20 красавiка 2024, Субота, 4:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Царкоўныя ўлады незалюбілі бацюшку-бунтара яшчэ з 2006 года

5
Царкоўныя ўлады незалюбілі бацюшку-бунтара яшчэ з 2006 года
АЛЯКСАНДР ШРАМКО

Дыяцэзія апублікавала дакументы.

Менская епархія БПЦ апублікавала вялікі тэкст - выпіску з пратакола пасяджэння Епархіяльнай рады аб публіцыстычнай дзейнасці іерэя Аляксандра Шрамко, піша nn.by.

Іерэя Шрамко на год адхілілі ад служэння, як мяркуе грамадскасць, за вострую крытыку абставінаў знаходжання ў Менску патрыярха Кірыла і дзеянняў ягонай аховы.

Мабыць, каб паказаць, што паведамленне пра патрыярха не стала прычынай пакарання, а толькі апошняй кропляй, дыяцэзія і апублікавала гэтыя дакументы.

У іх ідзе гаворка пра тое, што асоба айца Аляксандра абмяркоўвалася на пасяджэнні Епархіяльнай рады яшчэ за мітрапалітам Філарэтам.

У 2006-м іерэя «заклікалі спыніць сваю публіцыстычную дзейнасць як у пазацаркоўных, так і ў царкоўных СМІ, закрыць свой сайт і засяродзіцца на пастырскім служэнні», у адваротным выпадку - «ён будзе выдадзены царкоўнаму суду».

«Нягледзячы на тое, што на пратаколе стаіць уласнаручны подпіс іерэя Аляксандра Шрамко аб азнаямленні з рэзалюцыяй, патрабаванні Епархіяльнай рады ад 15.09.2006 года ён не выканаў і ў лютым 2007 года аднавіў сваю правакацыйную публіцыстычную дзейнасць», - паведамляе сайт дыяцэзіі.

Маўляў, яшчэ мітрапаліт Філарэт адхіліў яго ад служэння амаль на два гады - да пачатку 2009-га.

Пасля Шрамко прынёс пакаянне.

Далей апісваюцца складаныя стасункі паміж Шрамко і мітрапалітам Паўлам, якія, у выніку, выліліся ў тлумачальную, у якой Шрамко абяцаў «у далейшым устрымлівацца ад размяшчэння ў публічным доступе (сваіх) меркаванняў і артыкулаў, а таксама не даваць інтэрв'ю...без дабраслаўлення»

У выніку, маўляў, шматлікіх парушэнняў такога абяцання ў царкве трываць не сталі.

Мы папрасілі Аляксандра Шрамко пракаментаваць выкладзеныя факты.

Перш за ўсё, ён не згодны з вызначэннем «правакацыйнасці» сваіх паведамленняў: «Гэта выключна іх ацэнкі», - кажа ён.

Пры гэтым святар пагаджаецца, што парушыў абяцанне не пісаць нічога без блаславення мітрапаліта.

«Гэта я парушыў, сапраўды. Але калі на мяне пачалі ціснуць, маўляў, давай тое падпішаш, давай тое... Калі ты ўжо падпісаў нешта адно, то, здаецца, чаму трэба падпісаць яшчэ штосьці? Раз ужо і так заплямлены, як той казаў. Таму я і падпісваў. Але калі я ўбачыў, што царква ідзе не тым шляхам, што людзі абураюцца.... Я вызначыў, што настаў час усё ж аднавіць публіцыстычную дзейнасць», - тлумачыць Шрамко.

Але ці не здаецца яму, што пасля такой крытыкі ў ягоны адрас з боку дыяцэзіі, дарогі назад можа не быць?

«Вядома, можа і не быць. Я ж не разлічваю на зваротны шлях, інакш мы б не размаўлялі. Толькі калі я заціхну і буду сядзець, адмоўлюся ад усяго, усё выдалю, а потым прыйду да іх і ўпаду на калені...а потым мяне яшчэ, як ката, некалькі разоў носам ткнуць... А потым яшчэ і паставяць такія ўмовы, што да канца жыцця буду іх выконваць. Сэнс ёсць у гэтым? Два гады адхілення за Філарэтам я неяк перажыў. Бо тады я хацеў вярнуцца, я сапраўды стрымліваўся, пісаў пад псеўданімамі. А цяпер... Я прайшоў ужо праз пакаянне і разумею, што, з улікам маёй біяграфіі, на гэты раз будзе больш жорстка. А я немалады чалавек ужо, што я тут буду...», - падсумаваў Шрамко.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках