5 траўня 2024, Нядзеля, 19:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч звярнуўся да берасцейцаў

11
Мікалай Статкевіч звярнуўся да берасцейцаў
МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ
ФОТА: "РАДЫЁ СВАБОДА"

ПАДТРЫМЛІВАЙЦЕ СВАІХ ГЕРОЯЎ.

14 кастрычніка 120 чалавек правялі ў Берасці на пл. Леніна мітынг пратэсту супраць будаўніцтва каля горада небяспечнага завода свінцовых акумулятараў.

Кажуць, што 120 чалавек - вельмі мала. Але 120 мужных і годных людзей, якія пратэставалі на галоўнай плошчы абласнога цэнтра перапужанай краіны - зусім не мала. Гэта, як калі б у Менску каля адміністрацыі "прэзідэнта" сабралася тысяча пратэстоўцаў.

Я разумею, што арышты, "суткі" і штрафы нікому не падабаюцца. Але дапусціць заражэнне вашага цудоўнага горада свінцовымі выкідамі, непазбежнымі пры поўным цыкле вытворчасці па кітайскіх тэхналогіях 90-х гадоў два мільёны акумулятараў у год - гэта значна страшней.

Я заклікаю берасцейцаў не здавацца і працягваць барацьбу. Бо на коне ваша здароўе, здароўе вашых блізкіх і будучых пакаленняў жыхароў горада.

У вас цудоўны культурны горад, сапраўдная заходняя брама Беларусі. Напрыклад, падчас арышту ў берасцейскім ІЧУ, за 5 дзён я ні разу не пачуў ад супрацоўнікаў гэтай установы расейскай лаянкі. У той час, як іх сталічныя калегі толькі на ёй і размаўляюць.

Не дайце безадказным дзялкам і чыноўнікам атруціць ваш любімы горад. Змагайцеся за сваё права на жыццё і здароўе. Падтрымлівайце сваіх герояў - арганізатараў і актыўных удзельнікаў кампаніі супраць небяспечнай вытворчасці. Патрабуйце вызвалення арыштаваных блогераў Сяргея Пятрухіна, Аляксандра Кабанава, лідара берасцейскага БНК Андрэя Шарэнду, Дзям'яна Лепясевіча і іншых актывістаў.

Не давайце злачынцам ва ўладзе зрабіць Беларусь месцам размяшчэння забароненых у Кітаі небяспечных вытворчасцяў.

Жыве Беларусь!

Мікалай Статкевіч, «Фэйсбук»

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках