15 сакавiка 2024, Пятніца, 8:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Stern: Танк «Чорная ноч» выступіць супраць пуцінскай «Арматы»

3
Stern: Танк «Чорная ноч» выступіць супраць пуцінскай «Арматы»

Брытанскі танк зможа весці бой уначы.

Расея распрацавала самы сучасны баявы танк у свеце. Т-14 «Арматы» вырабляюцца, насуперак асцярогам заходніх экспэртаў, пакуль не ў занадта вялікіх колькасцях, але да 2020 года расейскія ўзброеныя сілы атрымаюць першыя 100 такіх машын, піша Stern, (пераклад - inosmi.ru).

Захад, у сваю чаргу, працуе над стварэннем уласнага танка, здольнага супрацьстаяць расейскай мадэлі, але пакуль гэты працэс працягваецца, неабходна ўдасканаліць існую ў наяўнасці тэхніку. Тут таксама даводзіцца спяшацца, таму што Расея ўжо даўно рэалізуе шырокую праграму па мадэрнізацыі танкаў Т-90, Т-80 і Т-72.

Брытанскі канцэрн «БАЭ Сістэмз» (BAE Systems) нядаўна прадэманстраваў першы асобнік мадэрнізаванай версіі танка «Чэленджэр 2» (Challenger 2). Яе назвалі кідкім імем «Чорная ноч» (Black Night). Пры гэтым прататып быў выфарбаваны ў матавы чорны колер. У рамках праекта «падаўжэння жыцця» (Life Extension Project, LEP) тэрмін жыцця мадэлі «Чэленджэр 2» быў падоўжаны да 2035 года.

Ангельскі танк Challenger 2

Як і ўсе заходнія баявыя танкі, «Чэленджэр 2» быў распрацаваны яшчэ ў часы халоднай вайны, хоць і адносна позна - першыя асобнікі выпушчаныя ў 1994 годзе. Як і ўсе заходнія танкі тых часоў, «Чэленджэр 2» мае адносна вялікую масу - 62 тоны. І хоць ён вядомы сваёй высокай надзейнасцю, дні гіганта злічаныя. Брытанскі ўрад прыняў пастанову адмовіцца ад хуткай распрацоўкі больш лёгкай мадэлі. Замест гэтага мяркуецца ўдасканаленне парадку 400 танкаў. І «Чорная ноч» з'яўляецца адным з галоўных кандыдатаў на атрыманне адпаведнага заказу.

Сціплыя паляпшэнні

На самай справе гаворка ідзе, аднак, толькі пра даволі ўмераную мадэрнізацыю. Пашыраны былі магчымасці танка па распазнаванні суперніка і барацьбе з ім. Галоўным элементам гэтых захадаў стала палепшаная сістэма начнога бачання. Дзякуючы сваёй здольнасці адначасова манеўраваць і весці бой уначы мадэль, уласна, і атрымала імя «Чорная ноч». Акрамя таго, танк абсталююць актыўнымі сістэмамі абароны, з дапамогай якіх ён зможа збіваць варожыя супрацьтанкавыя ракеты на падлёце. Гэтыя кіраваныя кампутарам сістэмы павінны дапамагчы апазнаваць суперніка, павялічыць дакладнасць навядзення гармат на мэту і трапнасць стральбы. Сваю ролю ў гэтым адыгрывае таксама рэгенератыўная тармазная сістэма вежы, што спажывае менш энэргіі.

У астатнім сур'ёзных змен чакаць не даводзіцца. Так, відавочна, што новы танк будзе мець кампазітную браню «чобхэм», што зарэкамендавала сябе са станоўчага боку падчас розных баявых дзеянняў. Пра тое, ці атрымае танк новую галоўную гармату або новы рухавік, абвешчана не было.

Праблема з галоўнай гарматай «Чэленджара 2»

На першы погляд, галоўны недахоп «Чэленджара 2» - адсутнасць новай гарматы. Яго асноўная зброя - 120-міліметровая гармата 30А1 - уважаецца састарэлай. Між іншым, ёсць сумневы ў тым, што яна здольная прабіць новую лабавую браню расейскіх танкаў.

Галоўны канкурэнт БАЭ - канцэрн «Райнметал» (Rheinmetall). Зрэшты, ён пакуль не прадставіў уласнага прататыпу і ўстрымліваецца ад публікацыі дэталяў сваёй распрацоўкі. Але нямецкая кампанія ўжо дала зразумець, што збіраецца павялічыць баявую моц танка «Чэленджэр 2». У 2016 годзе «Райнметал» на выставе «Еўрасэторы» (Eurosatory) прадставіў гармату калібра 130 мм з даўжынёй ствала 6630 мм. Гэта можна лічыць сур'ёзным паляпшэннем, але ёсць сумненні, што атрымаецца інтэграваць трохтонную гармату ў вежу цяперашняга ўзору.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках