29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З марай аб свабодзе: што рабіў будучы лідар Францыі на Гарадзеншчыне ў 1916 годзе

4
З марай аб свабодзе: што рабіў будучы лідар Францыі на Гарадзеншчыне ў 1916 годзе

Невядомыя старонкі беларускай гісторыі Шарля дэ Голя.

Бітва за Вэрдэн атрымала ў гісторыі першай сусветнай вайны назву «мясарубкі». Адным з самых магутных і добра ўмацаваных абарончых пунктаў французаў быў вердэнскі форт Дуамон. Будавалі яго амаль 30 гадоў, стварыўшы цуд фартыфікацыйнай думкі, убраны ў сталь і бетон. Менавіта тут і прыняў свой рашучы бой малады афіцэр французскага войска Шарль дэ Голь, піша сайт litvin.pl.

Увесну 1916 года немцы пачалі рашучую атаку на вердэнскія пазіцыі. Над Дуамонам праляталі хмары набояў цяжкай артылерыі. Гінулі тысячы байцоў па абодва бакі фронту. Смерць у бруднай варонцы чакала і дэ Голя.

КАПІТАН ДЭ ГОЛЬ І ЯГОНЫЯ БАЯВЫЯ ТАВАРЫШЫ

Ён трапіў пад масаваны артабстрэл 2 сакавіка. Потым нямецкія войскі распачалі хімічную атаку, на пазіцыі французаў апусцілася атрутнае воблака. Пяхота кайзера кінулася ў рукапашную. Батальён будучага лідара Францыі быў перабіты ў лічаныя хвіліны. Сам афіцэр дэ Голь ад удару штыком у сцягно страціў прытомнасць.

У вайсковым загадзе французскае камандаванне адзначала гераізм афіцэра. Яму ўдалося пасля абстрэлу і газаў сабраць вакол сябе жменьку храбрацоў і процістаяць нападу ворага, адбіваючыся штыкамі. Камандаванне ўшанавала памяць адважнага камандзіра, які загінуў на пазіцыі ў Дуамоне.

Але Шарль дэ Голь не загінуў. З таго няўдалага для яго бою пачаўся для яго шлях у беларускае мястэчка Шчучын.

ФРАНЦУЗСКАЯ ПЯХОТА НА ПЕРАДАВОЙ У ПЕРШАЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЕ.

Спачатку параненага палоннага немцы пераправілі ў Оснабрук, затым у гарадок Нэйсе. І толькі потым француза адвезлі на Гарадзеншчыну, дзе палонных трымалі ў будынку былой фанернай фабрыкі спадароў Друцкіх-Любецкіх. Цяпер у будынку размяшчаецца цэх завода «Аўтапровад». Шарлю давялося правесці за калючым дротам шчучынскай турмы некалькі пакутлівых месяцаў. Увесь гэты час ён марыў пра ўцёкі.

Немцы не застаўлялі французскіх афіцэраў працаваць. Кармілі рацыёнам 2700 калорый, які належаў і жаўнерам кайзераўскага войска.

Зняволенне ў Шчучыне прадаўжалася для дэ Голя аж да кастрычніка 1916 года, калі яго адправілі ў цытадэль Інгальштадт. Тут яму наканавана было сустрэцца з будучым чырвоным маршалам Тухачэўскім і быць разам з ім у зняволенні.

НЯМЕЦКІ ЖАЎНЕР ПЕРАД ХІМІЧНАЙ АТАКАЙ

Дэ Голь сярод палонных у замку Інгальштаце стаў вядомы пад мянушкай Канэтабль (так яго звалі яшчэ курсантам у Сэн-Сірскай вайсковай вучэльні), а Тухачэўскага называлі Міша або Тука. Часам Тухачэўскі і дэ Голь гулялі ў шахматы, абменьваючыся навінамі пра вайну. Кожны прапрацоўваў план уцёкаў.

Першым адважыўся на ўцёкі з турмы дэ Голь. Але яго неўзабаве злавілі. Шчасце ўсміхнулася Тухачэўскаму. Яму ўдалося дабрацца да мяжы Швэйцарыі і адтуль ужо ў Парыж. Казалі, што Тухачэўскі бег, даўшы нямецкаму каменданту слова гонару не пакідаць наваколляў Інгальштадта і парушыў яго.

Пасля няўдалага уцёку больш у беларускі Шчучын дэ Голь не вяртаўся. Яго вазілі з адной нямецкай турмы ў іншую. Так будучы генерал пабываў у Розенбергу, затым у Пасау, у Вюрцбургу. Нарэшце ў Магдэбургскай цытадэлі ён даведаўся ў лістападзе 1918 года, што Нямеччына пацярпела паразу.

Зрэшты да польска-беларускай мяжы ён яшчэ вярнуўся ў 1919 годзе, калі стаў служыць у вайсковай місіі Францыі. Інструктары французскага войска навучалі жаўнераў маршала Пілсудскага абараняць паўсталую з попелу новую Польшчу. На польскім фронце капітан Шарль дэ Голь быў узнагароджаны ордэнам Ганаровага Легіёна. Сярод узнагарод лідара пасляваеннай Францыі ў 1920 годзе выявіўся і баявы польскі ордэн «Віртуці мілітары».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках