2 траўня 2024, Чацвер, 12:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Перад прыездам Лукашэнкі ў Гародні пыласосілі траву

21
Перад прыездам Лукашэнкі ў Гародні пыласосілі траву

Хаос прызямліўся ў Гародні.

Да прыезду Лукашэнкі плітку ў некаторых месцах паліравалі зубнымі шчоткамі, а асфальт мылі ўручную мыйнымі сродкамі. У аздараўленчым комплексе «Пышкі», які наведаў Лукашэнка, напярэдадні пыласосілі нават газон, кажуць мясцовыя!

Як паведамляе «Белсат», сотні, калі не тысячы людзей рыхтавалі Гародню да прыезду Лукашэнкі. Такой колькасці дворнікаў у горадзе яшчэ не бачылі, адзначаюць мясцовыя жыхары. З абочыны прыбіралі пыл і лісце, ураўноўвалі пясок, мянялі дарожныя знакі і ліхтары, а дзе-нідзе нават заварвалі люкі. Гаўбцы і фасады дамоў, якія выглядалі хоць крышачку нядбайна, экстранна прыводзілі ў належны стан. Зафарбавалі нават прыгожы мурал крумкача. На даўно закрытай будпляцоўцы студэнцкага інтэрната раптам з'явілася будаўнічая тэхніка. Сядзелі круком і над састарэлымі дамамі, даўно прызначанымі пад знос - у іх нават замянілі вокны, хоць раней грошай на рамонт «не было».

Праўда, новае жыццё дамы атрымалі толькі звонку. Унутры будынкі так і засталіся аварыйнымі. Чаго не скажаш пра Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт. Уваход туды сёння быў толькі па спісах і пашпартах і пасля ўважлівага надгляду. Для Лукашэнкі спецыяльна падрыхтавалі дывановую дарожку, а аўдыторыі «ўпрыгожылі» сімвалічнай расцяжкай «Разам - за моцную і квітнеючую Беларусь». Напярэдадні студэнтам, якія сустракаліся з Лукашэнкам, далі спіс дазволеных пытанняў і загадалі ўзгадніць адзенне, у якім яны будуць на сустрэчы.

Пасля прызямлення Лукашэнкі горад перайшоў у рэжым сапраўднага надзвычайнага становішча. На дахах дамоў - людзі ў цывільным, на кожным перакрыжаванні - па супрацоўніку ДАІ, каля пераходаў - некалькі чалавек з заплечнікамі і рацыямі. Усе паркінгі ўздоўж шляху картэжу пустыя: аўтамабілі эвакуявалі нават супраць волі ўласнікаў. Былі праблемы і з грамадскім транспартам - большасць дарог перакрылі. Людзі спазняліся на вучобу і працу, а некаторыя баяліся выйсці з дому.

Страху чыноўнікам дадавала і тое, што Гародня - адзін з самых нялюбых Лукашэнкам гарадоў. За ўсю гісторыю свайго прэзідэнцтва ён быў тут толькі тройчы. Кажуць, што прычына няміласці - у выніках першых выбараў. Менавіта на Гарадзеншчыне Лукашэнка атрымаў найменшы адсотак галасоў. З тых часоў многія ўважаюць горад за апазіцыйны і празаходні.

І як жа пры такіх звышнамаганнях мясцовых чыноўнікаў дыктатару ацэніць «рэальнае становішча рэчаў» у краіне? Ці, можа, татальная паказуха, страх і схаваная пад ім галеча - гэта і ёсць рэальны стан сённяшняй Беларусі?

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках