РСТ у судзе адмаўляецца вяртаць тэхніку, а «падробленую» даведку аб заробку тлумачыць тым, што «завіс кампутар». У паводзінах РСТ актывіст бачыць пэўную логіку:

- Спажывецкае таварыства не ўпершыню наш «кліент» - прадаўцы з гэтай гандлёвай арганізацыі часта звяртаюцца па дапамогу ў прафзвяз РЭП. Мяркуючы з гэтых зваротаў, абвінавачванні ў нястачы, якія невядома адкуль бяруцца ў маленькіх крамах, - звычайная практыка для РСТ. І прафзвяз РЭП рэгулярна зніжае сумы такіх нястач, дапамагае прадаўцам. Але, гледзячы на гэту новую справу, РСТ таксама робіць высновы і мяняе тактыку.

Актывіст мяркуе, што працэс выплаты прадаўцом нястачы, замацаваны законам, не надта задавальняе РСТ:

- Калі чалавек паводле суду становіцца абавязаным выплачваць нястачу, тады з яго здымаецца максімум 20% заплаты штомесяц, і гэта можа расцягнуцца на гады, калі нястача была на вялікую суму. РСТ цяпер жа практыкуе зусім іншы падыход: са слоў прадавачак, іх начальства прымушае падпісваць крэдытныя кантракты з банкам, а на гэтыя крэдыты купляць бытавую тэхніку. І тэхнікай кампенсаваць нястачы. Выходзіць, што прадавец РСТ вяртае ўсю суму адразу - а не па 20% штомесяц, як раней, і РСТ сплачвае сваю нястачу імгненна, а прадавец застаецца сам-насам з банкавым крэдытам і адсоткамі.

ЛЕАНІД СУДАЛЕНКА І ЯГОНЫЯ ДАВЕРНІЦЫ Ў СУДЗЕ. ФОТА АНДРЭЯ СТРЫЖАКА

Андрэй Стрыжак мяркуе, што прадаўцы мабць шмат прычын згаджацца на такія прапановы наймальнікаў:

- Шмат хто проста хоча менш праблем у жыцці. Трэба яшчэ ўлічваць, што часцей за ўсё крамы РСТ знаходзяцца ў невялікіх вёсках, у якіх усякае абвінавачванне ўспрымаецца сур'ёзна. Можа быць, прадаўцы хочуць захаваць сваю рэпутацыю ў вачах аднавяскоўцаў, таму імкнуцца хутчэй зняць праблему, каб не дапускаць скандалу. Бо нястача - гэта фактычна абвінавачванне ў крадзяжы.

Тым не менш, прафзвяз РЭП не ўважае новую практыку РСТ за прымальную:

- Мы спадзяемся на тое, што праваахоўныя органы і пракуратура звернуць увагу на велізарную колькасць парушэнняў у дзейнасці РСТ: раз за разам да нас звяртаюцца прадаўцы, і раз за разам - аднатыпныя суды. А з гэтай новай практыкай можна змагацца толькі адным спосабам: ніхто з прадаўцоў не павінен браць ніякіх крэдытаў на сябе. Пагатоў у такіх варунках, у якіх апынуліся нашы прадаўцы: ім выдалі падробленую даведку аб сумах даходу для банка. І цяпер банк можа выставіць прэтэнзіі да таго, хто выдаў такую даведку.

Андрэй Стрыжак раіць не толькі не браць крэдытаў для выплаты недастач у РСТ, але і пры магчымасці не працаваць там:

- РСТ - найгоршы наймальнік, мяркуючы з практыкі прафзвязу РЭП і на маю суб'ектыўную думку. Такой колькасці скаргаў на парушэнне працоўных правоў не паступае больш ні на каго.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках