25 красавiка 2024, Чацвер, 11:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кожны трэці рубель пратэрмінаванай «крэдыторкі» - на сумленні аграрыяў

5
Кожны трэці рубель пратэрмінаванай «крэдыторкі» - на сумленні аграрыяў

Сёння сельская гаспадарка ўваходзіць у лік асноўных вінаватых росту дрэнных запазычанасцяў.

Бізнэс-саюзы абураныя тым, што ўказ №399 «Аб фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый» прыняты без ўзгаднення з дзелавой грамадскасцю. Чаму так адбылося, будуць разбірацца на пасяджэнні Рады ў развіцці прадпрымальніцтва.

«Гэта вельмі балючая тэма для прыватнага бізнэсу. Будзем дамагацца таго, каб кіраўнік Рады ў развіцці прадпрымальніцтва Аляксандр Турчын пракаментаваў прыняцце ўказа. На чарговым пасяджэнні рады 26 кастрычніка абавязкова паставім гэтае пытанне», - заявіў карэспандэнту «БР» чалец рады, кіраўнік Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (РСПП) Аляксандр Швец.

Экспэрт абураны тым, піша belmarket.by, што такі значны дакумент не прайшоў працэдуры абмеркавання і ўзгаднення з дзелавой грамадскасцю. Не была праведзеная і ацэнка рэгулятарнага ўздзеяння (прынамсі, бізнэс-саюзы з ёй не знаёмыя). Рада спіць і не даносіць да прэзідэнта нязгоду бізнэсу з тым, што аздараўляць сяло прапанавана, фактычна, за грошы прыватных прадпрыемстваў. Указ №399 ідзе насуперак з інтарэсамі добрасумленных крэдытораў - пастаўшчыкоў тавараў і паслуг, бо не дазваляе ім разлічваць на атрыманне прыбытку ў разумныя тэрміны і цалкам.

Заўважым, сёння сельская гаспадарка ўваходзіць у лік асноўных завінавачаных росту дрэнных запазычанасцяў у эканоміцы. Кожны трэці рубель у структуры пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасці - на сумленні аграрыяў. Калі крэдыторская запазычанасць аграсектара, паводле звестак Белстата, складае 16,5% ад сукупнай «крэдыторкі» агулам у эканоміцы, то яе пратэрмінаваная частка - ужо 34,9%.

Са слоў Аляксандра Швеца, найбліжэйшым часам РСПП мае намер арганізаваць круглы стол, каб абмеркаваць сітуацыю ў сельскай гаспадарцы, а таксама выслухаць пазіцыю дзяржорганаў. Напрыклад, на сустрэчу плануюць запрасіць намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Алу Ламакіну, якую дзелавы істэблішмэнт уважае за асноўнага ідэолага ўказа №399. У ліку жаданых гасцей і кіраўніцтва Мінэканомікі, што пазіцыянуе сябе як ліберальная ўстанова, якая бароніць інтарэсы прыватнага бізнэсу.

Нагадаем, згодна з п.1.2 указа №399, рэструктурызацыі падлягае запазычанасць неплатаздольных сельскагаспадарчых арганізацый, якія ўвайшлі ў зацверджаны аблвыканкамамі пералік. На меркаванне мясцовых уладаў можа быць выкарыстана некалькі механізмаў, у тым ліку павелічэнне статутнага фонду гаспадарчага таварыства ў межах утворанай запазычанасці з перадачай акцый крэдытору. Дапускаецца адтэрміноўка выплаты запазычанасці на тры гады з наступнай растэрміноўкай на пяць гадоў або на іншы тэрмін на пагадненне бакоў. Уводзіцца новы інструмент фінансавання ў выглядзе эмісіі аблігацый мясцовымі выканкамамі з наступным продажам банкам, у тым ліку Банку развіцця, для набыцця актываў, якія сфармаваліся на суму запазычанасці ў крэдытных дамовах. Дапускаюцца і іншыя механізмы аздараўлення, у тым ліку поўнае альбо частковае вызваленне калгасаў ад маёмаснага абавязку ў выплаце запазычанасці.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках