28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мы ўсе ямо тое, што нядаўна папралі!

3
Мы ўсе ямо тое, што нядаўна папралі!

Адзенне з поліэстэру забруджвае мора маленечкімі валокнамі.

Валокны мікрапластыку трапляюць у ваду падчас прання...і вяртаюцца ў харчовы ланцуг.

«Няхай нават у модным папаўненні вашага гардэроба бездань густу, вы наўрад ці ўздумаеце ў даслоўным сэнсе паспрабаваць вопратку «на смак», - заўважае журналіст Daily Mail Дэвід Уілкс.

«Але, пры ўсёй неапетытнасці гэтай здагадкі, вы, магчыма, ужо праглынулі часцінкі свайго адзення - або, што яшчэ агідней, нейкай падобнай рэчы, якую насіў нехта іншы», - прадаўжае аўтар.

Гаворка ідзе пра маленечкія валокны пластыка, якія адрываюцца ад адзення з сінтэтычных матэрыялаў - нейлону, поліэстэру, эластану і акрылавага валакна. «У пральнай машыне гэтыя валокны часта трапляюць у ваду, а разам з ёй - у нашы акіяны, дзе іх ядуць рыбы, крабы, амары, мідыі і іншыя марскія насельнікі, якія затым могуць патрапіць нам на стол», - гаворыцца ў артыкуле.

Газета цытуе даклад Greenpeace ад 2017 года: «Прыкладна 60% адзення сёння ўтрымлівае поліэстэр. Глабальнае спажыванне сінтэтычных валокнаў вырасла катастрафічна: калі ў 2000 годзе сусветная швейная прамысловасць выкарыстоўвала 8,3 млн тон на год, то ў 2016-м - 21,3 млн».

«Мы ямо ўласнае адзенне», - сказаў на заканчэнне ў сваім леташнім дакладзе дабрачынны фонд The Ellen MacArthur Foundation, які змагаецца са смеццем.

«Замест таго, каб згніць, пластык вяртаецца ў харчовы ланцуг у форме маленечкіх, меншых за 5 мм часцінак - так званага «мікрапластыка», - гаворыцца ў артыкуле.

«Другасны мікрапластык» - маленькія часцінкі пластыкавых прадметаў. «Першасны мікрапластык» - напрыклад, мікравалокны ад нашага адзення, якія «паводле некаторых ацэнак, складаюць 35% першаснага мікрапластыка, што трапляе ў акіяны», піша выданне.

The Ellen MacArthur Foundation падлічыў, што кожны год акіяны забруджваюць паўмільёна тон гэтых мікравалокнаў - у 16 разоў больш, чым пластыкавых «мікрашарыкаў» ад касметыкі. Паўмільёна тон - «аналаг больш чым 50 млрд пластыкавых бутэлек», - гаворыцца ў артыкуле. Прычым да 2050 года гэты аб'ём можа павялічыцца да 0,7 млн тон на год.

Сёлета Daily Mail правяла ўласнае даследаванне. «І выявіла мікрапластык ва ўсіх узорах рыбы з 8 буйных сетак супермаркетаў» у Брытаніі, паведамляе аўтар. У Гентскім універсітэце ў Бельгіі падлічылі, што бельгійскі аматар малюскаў можа неспадзявана з'есці да 11 тысяч часцінак мікрапластыку за год.

«Група прафесара Рычарда Томпсана (Плімуцкі ўніверсітэт) выявіла ў 2016 годзе, што траціна рыбы, вылаўленай ля берагоў Брытаніі, была забруджаная пластыкам», - гаворыцца ў артыкуле. На шчасце, кажа Томпсан, пакуль няма довадаў таго, што ўжыванне ў ежу мікрапластыка, які раней з'ела рыба, шкодзіць здароўю чалавека.

І ўсё ж газета заклікае вырабляць якасную, трывалую вопратку, бяспечную для прыроды.

«Італійская нацыянальная даследчая рада рэзюмуе, што колькасць мікравалокнаў пластыка, якія адрываюцца пры мыцці, можна знізіць амаль на траціну, выкарыстоўваючы змякчальныя сродкі для тканін, якія зніжаюць узаемнае трэнне валокнаў. Але Greenpeace перасцерагае, што ў выніку ў ваду трапляюць шкодныя хімікаты», - гаворыцца ў артыкуле.

Пераклад: Інапрэса.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках