29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цвярдыня Вітаўта

1
Цвярдыня Вітаўта

Як мацаваліся паўднёвыя межы ВКЛ.

Валынскія князі імкнуліся ўвабраць Літву, пра што сведчылі паходы дружын Галіцка-Валынскай Русі на Наваградчыну. Але і ліцвінскія ўладары не трацілі надзеі ўмацавацца на Валыні. Луцкі замак і з'явіўся ва Усходняй Валыні як апорны пункт князя Любарта, які быў пасланы сюды на княжанне Гедымінам у 1316 годзе. У 13-м стагоддзі на месцы рэзідэнцыі Любарта знаходзіўся драўляны дзяцінец, выбудаваны ў зручным для абароны месцы каля злучэння рэк Малога Глушца і Стыры, піша litvin.pl.

Любарт жвава ўзяўся ўмацоўваць сваю сядзібу. Была павялічаная плошча будынкаў. Пачалася і замена драўляных сцен на каменныя. Гэтая праца была нялёгкай і дарагой, але ўлада над Валынню была вартая ўкладанняў у мясцовую фартыфікацыю.

Пад 1366 год у Луцкам замку выбудавалі уязную вежу 22 мэтры вышынёй. Да яе быў прыбудаваны палац і абарончы мур з зубцамі. Праз 20 гадоў будаўнікі паставілі яшчэ адзін паверх гэтай вежы. Таксама з'явілася другая Стыравая вежа, павялічылася працягласць каменных муроў замка.

Але галоўныя пераўтварэнні замак чакалі падчас уладарання Вітаўта Вялікага. За ім Луцкі замак ператвараецца ў сапраўдную паўднёвую сталіцу Вялікага княства Літоўскага. У замку будуюць у 1390-я гады новую Уладычыю вежу 16 м вышынёй, завяршаецца апярэзвальны замкавы мур.

Менавіта ў Луцкам замку праходзілі найважнейшыя дзяржаўныя цырымоніі ў княжанне Вітаўта. Тут у 1429 годзе збіраліся прадстаўнікі шмат якіх еўрапейскіх манархій, якія абмяркоўвалі пытанне пра каранацыю вялікага літоўскага князя ў сувязі з узвядзеннем яго ў каралеўскі статус.

Да самага скону жыў у замку і князь Свідрыгайла (памёр у 1452 годзе). Ён таксама ўнёс свой уклад у развіццё замка, пабудаваўшы Стыравую вежу 20 м вышынёй. За Вітаўтам і Свідрыгайлам на мурах уладкоўваюцца пазіцыі для размяшчэння гармат і дробнай агнястрэльнай зброі, якая атрымала ўсё большае распаўсюджванне ў 15-м стагоддзі.

У неспакойным 15-м стагоддзі Луцкі замак зазнаваў аблогі, але яго муры вытрымлівалі ўсялякі прыступ. У 1431 годзе яго спрабавалі ўзяць польскія войскі, якія змагаліся за кандыдата на пасад Вялікага княства Літоўскага Жыгімонта Кейстутавіча. Ён спрабаваў перамагчы ў барацьбе за ўладу Свідрыгайлу. Аблога доўжылася амаль палову месяца, але палякі так і не здолелі авалодаць фатрэцыяй.

Пад 17-е стагоддзе сфармаваўся архітэктурны ансамбль Луцкага замка. Тут знаходзіўся мураваны княжы палац. Побач з ім былі выбудаваныя будынкі для вяльможаў. Акрамя таго размяшчаліся ў замку турма, артылерыйскі падворак, дом для біскупа і базіліка, лазня, пагост.

Пажары сталі пагражаць замку, калі ён стаў парахнець. Пад 18-е стагоддзе тут не было ўжо таго вірлівага жыцця, як за князем Вітаўтам. Самы вялікі пажар залічваюць да 1781 года, але тады аднаўленнем замка заняўся стараста Юзэф Клеменс Чартарыйскі, і шмат якія наступствы пажару былі зліквідаваныя. У гэты час з'явіўся мост з каменя з аркай.

Моцныя пажары працягваліся і ў стагоддзі 19-м, калі былая цытадэль Вітаўта апынулася на тэрыторыі Расейскай імперыі. У гэты час замак ужо не меў ні гарнізона, ні ўплывовых уладароў. Мясцовыя сяляне публічна прыязджалі сюды на сваіх фурманках, як у каменяломні. Білі камень, крышылі муры, запасячы будаўнічы матэрыял для сваіх двароў. Пасля паўстання 1863 года расейскія ўлады наважылі пакончыць з замкам, каб нішто не нагадвала аб былой велічы Вялікага княства Літоўскага. Быў аддадзены загад зраўняць з зямлёй усе вежы і муры. Але выканаць загад царскіх чыноўнікаў выявілася справай няпростай. Занадта ўжо трывалымі, пастаўленымі на стагоддзі выявіліся замкавыя збудаванні. І Луцкі замак выстаяў перад гэтай пагрозай разбурэння, разбор будынкаў скасавалі ў канцы 1870-х гадоў.

У канцы 19-га стагоддзя замак нават сталі рэстаўраваць. Тады былі закладзеныя каменем прабоіны ў мурах, выбітыя раней мясцовымі сялянамі.

З надыходам 20-га стагоддзя пачаліся вайны. Але першая сусветная вайна не прычыніла асаблівых разбурэнняў некалі велічнай цвярдыні літвінскіх князёў. Тэрыторыя Валыні ўвайшла ў склад Рэчы Паспалітай. Польскія ўлады рэканструявалі вежы і муры з 1921 года. Былі ўзмоцненыя канструкцыі Уязной і Уладычай вежаў. Напярэдадні другой сусветнай вайны работы спынілі.

За савецкай уладай Луцкі замак атрымаў статус ўсесаюзнага помніка архітэктуры. Да 1985 гады адноўленыя міжпаверхавыя перакрыцці, пабудаваныя драўляныя галерэі на мурах. Замак увайшоў у склад гістарычна-культурнага запаведніка «Стары Луцк».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках