25 красавiка 2024, Чацвер, 13:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Чыноўнікі, адказныя за беззаконне ў Курапатах, пойдуць пад суд

14
Зміцер Бандарэнка: Чыноўнікі, адказныя за беззаконне ў Курапатах, пойдуць пад суд

А тыя, хто выходзіць на абарону мемарыяла, заслугоўваюць найвышэйшых дзяржаўных узнагарод.

Ва ўрочышчы Курапаты зноў прыехалі бульдозеры: траншэі гэтым разам пракладваюцца проста ў «сэрца» народнага мемарыяла.

Чаму ва ўладаў паўстала неабходнасць рабіць гэта цяпер, і як супрацьстаяць чарговаму наступу на нацыянальную памяць беларусаў?

Сайт Charter97.org пагаварыў з каардынатарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітром Бандарэнкам.

- Вы былі адным з арганізатараў і актыўным удзельнікам першай абароны Курапатаў у 2001-2002 годзе. Як вы ацэньваеце сённяшнюю сітуацыю?

- Чыніцца злачынства. Лукашысты атрымалі загад з Крамля - зламаць душу беларускага народа. А Курапаты з'яўляюцца для ўсіх нармальных беларусаў сімвалам трагедыі Беларусі ў 20-м стагоддзі. І тое, што цяпер адбываецца - гэта акурат спроба прыхільнікаў «расейскага свету» зламаць дух беларусаў у супраціве.

У 2001 годзе, падчас першай вахты ў абарону Курапатаў, мы змагаліся за кожны сантыметр і не дазволілі тады уладам здзекавацца з урочышча. Улады вымушаныя былі саступіць пратэсту беларусаў, і дарога ў гэтым месцы была пабудаваная больш вузкая.

А сёння экскаватары абсалютна нахабным чынам гойсаюць па Курапатах - у месцы, дзе не павінна быць ніякіх работ, акрамя археалагічных. А бульдозер зусім не з'яўляецца інструментам археолагаў.

Для мяне ўсё гэта - яшчэ і асабістая абраза, бо ў свой час я, як і іншыя абаронцы Курапатаў, быў жорстка збіты, спіна была даслоўна чорнай ад міліцэйскіх дубінак. Але мы тады змаглі спыніць гэтую «хеўру».

- Навошта ўладам спатрэбілася рабіць гэта менавіта цяпер?

- Я пра гэта акурат і казаў: наступ на Курапаты - гэта адзін з апошніх загадаў Крамля. Відаць, што пуцінская Расея рыхтуецца да новай агрэсіі, найперш, у дачыненні да Беларусі.

- Атрымліваецца, мы бачым першы этап інфармацыйнай агрэсіі РФ супраць беларусаў?

- Тут мае месца не толькі інфармацыйная агрэсія. Знішчаюцца і апаганьваюцца сімвалы цэлага народа. Паводле беларускіх законаў - гэта крымінальнае злачынства.

Хачу папярэдзіць усіх чыноўнікаў, адказных за бясчынствы ў Курапатах, каб яны потым не прыкрываліся, што выконвалі нейкі «загад»: за новай уладай вы ўсе пойдзеце пад суд. А цынізм чыноўнікаў з Міністэрства культуры не ведае межаў. На пытанне журналіста аб бульдозерах у Курапатах яны цынічна спаслаліся на Зянона Пазьняка: маўляў, у гэтым месцы наогул «няма магіл». Людзі разумеюць, што яны робяць бясчынствы і шукаюць нейкія «апраўданні», спасылаючыся на чалавека, які адкрыў гэтае месца. Але мы ведаем, што Зянон Станіслававіч - катэгарычна супраць таго, што там цяпер адбываецца.

- Бульдозеры ў цэнтры Курапатаў - як такое наогул стала магчымым?

- Па-першае - таму што Лукашэнка ва ўладзе.

Па-другое - бо міністр унутраных спраў Беларусі на святы адзявае форму НКВД. А значыць - цалкам падтрымлівае расстрэлы супрацоўнікамі НКУС беларусаў і грамадзян суседніх краін у Курапатах.

Магчыма так сталася яшчэ і таму, што ўдалося падзяліць апазіцыю. Падчас першай вахты мы дамагліся вынікаў, бо ўсе былі разам. Пад міліцэйскія дубінкі падстаўлялі галовы прадстаўнікі розных партый і рухаў - найперш моладзь.

«Канцэрт масавай баязлівасці» 25 сакавіка гэтага году падштурхнуў улады да таго, што можна рабіць усё што хочаш. У апазіцыі з'явілася група аматараў «дамоўных гулбняў» з уладай, якія мяркуюць, што трэба было адмовіцца ад дэманстрацыі ў вялікі стогадовы юбілей беларускай незалежнасці, бо інакш улады не дазволяць памятную шыльду павесіць.

Ну і дзе гэтая шыльда? Цяпер мы бачым, што нейкія напаўпрадстаўнікі апазіцыі плачуцца: маўляў, былі дамоўленасці, але ўлады іх парушылі. Дык навошта яны ішлі на гэтыя дамоўленасці без агульнай пазіцыі?

І дзе сёння гэтыя тысячы аматараў патанчыць? За Курапаты, супраць «рэстарацыі на касцях» б'ецца невялікая група неабыякавых людзей - найперш, актывістаў «Еўрапейскай Беларусі».

- Першая вахта ў Курапатах скончылася перамогай над планамі ўладаў. Як актыўны ўдзельнік тых падзей - што б вы хацелі сказаць сённяшнім абаронцам ўрочышча?

- Тыя, хто выходзіў і выходзіць апошнім часам на абарону Курапатаў - гэта сапраўдныя беларускія героі, яны заслугоўваюць найвышэйшых дзяржаўных узнагарод. І калі-небудзь яны іх атрымаюць. Гэтыя людзі даслоўна рызыкуюць сваімі жыццямі: на іх наязджаюць аўтамабілі, іх збівае падонне, якое прыехала пажэрці і павесяліцца ў гэтай установе.

Абаронцы Курапат заслугоўваюць найвышэйшай хвалы. Гэта людзі гонару, людзі мужнасці.

Але сёння трэба ўсім, усёй апазіцыі, арганізоўваць пратэсты менавіта ў Курапатах. Таму што тое, што адбылося - гэта проста за гранню. Яшчэ раз хачу сказаць: мы біліся за кожны сантыметр. А цяпер па душы беларускага народа праехаліся экскаватары. А заўтра, калі не будзе ніякай рэакцыі, па беларускай зямлі могуць паехаць танкі.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках