28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гісторык: Канстанцінопальскі патрыярх – кіраўнік беларускай царквы.

7
Гісторык: Канстанцінопальскі патрыярх – кіраўнік беларускай царквы.

Маскоўскі патрыярхат знаходзіцца ў падвешаным стане.

Украіна спадзяецца атрымаць Томас – рашэнне аб наданні аўтакефаліі праваслаўнай царквы ўжо да канца гэтага году. Далей нашых паўднёвых суседзяў чакае даўгі працэс па яднанні трох дзеючых на тэрыторыі Украіны праваслаўных цэркваў. А што з Беларуссю? Першая – Полацкая епархія на нашых землях з’явілася за паўтары стагоддзі да першай згадкі ў летапісах самой Масквы, адкуль цяпер ідуць пратэсты супраць незалежнасці ўкраінскай царквы, паведамляе «Белсат».

Незалежнасць царквы – пытанне ня менш складанае за незалежнасць дзяржавы. Тут мусіць быць і свой статут – амаль як канстытуцыя краіны, свае выбары і міжнароднае прызнанне. Адкуль пайшла тая аўтакефалія і чаму Канстантынопаль падтрымлівае незалежнасць іншых цэркваў?

«Так ужо ўсталявалася і так прапісана ў пастановах Усяленскіх сабораў, што царкоўнае дзяленне павіннае адпавядаць свецкаму дзяленню. І калі выдзялялася нейкая дзяржава, то павінная выдзеліцца і царква», – кажа гісторык Анатоль Сідарэвіч.

У свеце існуе чатырнаццаць буйных праваслаўных цэркваў, што прызнаюць адно адну – вось яны паводле старшынства. І толькі Руская праваслаўная царква не прызнае старшынства Канстантынопалю, як першага сярод роўных і самая раздае аўтакефаліі – да прыкладу Амерыканскай праваслаўнай царкве ў 1970 годзе. А цяпер пратэстуе супраць аўтакефаліі царквы ўкраінскай.

«Гэта палітычнае пытанне і Кіеўскі Патрыярхат быў доўгі час пад упраўленнем РПЦ і Масква ня хоча аддаваць пэўнае першынства. Я думаю, што ўжо вельмі цяжка будзе ўтрымаць УПЦ у лоне маскоўскага патрыярхату – на гэта настроеныя вернікі, царкоўныя дзеячы і рана, ці позна гэта адбудзецца», – лічыць тэолаг Юлія Нагорнава.

Руская праваслаўная царква лічыць сваёй кананічнай тэрыторыяй вялізарную частку свету – ад Беларусі, да Японіі з Кітаем. Пры гэтым апошнія – маюць царкоўную аўтаномію, да нядаўняга часу аўтаномнай была і ўкраінская праваслаўная царква. А што Беларуская царква са сваім статусам экзархату, няўжо ў нас няма памкненняў да аўтакефаліі?

«Калі б Лукашэнка ўсвядоміў, што аўтакефальная беларуская царква патрэбная то… а пакуль ён ці то баіцца, ці то не разумее гэтага. А калі б усвядоміў – працэс бы пайшоў. А архіепіскап беларускай аўтакефальнай царквы Святаслаў – гэта мой выхаванец, я яго вельмі добра ведаю і наведваў не раз у ЗША. Бо цяпер яны практычна ў падполлі ў Беларусі», – кажа Епіскап Вышагародскі і Падольскі Уладзімір (Украінская Аўтакефальная Царква).

Магчыма вельмі добра разумее, якой была б рэакцыя Масквы. Восем год таму, калі Лукашэнка сустрэўся з Канстантынопальскім патрыярхам, расейскія медыі і царкоўныя дзеячы абураліся, маўляў – просяць аўтакефаліі! Менск чуткі зняпраўдзіў і ад таго часу тэму не ўздымалі. Паводле беларускай аўтакефальнай царквы, РПЦ ніколі не дазволіць на царкоўную незалежнасць Менску.

«Яна ігнаруе, як дзяржаву, так і вернікаў беларускіх. Мы бачым, што беларускім экзархатам – ніколі не правіў беларус, няма нават беларуса ў сінодзе РПЦ. Таксама знявага дзяржавы, калі яны прызначаюць свайго экзарха – няма нават простага паведамлення, ці ўзгаднення», – тлумачыць Архіяпіскап Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Святаслаў.

Беларуская Аўтакефальная царква не прызнаная ні адною памеснаю праваслаўнаю царквою у свеце. Яна мае ўсяго некалькі прыходаў і толькі адзін – у Беларусі. Нядаўняе рашэнне Усяленскага патрыярху стварае пэўны прававы казус для ўсёй беларускае царквы.

«Да таго, як беларускі экзархат увайшоў у Маскоўскі патрыярхат – ён падпарадкоўваўся Кіеўскаму патрыярхату. А Кіеўскі патрыярхат цяпер уваходзіць у Канстантынопальскі – усяленскі патрыярхат. То бок гэта страшна заблытаная схема і тэарэтычна, што пры змене ўлады – гэтае пытанне ўстала б востра, як ува Украіне», – мяркуе Юлія Нагорнава.

Бо што ўласна адмяніў Усяленскі сінод? У 1686 годзе Усяленскі патрыярх ня мог увесці ў сан будучага мітрапаліта Патрыярха Гідэона. І надаў саборную грамату з такім правам тагачаснаму маскоўскаму патрыярху Іосафу Другому. Але паколькі ў хуткім часе тэрыторыя Украіны адышла Расейскай імперыі, Масква ставілася да Кіева, як да ўласнай тэрыторыі.

«Цяпер мы знаходзімся на тэрыторыі Усяленскага патрыярхату. І цяпер галавой нашай царквы, пакуль у Беларусі няма галавы сваёй царквы, ёсць патрыярх Канстантынопальскі», – адзначае Анатоль Сідарэвіч.

То бок дэ-юрэ РПЦ не мае ніякіх правоў на беларускія епархіі, але пакуль Беларусь не захоча, сілаю ёй аўтакефалію ніхто не дасць. Хаця Канстантынопаль хацеў бы вырашыць пытанні аўтакефаліі цэлага шэрагу меншых цэркваў. Хацелі б іншыя патрыярхаты. Усе, акрамя аднаго

«Агулам, маскоўскі патрыярхат мае поўнае права з ім не пагаджацца, калі не быў праведзены Усяленскі сабор. А ён ня быў праведзены. Хаця меўся быць праведзены ў 2016 годзе – акурат там меліся абмяркоўвацца пытанні аўтакефаліі. Але паколькі Маскоўскі патрыярхат адмовіўся ад удзелу, разам з шэрагам памесных цэркваў, усё засталося ў падвешаным стане», – тлумачыць Юлія Нагорнава.

Што патрэбна для аўтакефаліі? Па-першае палітычная воля, бо царкоўнай улады Масква над Беларуссю ўжо не мае. У праваслаўнай традыцыі – няма ніякага прымусу. Усе прыходы, што пажадаюць застацца, або хутчэй правільней будзе сказаць – вярнуцца да РПЦ – вольныя гэта зрабіць. Прыхільнікі аўтакефаліі ж збіраюць свой сабор дзе мусяць…

«Перш за ўсё выпрацаваць статут! І гэты статут мусіць быць канфірмаваны Усяленскім патрыярхам. Бо статут вырашае – хто будзе кіраўніком царквы: патрыярх, мітрапаліт, ці вярхоўны арцыбіскуп. Якім парадкам выбіраецца», – кажа Сідарэвіч.

Натуральна Масква будзе абурацца, як абураецца і заяўляе аб расколе цяпер. Але, як нагадаў усяленскі сінод, РПЦ… не мае Томаса. Аўтакефалія нашых усходніх суседзяў была самаабвешчанай, калі мітрапаліта Іону ў сярэдзіне 15 стагоддзя абралі без рашэння Канстантынопаля. У выніку беларускай царкве варта слухаць у гэтым пытанні толькі сваіх прыхаджанаў, ды канешне паглядзець на прыклад нашых паўднёвых суседзяў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках