29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Навумчык прэзэнтаваў кнігу «Дзевяноста трэці» ў родным Віцебску

Сяргей Навумчык прэзэнтаваў кнігу «Дзевяноста трэці» ў родным Віцебску
Фотa: svaboda.org

Падзеі 1993 года былі вызначальнымі і для цяперашняй Беларусі.

Дзяцінства і юнацтва Сяргея Навумчыка, журналіста і аўтара новай кнігі «Бібліятэкі Свабоды», прайшло якраз у Віцебску. Тут ён працаваў у абласной газэце і займаўся грамадзкай дзейнасьцю. Таму знаёмства віцебскіх чытачоў з кнігай «Дзевяноста трэці» аўтар падкрэсьлена называе не прэзэнтацыяй, а сяброўскай сустрэчай з даўнімі і новымі знаёмымі, паведамляе «Радыё Свабода».

Сустрэча ў «Торвальдзе»

Пра сустрэчу зь віцебскімі чытачамі шырока не абвяшчалася, але ў арт-пабе «Торвальд» сабралася шмат старых сяброў Сяргея, якія зналі яго задоўга да пераезду ў Прагу. Гэтым разам у Віцебск Сяргей прыехаў з жонкай Галінай, прыйшла яна і на сустрэчу зь віцяблянамі. Былі і бацькі Сяргея, Ёсіф Адамавіч і Роза Ягораўна — яны заўжды падтрымліваюць сына ў творчасьці і падзяляюць ягоныя погляды.

Сустрэча пачалося з аўтографаў

Сустрэча пачалася нетрадыцыйна: з таго, чым падобныя імпрэзы традыцыйна сканчаюцца — з аўтографаў на новай кнізе, якую аўтар падараваў кожнаму з прысутных. Абдымкі, гарачыя поціскі рук — усё было ў гэты вечар, калі сустракаліся старыя сябры.

Сяргей Навумчык распавёў пра гісторыю стварэньня кнігі — пятага тому хронікі новай беларускай дзяржаўнасьці канца ХХ стагодзьдзя. Папярэднія кнігі цыклю — «Дзевяноста першы», «Дзевяноста чацьверты», «Дзевяноста пяты» і «Дзевяноста другі» — таксама былі прадстаўленыя віцебскім чытачам. Аўтар падкрэсьліў, што ўсе яны выйшлі ў «Бібліятэцы Свабоды» і іх можна спампаваць, калі хто ня мае друкаванага асобніка.

Паводле Сяргея Навумчыка, у кнізе апісваецца барацьба ў парлямэнце за і супраць вайсковых саюзаў, вакол энэргетычнай незалежнасьці і ўвядзеньня прэзыдэнцтва, гаворыцца пра здабыткі і паразы нацыянальнага адраджэньня і дэмакратыі, пра галоўных дзейных асобаў і драматычныя наступствы іх выбару для свабоды. Аўтар, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі (1990–1995), быў непасрэдным удзельнікам гэтых падзей.

Маці Сяргея Навумчыка Роза Рыгораўна

Спадар Навумчык падкрэсьліў, што менавіта ў 1993 годзе прагучала «векапомная» фраза Аляксандра Лукашэнкі: «Я гатовы на каленях паўзьці ў Расею». Гэтыя словы сталі практычна дзяржаўным курсам на некалькі наступных гадоў, і такі вэктар міжнародных стасункаў у значнай ступені захоўваецца і да сёньня.

Гаворачы пра наўмысную русыфікацыю Беларусі і наступ «русского мира», Сяргей Навумчык згадаў, што некалькі старонак кнігі прысьвечаныя віцебскім падзеям. У прыватнасьці, антынацыянальнай пазыцыі гарадзкой газэты «Віцьбічы», якая друкавала матэрыялы, дзе зьневажалася беларуская мова, літаратура, нацыянальная ідэнтычнасьць.

Удзельнікі сустрэчы. У цэнтры — Ёсіф Адамавіч Навумчык

Аўтар мяркуе, што і зададзены ў 1993-м курс «паўзьці ў Расею», і некаторыя іншыя палітычныя і грамадзкія падзеі таго часу былі вызначальнымі і для цяперашняй Беларусі.

Віцебскім чытачам Сяргей Навумчык прызнаўся, што мае пляны напісаць сама меней яшчэ дзьве кнігі з гэтага цыклю — пра 1990 і 1996 гады.

Напрыканцы сустрэчы ў яго спыталіся, ці лічыць ён пачатак 90-х, і 1993 год у прыватнасьці, шчасьлівымі гадамі, бо гэта было станаўленьне беларускай дзяржаўнасьці. Тут аўтар прыгадаў эпіграф да кнігі «Дзевяноста трэці» — цытату з практычна аднайменнага раману Віктора Гюго «Дзевяноста трэці год»: «Усё было страшна, але ніхто ня ведаў страху». Сяргей Навумчык удакладніў, крыху перафразаваўшы гэтыя словы, што было цяжка, але было й цікава. Такой і павінна быць гісторыя, вартая ўвасабленьня ў кнігах.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках