28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

РПЦ разарвала стасункі з Канстанцінопалем

121
РПЦ разарвала стасункі з Канстанцінопалем

Адпаведнае рашэнне прынятае на пасяджэнні сінода РПЦ у Менску.

Сінод Расейскай праваслаўнай царквы прыняў пастанову цалкам разарваць стасункі з Канстанцінопальскім патрыярхатам, паведаміў на брыфінгу пасля заканчэння сінода ў Менску кіраўнік Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату мітрапаліт Іларыён, паведамляе ВВС.

Гэты крок РПЦ стаў адказам на пастанову сінода Канстанцінопальскага патрыярхату даць аўтакефалію (незалежнасць) праваслаўнай царкве, якую ў хуткім будучым плануецца стварыць ва Украіне.

11 кастрычніка Канстанцінопальскі патрыярхат зняў анафему (адлучэнне ад царквы) з кіраўніка Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхата Філарэта і скасаваў дакумент 17 стагоддзя, паводле якога, як уважае РПЦ, у яе юрысдыкцыю былі перададзеныя тэрыторыі цяперашняй Украіны.

Адзначым, сінод Расейскай Праваслаўнай Царквы, арганізаваны цяпер у Менску, з'яўляецца нелегальным, бо быў ануляваны дакумент 17 стагоддзя аб вяршэнстве Масквы над Кіеўскай мітраполіяй (тады ў яе склад уваходзіла тэрыторыя сучаснай Беларусі).

Такім чынам, з пункту гледжання Канстанцінопаля, Менск - гэта ўжо чужая для Масквы тэрыторыя. Раз скасоўваецца Патрыяршая грамата 1686 года аб пераходзе Кіеўскай мітраполіі пад Маскву, то скасаванне тычыцца і Беларусі. Тады, у XVII стагоддзі, Рэч Паспалітая і Кіеўская мітраполія ўключалі ў сябе і беларускую тэрыторыю.

Пасяджэнне сінода падоўжылася больш за шэсць гадзін. Яно праходзіла за зачыненымі дзвярыма, і прэса ўвесь гэты час чакала брыфінгу на вуліцы. Пачынаючы з чатырох гадзін вечара з будынка дыяцэзіі некалькі разоў выходзіў чалавек і аб'яўляў, што брыфінг адкладаецца. «У дзявяты раз кажу: гатоўнасць нумар адзін» - казаў журналістам прадстаўнік епархіі, але брыфінг не пачынаўся.

Нагадаем, у красавіку гэтага года дзве ўкраінскія царквы - аўтакефальная царква і царква Кіеўскага патрыярхату - звярнуліся да Канстанцінопальскага патрыярху Варфаламея з просьбай аб незалежнасці.

Гэтую просьбу падтрымалі сваімі зваротамі прэзідэнт і парламент Украіны.

Чакаецца, што ў новую царкоўную структуру ўвойдуць сябры дзвюх цэркваў, а таксама ахвочыя далучыцца да іх іерархі Маскоўскага патрыярхату - структурнай часткі РПЦ.

Раней Канстантынопаль адправіў на Украіну двух сваіх экзархаў, якія павінны былі рыхтаваць пастанову аб дараванні аўтакефаліі. Пасля гэтага РПЦ абвясціла аб частковым разрыве стасункаў з Канстанцінопалем.

Напісаць каментар 121

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках