28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Замкнёнае кола зняволенага Святаслава Барановіча

10
Замкнёнае кола зняволенага Святаслава Барановіча
СВЯТАСЛАЎ БАРАНОВІЧ

Герой «Плошчы-2010» адбывае пакаранне за тое, што даў адпор міліцэйскаму бязмежжу.

У мінулую пятніцу на тэрыторыі папраўчай калоніі №1 у Наваполацку пачаўся новы суд над Святаславам Барановічам, асуджаным за ўжыванне гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі. У судзе вырашаецца пытанне аб змене рэжыму ўтрымання для Барановіча на больш жорсткі. Пасля суда праваабаронцы «Вясны» звязаліся з сястрой Святаслава Наталляй і пагутарылі з ёй пра шматлікія дысцыплінарныя спагнанні і жорсткія ўмовы ўтрымання - пра ўсё тое, што адбывалася з яе братам з моманту паступлення ў калонію.

Пра тое, што Святаслава Барановіча трэцяга чэрвеня прывезлі адбываць пакаранне ў выпраўленчую калонію №1, яго сястра Наталля даведалася амаль адразу ад начальніка калоніі. Аднак на працягу наступных паўтара месяцаў ад яго не было ніякіх звестак - ні лістоў, ні тэлефонных званкоў. Таму Наталля наважыла звярнуцца ў Дэпартамент выканання пакаранняў (ДВП).

СВЯТАСЛАЎ БАРАНОВІЧ У СУДЗЕ
ФОТА: TUT.BY

13 ліпеня яна прынесла туды заяву на імя начальніка, у якой прасіла паведаміць ёй пра месцазнаходжанне свайго брата, яго стан здароўя і пра прычыну, па якой ён пазбаўлены сувязі з сям'ёй. Але яе заяву проста не прынялі.

«Ну можа ён не хоча з вамі мець зносіны» - вось што мне адказалі ў дэпартаменце», - распавядае Наталля.

Першае і адзінае пісьмо ад брата Наталля атрымала 21 ліпеня, і больш вестак ад яго не прыходзіла. У пачатку жніўня яна адправіла Святаславу пасылку, але яна вярнулася назад. Тады сваякі патэлефанавалі начальніку калоніі, а той паведаміў, што «Святаслаў знаходзіцца ў карцэры і што да 19 верасня ён пазбаўлены усялякіх пасылак».

У пачатку верасня сваякі зноў тэлефанавалі начальніку калоніі, каб даведацца пра лёс Святаслава. Ім адказалі, што ў верасні Барановіча на тры месяцы змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Выйдзе ён адтуль не раней за снежань, і таму не мае сэнсу яму нешта дасылаць. Пры гэтым начальнік дадаў, што той быццам бы сам вінаваты, таму што «не мыецца, не голіцца, не ўтрымлівае сябе ў належным санітарным стане, а таксама адмаўляецца рабіць уборку і выконваць правілы ўнутранага распарадку».

Пра тое, што Святаславу пагражае суд па змене рэжыму на больш жорсткі, яго сястра даведалася, калі пятага кастрычніка той запатрабаваў адваката.

12 кастрычніка адбылося першае судовае пасяджэнне. Адвакат хадайнічала аб пераносе пасяджэння ў звычайны суд, каб на ім маглі прысутнічаць сваякі, але суддзя адхіліла гэтае хадайніцтва, спаслаўшыся на тое, што суд на тэрыторыі калоніі лічыцца адкрытым. У выніку ён праходзіў у калоніі.

На пасяджэнні Баранавічаў заявіў, што з дапамогай адваката будзе абскарджваць накладзеныя на яго дысцыплінарныя спагнанні, якія і сталі падставамі для накіравання яго ў турму. Таму судовае слуханне адкладзенае, пакуль будуць праходзіць абскарджванні спагнанняў.

Пасля гэтага суда сястра Барановіча атрымала ад адваката больш падрабязную інфармацыю пра тое, што адбывалася са Святаславам апошнія чатыры месяцы.

ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Так, сёмага чэрвеня, усяго праз чатыры дні пасля прыбыцця ў калонію, Барановіча паставілі на прафілактычны ўлік як «асобу, схільную да захопу закладнікаў і хуліганскіх праяў». На чым заснаваны такая выснова - незразумела, бо, напрыклад, у СІЗА Барановіч атрымаў даволі станоўчую характарыстыку, «як чалавек марудлівы, са спакойным характарам». І даслоўна праз некалькі гадзін пасля пастаноўкі на ўлік Барановіч атрымлівае свае першыя дзесяць дзён ШІЗА - за тое, што не паспеў прышыць спецыяльную бірку, якая паказвае, што ён стаіць на гэтым самым уліку.

Але праз дзесяць дзён з ШІЗА ён не выходзіць, а выходзіць толькі праз 40. Бо ўжо ў самым штрафным ізалятары атрымлівае яшчэ тры спагнанні: за тое, што быццам не пагаліўся, спаў удзень і за непрыбранае памяшканне.

18 ліпеня ён вяртаецца назад у атрад, але ўжо 30-га зноў трапляе ў штрафны ізалятар - праз «неадпаведнасць вопісу асабістых рэчаў». Восьмага верасня Барановіча на тры месяцы змяшчаюць у памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

З таго моманту ён увесь час знаходзіцца альбо ў ПКТ, альбо ў ШІЗА. Там ён амаль не выходзіць на прагулкі, не мае пасцельнай бялізны, яму забаронена рабіць пакупкі, пісаць і атрымліваць лісты і пасылкі. Акрамя таго, Барановіч кажа пра недастатковае сілкаванне: порцыі ежы ў ШІЗА, з ягоных слоў, меншыя чым у атрадзе.

Таксама вядома, што Святаслаў Барановіч пастаўлены на прафілактычны ўлік як «асоба, схільная да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці», і як «злосны парушальнік рэжыму, які адмоўна ўплывае на іншых зняволеных». Пры гэтым іншых зняволеных у агульным і цэлым ён бачыў толькі два тыдні. Менавіта столькі часу ён паспеў пабываць у атрадзе за чатыры з паловай месяцы свайго знаходжання ў калоніі. А ўвесь астатні час, у ШІЗА і ў ПКТ, ён амаль заўсёды знаходзіцца адзін.

Цяпер сястра Святаслава Барановіча падрыхтавала новы зварот у Дэпартамент выканання пакаранняў з просьбай паспрыяць спыненню прадузятага стаўлення да яе брата. А ў хуткім часе павінны адбыцца суды па абскарджанні накладзеных на Барановіча дысцыплінарных спагнанняў.

15 сакавіка 2017 года, калі ў Менску праходзіў «Марш недармаедаў», была спроба супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным затрымаць частку мітынгоўцаў падчас іх пасадкі ў тралейбус. Пачалася бойка. Пазней следства, прагледзеўшы відэазапісы бойкі, усталявала, што менавіта Святаслаў Барановіч некалькі разоў ударыў міліцыянта па галаве на прыпынку тралейбуса каля плошчы Бангалор.

Барановіч быў затрыманы ў пачатку кастрычніка і змешчаны пад варту ў СІЗА №1 Менска. Яму было выстаўленае абвінавачванне ва ўжыванні гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 Крымінальнага кодэкса). 15 лютага 2018 гадоў у судзе Маскоўскага раёна Менска пачаўся судовы працэс па гэтай крымінальнай справе. Падчас працэсу Барановіч прызнаў сваю віну.

Пракурор Сергіенка запрасіла для актывіста чатыры гады зняволення. Яго чыстасардэчнае прызнанне яна назвала змякчальнай акалічнасцю, а ранейшую судзімасць за Плошчу-2010 - абцяжарваючай. 12 сакавіка Барановіча асудзілі на 3 гады пазбаўлення волі. Ён абскардзіў прысуд, але калегія Мінгарсуда пакінула скаргу без задавальнення.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках