«Интерфакс»: Студэнт, які зладзіў выбух у каледжы ў Керчы, скончыў жыццё самагубствам
20- 17.10.2018, 15:28
- 31,362
Падазраваны ва ўчыненні тэракту вучыўся на чацвёртым курсе.
Студэнт, які зладзіў выбух у каледжы ў Керчы, застрэліўся, паведаміў «кіраўнік» акупацыйнай адміністрацыі Крыма Сяргей Аксёнаў, паведамляе «Интерфакс».
«Студэнту гэтага каледжа, 22 гады, вучыўся на чацвёртым курсе ў гэтай жа навучальнай установе», - сказаў ён у эфіры тэлеканала «Россия-24» (ВГТРК).
Аксёнаў дадаў, што сітуацыя ў горадзе знаходзіцца на кантролі.
З ягоных слоў, пакуль немагчыма сказаць, з чым звязаная трагедыя. «Следчыя органы працуюць, цела забойцы знойдзенае ў бібліятэцы на другім паверсе», - паведаміў Аксёнаў.
Як паведамлялася, 18 чалавек загінулі і блізу 50 пацярпелі падчас выбуху ў Керчанскім каледжы самаробнай бомбы, начыненай металічнымі прадметамі. Распачатая крымінальная справа аб тэракце.